У пятніцу, 22 лістапада, ў сталіцы Літвы адбылося ўрачыстае мерапрыемства — пахаванне парэшткаў нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і Літвы Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. Тысячы беларусаў, а таксама палякі і нават украінцы адмыслова паехалі ў Вільнюс, каб выказаць пашану герою.

Хачу каротка распавесці пра гэта як сведка падзеі.

Гісторыя

Я вельмі любіў урокі гісторыі ў школе і ўвогуле цікавіўся гісторыяй Беларусі. Як вядома, Кастусь разам са сваімі аднадумцамі ўзначаліў паўстанне супраць царскай Расіі і выступаў за ўтварэнне незалежнай дэмакратычнай рэспублікі для беларусаў, скасаванне прывілеяў дваранству і перадачу зямлі сялянам.

Рэха падзеі: Пахаванне Каліноўскага. Як гэта было, Слуцк
Фота: Сяржук Кійко
Яшчэ памятаю, калі даведаўся пра постаць Каліноўскага, ягоныя погляды і мэты паўстання, то падумаў: «Які жахлівы і зняважлівы апошні дзень чакаў яго». Кастусь Каліноўскі разам з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні па загаду расійскіх уладаў. Яшчэ вядома, што калі яму зачыталі вырак і назвалі дваранінам, то ён адказаў: «У нас няма дваран, усе роўныя!». Гэта былі яго апошнія словы.

Пасля, каб людзі не хадзілі на магілу героя, быў дадзены загад пахаваць паўстанцаў таемна на Замкавай гары. Так мінула шмат гадоў, і толькі ў 2017-м падчас раскопак на той самай Замкавай гары выпадкова былі знойдзеныя парэшткі дваццаці ўдзельнікаў паўстання 1863−1864 гадоў. Сярод іх лідары паўстання — Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі і Зігмунд Серакоўскі. Удалося высветліць з дакладнасцю да 95%, што парэшткі належаць менавіта ім.

Реклама

Рэха падзеі: Пахаванне Каліноўскага. Як гэта было, Слуцк

Вось я не думаў, што стану сведкам такой гістарычнай падзеі. Перамога справядлівасці. Герояў ушануюць і перапахаваюць належным чынам.

Бел-чырвона-белая плошча

Рэха падзеі: Пахаванне Каліноўскага. Як гэта было, Слуцк

З ранку парэшткі паўстанцаў былі перанесеныя ў катэдральны касцёл, каб усе жадаючыя маглі прыйсці і развітацца з героямі. Жадаючых было шмат, але абсалютная большасць людзей, якія з раніцы прыйшлі на Катэдральную плошчу, былі менавіта беларусы. Нягледзячы на холад і працоўны дзень, беларусаў усё большала. Варта адзначыць, што літоўскі бок прадугледзеў гэта і прадаставіў грамадзянам нашай краіны магчымасць атрымаць бясплатную візу. Усяго амбасада Літвы зрабіла каля тысячы такіх віз для беларусаў, але попыт быў яшчэ большым.

Было прыемна бачыць сярод беларусаў прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх арганізацый, студэнтаў… Таксама быў і першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Рэха падзеі: Пахаванне Каліноўскага. Як гэта было, Слуцк

Бліжэй да апоўдня, калі павінна была распачацца афіцыйная частка мерапрыемства, людзей прыбывала ўсё больш. Раптам з’явіліся і літоўцы, дакладней розныя арганізацыі, нейкія клубы, палітычныя рухі. Яны пашыхтаваліся такім чынам, што сталі наперадзе, захіліўшы сабой масы беларусаў, якія былі там з самага пачатку. Было бачна, што палову гэтых людзей проста абавязалі прысутнічаць дзеля «карцінкі на тэлебачанні».

Нягледзячы на тое, што на пахаванні прысутнічалі першыя асобы дзяржаў, ахова мерапрыемства не замінала людзям. Ніякіх металашукальнікаў, даглядаў рэчаў, рампаў і лішніх агароджаў. Дазвалялі хадзіць амаль дзе хочаш. І нягледзячы на гэтую ўседазволенасць, людзі ўсё адно сталі як трэба без усялякіх прымусаў і накіраванняў.

Рэха падзеі: Пахаванне Каліноўскага. Як гэта было, Слуцк
Памятная дошка на будынку кляштара, дзе знаходзіўся Каліноўскі ў няволі

Выступы

Афіцыйны беларускі бок не асабліва цікавіўся гэтай падзеяй і самім фактам таго, што былі знойдзеныя парэшткі паўстанцаў, што выклікала непаразуменне з боку Літвы і беларускай грамадзянскай супольнасці. Ад Літвы прысутнічалі першыя асобы, ад Польшчы таксама быў прэзідэнт. Беларускі прэзідэнт адсутнічаў, як і прэмьер-міністр ці міністр замежных спраў. Быў віцэ-прэмьер Ігар Петрышэнка. Падчас яго выступу натоўп свісцеў і некалькі разоў выбухаў гучна: «Ганьба! Ганьба!». Я яшчэ пачуў, як побач са мной палякі пыталіся ў кагосьці, што азначае гэтая «ганьба».

Вельмі моцнай была прамова галоўнага каталіцкага святара Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Пасля ягоных слоў беларусы доўга скандавалі: «Жыве Беларусь!», а наступны выступоўца цярпліва чакаў, пакуль гул скончыцца, каб пачаць казаць.

Рэха падзеі: Пахаванне Каліноўскага. Як гэта было, Слуцк

Труны з парэшткамі паўстанцаў выносілі вайскоўцы ганаровай варты Літвы і Польшчы. Беларускай ганаровай варты, вядома, не было. Для трунаў Каліноўскага і Серакоўскага быў падрыхтаваны лафет, што лічыцца асаблівым гонарам для загінулых вайскоўцаў.

Шэсце

Ці варта казаць, што абсалютная большасць працэсіі былі беларусы. Сотні беларускіх чырвона-белых сцягоў, сярод якіх ніводнага афіцыйнага. Да віленскіх могілак Расу дайшлі не ўсе. Літоўская моладзь, якую сагналі на мерапрыемства, і іншыя арганізацыі разышліся адразу пасля шэсця. Здавалася нават, што пахаванне цікавае толькі беларусам. Дзіўная карціна, калі лідары Літвы і Польшчы робяць прамовы сярод тысяч беларусаў.

Рэха падзеі: Пахаванне Каліноўскага. Як гэта было, Слуцк
Капліца з трунамі на могілках Расу

На другі дзень

Мерапрыемствы для беларусаў працягнуліся і на наступны дзень. Ладзіўся малебен, была адкрытая выстава рэчаў паўстанцаў і іншыя мерапрыемствы. На наступны дзень беларусы зладзілі сваё шэсце ад святой Вострай брамы да могілак Расу. Прыехалі тыя, хто не змог патрапіць на само пахаванне. На могілках ужо было магчыма наведаць капліцу, дзе знайшлі свой пакой паўстанцы.

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.