У Беларусі з’явіліся адразу два абсалютна новыя для нашай краіны часопісы для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў «Дуду» і «Асцярожна, дзеці». У іх тое, што падабаецца дзецям: дасціпныя коміксы, казкі, вершы, загадкі, заданні для развіцця. А таксама інтэрактыўныя гульні, qr-коды, праз якія можна выйсці на інтэрнэт-старонкі з цікавай інфармацыяй, паслухаць музыку.
«Асцярожна, дзеці!»
Тут галоўныя героі — Цім, Мара, сабака Газ, кот Тормаз і Зарас (Занадта Разумны Смартфон) — разблытваюць розныя дэтэктыўныя гісторыі, якія напэўна захопяць дзяцей.
Кожны нумар часопіса – тэматычны. Тэмы першых нумароў – самалёты, катастрофы, мабільнікі.
Разынка кожнага нумара – вялікі цікавы комікс, з дынамічным сюжэтам і гумарам. Напэўна спадабаецца дзецям рубрыка “Пахімічым”, у якой ім прапануецца самастойна правесці захапляльныя, але бяспечныя хімічныя эксперыменты.
У наступных нумарах Цім, Мара, Газ і Тормаз будуць шукаць скарбы, трапяць у самыя дальнія куточкі свету і пры гэтым будуць карыстацца найсучаснейшымі тэхналогіямі.
«Дуду»
Героі часопіса «Дуду» — хлопчык Зор, дзяўчынка Лёля і падушка Дуду, якія разам спасцігаюць свет. Тэма першага нумару – “Усё пра катоў”, другога – “Усё пра метро”.
У кожным нумары ёсць адмысловыя заданні на развіццё логікі, увагі, дробнай маторыкі і г. д., падрыхтаваныя дасведчанымі педагогамі.
Часопісы прадаюцца ў кіёсках “Белдрука”, кнігарнях, гіпермаркетах.