Ваеннае дзяцінства Віці Аляшкевіча

Калі я яшчэ была падлеткам, мой тата Віктар падвёў мяне да сцяны хаты і загадаў падняцца па лесвіцы пад самы дах. Я здзівілася, але паслухалася. Калі далезла да самага верху, тата прапанаваў знайсці ў бярвеннях маленькія дзірачкі. Намацаўшы іх пальцамі, спытала: «Што гэта?» — «Гэта ад куль, дачушка», — адказаў тата і распавёў аб трагедыі яго дзяцінства.

6 лютага 1937 года дзяцінства майго таты, якому споўнілася 6 гадоў, скончылася. Хлопчык салодка спаў на цёплай печы, калі ў акно моцна забарабанілі. Татава сястра кінулася ў сенцы, каб адчыніць дзверы няпрошаным гасцям, а матуля пачала запальваць керасінку, што вісела пад столлю. У гэты ж час яго тата Ігнат дрыжачымі рукамі нешта паклаў хлопчыку ў ручку: «Зберажы, сыночак!». Нічога не разумеючы, Віцька сціснуў тое, што паклаў тата, у кулачку і спуджана глядзеў на людзей, якія ўвайшлі ў хату. Гэта былі чатыры чалавекі ў цёмнай ваеннай форме. Нічога не кажучы, яны пачалі ператрус. Калі ў хаце ўсё перавярнулі, пайшлі ў хлеў, пуню, камору. Праз гадзіны тры тату паказалі нейкую паперу і загадалі збірацца. Ён падышоў да жонкі з сястрой і сказаў: «Данос! Вучыцеся жыць без мяне!». Ігната пасадзілі ў чорную машыну, і болей яго ніхто не бачыў.

Реклама

Летам таго ж года хлопчык пачаў працаваць у калгасе пастушком. Каб выжыць пасля арышту гаспадара, у іх вялікай сям'і працавалі ўсе.

Віця Аляшкевіч, 1946 год. Фото з сямейнага архіва Аляшкевічаў

Вайна і гора маленькага Віцькі

Калі Віцьку споўнілася дзесяць гадоў, вёска выдыхнула: «Вайна!». Хутка на вясковай вуліцы з’явілася нямецкая тэхніка, ішлі варожыя салдаты. Людзі заляталі ў двары, хаваліся за хлявамі і кустамі, а фашысты разглядвалі падворкі. Калі ім падабалася хата, туды заходзілі па два-тры чалавекі. Вось і ў двор да Віцькі ўвайшлі тры фашысты. Адзін з іх на ломанай рускай мове загадаў матулі выбірацца з хаты, бо ў ёй будзе жыць сам камендант.

Маці з цёткай і старэйшымі сынамі пачалі хутка выносіць хатнія рэчы ў хлеў. Дапамагаў і Віцька. Праз некаторы час ля двара спынілася бліскучая чорная машына, з якой вылез хударлявы афіцэр. Салдаты выцягліся перад ім, ускінуўшы рукі ў невядомым хлопчыку жэсце.
На другі дзень фашысты сагналі вяскоўцаў на невялікую плошчу ля сельмага, выбралі старасту з тых, каму была не даспадобы савецкая ўлада, а ўсіх маладых мужчын і хлопцаў пачалі запісваць у паліцыю. Хто не згаджаўся — абяцалі прымусова забраць у Германію ці забіць. Два старэйшыя Віцькавы браты па ўзросце падыходзілі да службы ў паліцыі. Але ў Мікалая быў парок сэрца, што яго і выратавала ад павіннасці, а вось Анатоль, высокі і прыгожы хлопец, быў здаровы, таму яго і прымусілі запісацца ў паліцаі.

Калі і як партызаны ўстанавілі сувязь з Анатолем — невядома. Брат пачаў даваць звесткі ў партызанскі атрад аб планах фашыстаў спаліць тую ці іншую вёску, і людзі, папярэджаныя партызанамі, хаваліся ад карнікаў у балотах. Фашысты лютавалі, праводзілі ператрусы ў хатах, і Анатоля высачылі. Пасля допытаў яго павалаклі на пляц ля крамы. Туды ж сагналі вяскоўцаў, зачыталі загад і расстралялі на вачах маці, цёткі і братоў.

