«Пляшка старадарожскай самагонкі — і будзе табе пашпарт». Два салігарчаніна пра былое сяброўства

0

Тэлефонны званок разбудзіў мяне, калі насценны гадзіннік паказваў даўно за поўнач. Прыціснуў да вуха слухаўку: «Прабач! Рыгор Сцяпанавіч Дубік турбуе. Прыйшла позва на камісію па замене тазабедранага сустава, якую чакаў сем гадоў. Адвязі па былому сяброўству, больш няма каму».

Канешне, пад’еду, канешне, адвязу… Да ранку больш не заснуў, былі адны ўспаміны.

У такія гады давялося нам жыць, Слуцк
Мой стары сябар. 85-гадовы Рыгор Сцяпанавіч Дубік, адзін з апошніх пастаянных жыхароў вёскі Барок. Фота: Уладзімір Амяльчэня

Вёска Лескі, ці Барок

Будавалася вёска ў пачатку мінулага стагоддзя пасля вялікага пажару ў вёсцы Языль. У ёй хаты стаялі так блізка адна да другой, што саламяныя дахі суседніх хат амаль дакраналіся. Тады пагарэлыя языльцы ўзяліся будаваць вёскі Новы Рабак, Крычын, Барок.

Апошняя чамусьці атрымала пазней новую назву — Лескі, якую памянялі ў апошнія гады на першапачатковую Барок. Гэту назву ўпершыню я пачуў летам 1941 года ад кіроўцы нямецкага танка, які нечакана для ўсіх выехаў з лесу і прыпыніўся насупраць нашай хаты, каб спытаць назву вёскі. Дарослыя яму сказалі, а той паглядзеў на сваю мапу ды спытаў, чаму на мапе значыцца вёска Барок. Даўно гэта было, а помніцца.

У той час мне ішоў шосты год, а Рыгор Дубік за мяне быў старэйшы на два гады. Але пасвілі на суседнім поплаве цялят разам.

Реклама

Яшчэ помніцца, як зімой, у гады нямецкай акупацыі, Рыгору было дару­чана аднесці на чыгуначную станцыю Урэчча торбачку з ежай мужу старэйшай сястры, а мне — быць пры гэтым з ім за кампанію.

Цікавае было падарожжа для мяне: на пераездзе нас сустрэў немец, у якога на шыі вісеў аўтамат, шапка адкасана на вушы, на нагах паверх абутку былі саламяныя лапці. Каб не замерзнуць, немец пляскаў сябе па баках рукамі, падпрыгваў.

Ад яго запомніў першыя словы: «Kinder, kalt». Ад пераезда мы прайшлі ўздоўж цягніка, у таварных вагонах якога былі немцы. Калі перадалі торбачку зяцю, чамусьці пайшлі міма вадакачкі, вакол якой хадзіў таксама немец.

Вось з якіх гадоў пачыналася наша з Дубікам сяброўства.

Школа і дарослае жыццё

У першы клас я пайшоў у 1944 годзе, калі мне было 8 гадоў з гакам. Рыгор гэтым часам хадзіў з маці на калгасную ферму, дапамагаў даглядаць цялят. Таму ў школу не хадзіў.

У сям'і было восем дзяцей, але не памятаю, каб бачыў іхняга бацьку. Доўга лічыў, што ён загінуў на фінскай вайне, як многія мужчыны ў іншых сем’ях. Толькі зараз спытаў. «Арыштавалі ў 1939 годзе, — адказаў стары сябар. — Далейшы лёс яго невядомы».

У падлеткавым узросце Рыгор быў нашым атаманам, арганізоўваў набегі на чужыя сады, хоць у кожнага з нас быў свой сад. Яшчэ часамі нам прыгожа спяваў, іграў на гармоніку.

Перад прызывам у армію дзве зімы хадзіў у вячэрнюю школу, атрымаў даведку аб адукацыі ў шэсць класаў. Гэтыя два гады працаваў на трактары ў калгасе, хоць пасведчання трактарыста не меў. Служыў у супрацьпаветранай абароне зенітчыкам на мяжы з Паўночнай Карэяй, абараняў паветраную прастору ад амерыканскіх самалётаў, якіх за тры гады так ні разу не ўбачыў.

Дэмабілізаваўшыся ў 1956 годзе, вяртацца ў калгас не захацеў. Тады зрабіў адчайны крок: зайшоў у кабінет начальніка міліцыі ў Старых Дарогах, расказаў пра сваё цяжкае жыццё ў калгасе і папрасіў выдаць пашпарт. Той паспрыяў: «Пляшка старадарожскай самагонкі — і будзе табе пашпарт».

Стаўшы грамадзянінам з пашпартам, трэба было набыць спецыяльнасць, якая б надзейна забяспечвала дастатак. Яму бачылася прафесія механізатара шырокага профілю. Ён год вучыўся ў школе механізацыі, а калі скончыў — працаваў на экскаватары ў сістэме меліярацыі па асушэнні балот.

Калі ажаніўся, то вярнуўся ў родную вёску, уладкаваўся ў ваенным гарадку Урэчча. На бацькавым селішчы пабудаваў у вёсцы першы цагляны дом.

Трагедыя першага кахання

Я спытаў, чым скончылася першае каханне, пра якое ведала ўся вёска.

«Яно скончылася нічым, — адказаў Рыгор Сцяпанавіч. — Яна была дачкою з інтэлігентнай сям'і: маці — настаўніца, бацька заўсёды хадзіў пад гальштукам. Ужо тады жылі яны на грашовай зарплаце, не тое што калгаснікі — за працадні. Сваёй гаспадаркі не трымалі. Перад імі я трымцеў як асінавы ліст. Быў дурань, убіў сабе ў галаву, што з іх дачкі не будзе вясковай гаспадыні, якой спатрэбіцца трымаць свіней, даіць карову. Ды многа чаго яшчэ трэба ўмець вясковай жанчыне. Я правёў яе ў заходні абласны горад нашай рэспублікі, пацалаваў і развітаўся. Там яна выйшла замуж.

Аднойчы зімой капаў канал на Старадарожчыне. Міма ў санях з канём праехала маладая дзяўчына. «Вось такая мне трэба», — падумаў я. Пазней сустрэў яе ў вясковым клубе.
Нажылі з ёю дачку і двух сыноў. Працавітая была, але рана яе не стала".

Дарэмныя клопаты

Я сяджу ў калідоры Салігорскай паліклінікі ў чаканні, калі з кабінета галоўнага траўматолага выйдзе Рыгор Сцяпанавіч. Калі адчыніліся дзверы, я кінуўся яму насустрач. «Што сказаў доктар?» — спытаўся.

Рыгор Сцяпанавіч усміхнуўся: «Аперацыю рабіць не будуць, бо не дазваляе здароўе. Сем гадоў таму зрабіць можна было, ды чакаў сваёй чаргі. Пакуль чакаў, здароўе кудысьці сплыло».

Стары сябар папрасіў адвезці яго ў родную вёску, у якой больш за 60 хат, але пастаянна пражываюць толькі ў шасці.

«У такія гады давялося нам жыць», — уздыхнуў мой сябар на развітанне і пайшоў дахаты, абапіраючыся на дзве палкі.

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.