Алесь Новік, настаўнік гісторыі Грэскай школы на пенсіі, выдаў кнігу са сваімі творамі. У кнізе – дзіцячыя вершы, творы на міфалагічную і патрыятычную тэматыкі. Мы пагутарылі з аўтарам пра тое, як ён на пенсіі стаў маладым паэтам.
На літаратурную творчасць натхніў першы ўнук
Алесь Новік – асоба, вядомая ў Грэску. Мала таго, што ён 40 гадоў выкладаў у Грэскай школе гісторыю, дык яшчэ і стварыў у вёсцы музей пад адкрытым небам.
Але раней Алесь не думаў пра тое, каб станавіцца літаратарам. Пісаць вершы пачаў нечакана для сябе, калі нарадзіўся першы ўнук.
«Вядома, што першы ўнук – самы любімы, — кажа Алесь Новік. – Я цягаўся з дзіцячым вазком па Грэску. Чым унука забаўляць? Пачаў складаць вершыкі. Спачатку адзін, потым другі. А потым я пачаў іх запісваць – хай будзе на ўспамін. Гэта яго, унука, маленькая біяграфія. Ад таго часу, як ён пачаў поўзаць, да таго, як пачаў хадзіць».

Потым пайшлі і іншыя рэчы. Настаўнік падумаў, што добра было б напісаць для дзетак нешта простае і цікавае пра беларускую міфалогію. Так з’явіліся вершы пра Кікімару і Стрыгу, Перуна і Ярылу. Алесь Новік любіць Беларусь і ўсё беларускае, таму між іншым стаў пісаць і патрыятычныя вершы. А нейкія вершы атрымаліся адначасова і дзіцячыя, і патрыятычныя, і пра палітыку. У гэтым – цікавая адметнасць творчасці дзядзькі Алеся, як яго звыкла завуць аднавяскоўцы.
Што ў кнізе
Кніга Алеся Новіка «Мы ёсць» прысвячаецца яго любай жонцы Зоі, што, на жаль, не дачакалася выдання твораў свайго мужа.
У кнігу ўвайшлі ў асноўным дзіцячыя вершы і вершы пра персанажаў беларускай міфалогіі. Таксама ёсць некалькі патрыятычных вершаў, але шмат твораў на палітычныя тэмы засталіся па-за кнігай.

Як ствараюцца «легенды»
Адзін з найбольш адметных твораў – «Грэская легенда». Яна расказвае, што быццам у даўнія часы вёска Грэск звалася Гарэзк, бо яе жыхары былі вясёлыя і гарэзлівыя, а потым яна стала звацца Грэх, бо жыхары сапсаваліся і сталі грэшныя. Гэта не сапраўдная легенда, а проста гіпотэза Алеся Новіка. Ён «апраўдвае» стварэнне гэтай «легенды» тым, што такія опусы ўжо сустракаў у іншых выданнях.
«Паехаў я ў Дзюдзеўскую школу, — распавядае Алесь Новік. – Спрадвеку вёска была Дзюдзева, а зараз ужо называецца Маяк. І там ляжыць тэчка “Паданні з вёскі Маяк”. І ў ёй – “легенда”. Адкуль пайшла назва вёскі Маяк? Нібыта, калі князь слуцкі ехаў з Полацка, ён убачыў, што да Слуцка яшчэ далёка, але ён убачыў узвышанае месца і назваў гэтую вёску Маяк. Ну, гэта ж хлусня, смех! Дык я думаю: чаму гэта я не магу напісаць “легенду”? Адкуль пайшла назва Грэск. Ну, от я тут і напісаў».

Сціплае выданне для сваіх
Тыраж кнігі Алеся Новіка – 80 экзэмпляраў. Грошы на выданне, дзесьці 500 даляраў, ён адкладваў з уласнай пенсіі. Нават не хапіла на дызайнера, і дызайн вокладкі прыдумляў сябра паэта. Алесь кажа, што кніга – не для славы, а для нашчадкаў, на памяць.