Выхапіўшы з натоўпу Зосю з малодшымі сынамі — Віцькай і Паўлікам, пагналі іх пад аўтаматамі да роднага двара. Туды ж сагналі і ўсіх жыхароў вёскі. У двары маці з дзецьмі паставілі каля хаты, камендант на нямецкай мове прачытаў загад. Перакладчык сказаў, што зараз будуць расстраляны і родныя Анатоля. У натоўпе загаласілі, а збялелая матуля, засланіўшы сабой дзяцей, пачала прасіць страляць толькі ў яе, пакінуўшы жывымі хлопчыкаў. Прагучала каманда, раздалася аўтаматная чарга. Маці і дзеці ўпалі, моцна закрычалі жанчыны. Але здарылася тое, чаго ніхто не чакаў: дзеці і іх матуля пачалі падымацца. Чарга была дадзена паверх іх галоў. Чаму іх пакінулі жывымі, так ніхто і не зразумеў.

Ваеннае дзяцінства Віці Аляшкевіча, Слуцк
Ігнат і Зося Аляшкевічы, 1930 год. Тая самая фота­картка, якую даў маленькаму сыну бацька перад арыштам. Фота з сямейнага архіва Аляшкевічаў

Як вёска засталася цэлай

Праз два тыдні фашысты пакінулі вёску, з’ехаўшы ў Слуцк. Ад гора Віцька не мог ні есці, ні спаць. Да яго ў трывожных снах прыходзіў Анатоль, ён бачыў нацэленыя на іх аўтаматы, чуў чэргі і прачынаўся ў слязах. Здавалася, што гору не будзе канца і краю. Але аднойчы хлопчык пачуў доўгачаканыя словы: «Гоняць гадаў!». З вялікай радасцю ён паўтараў іх зноў і зноў.

Але раптам над роднай вёскай і яе жыхарамі навісла вялікая небяспека. Паліцэйскі гарнізон, што базаваўся ў пасёлку Старобін, спешна разбягаўся, баючыся кары людзей. Пры гэтым паліцаі выпальвалі вёскі, праз якія ўцякалі. Была назначана карная аперацыя і ў Радкава. Але так здарылася, што ў той самы дзень у вёсцы спыніўся на адпачынак нямецкі абоз са Слуцка. Фашысты, нагрузіўшы фурманкі нарабаваным дабром, уцякалі ад Чырвонай Арміі. Яны заехалі ў Радкава амаль у той момант, калі туды заляцелі і паліцаі. «Цурюк!» — закрычаў на іх афіцэр, і паліцаі ў роспачы пакінулі вясковую вуліцу.

Вось так нечакана вёска засталася цэлай, жыхары жывымі, а абоз з нарабаваным дабром падаўся далей. Той жа ноччу радкаўцы з радасцю назіралі, як па вясковай вуліцы ішлі чырвонаармейцы.
У канцы 1944 года да іх у сям’ю зноў наведалася вялікае гора: прыйшлі дзве пахаронкі на Івана і Мікалая — братоў матулі.
У сваіх юначых снах падлетак Віцька з нянавісцю страляў па фашыстах, помсцячы і за брата, і за двух дзядзькоў.

Што збярог маленькі Віцька

Скончылася вайна, адбудаваліся гарады і вёскі. Віктар працаваў у калгасе электраманцёрам, ажаніўся, нарадзіліся дзеці.

Калі ў мяне ўжо падрасталі свае дзеці, бацька прынёс мне нешта ў старой паперы, разгарнуў. Там былі царская срэбраная манета і фотакартка. Гэта ў далёкім 1937 годзе даў маленькаму Віцьку тата Ігнат. «Зберажы і дзецям раскажы аб трагедыі нашай сям'і. Жадаю ніколі вам не зведаць таго гора, што выпала мне і родным нашым», — сказаў мне тата.


Цикл публикаций «Случчина помнит» от газеты «Кур'ер» посвящается поколению, прошедшему и пережившему Великую Отечественную войну и приурочен к 75-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков. Героями публикаций на страницах газеты и на сайте kurjer.info стали люди, сражавшиеся за нашу мирную жизнь, пережившие лагеря и оккупацию.

Соавторами проекта мы приглашаем стать наших читателей. Рассказы наших дедушек и бабушек, воспоминания ныне живущих и уже ушедших ветеранов и участников войны, сохранившиеся фотографии довоенного, военного и послевоенного времени будут основой проекта. Вместе с вами мы сформируем виртуальный «бессмертный полк» Случчины, участники которого приближали Победу. Присылайте ваши рассказы и фото на info@kurjer.info или оставляйте прямо здесь. Или звоните: 2 05 05 — и мы приедем к вам.

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
It is 2015
It is 2015
3 июня 2020 22:01

Спасибо

Slitag
Slitag
4 июня 2020 00:05

Пасля чытання мовы, русская чуждая такая…