«Што рабіць з каструлямі за $ 700, я не ведаю». Слуцкі пенсіянер расказаў, як патрапіў пад гіпноз падчас прэзентацыі

0
Реклама

Слуцкі пенсіянер Анатоль Богуш лічыць, што ён стаў ахвярай агрэсіўнага маркетынгу. У мінулым годзе на адной з прэзентацый ТАА «Іноксія» ён заключыў дамову на набыццё кухоннага посуду коштам у 1489 рублёў ды ўнёс задатак памерам у 200 рублёў.

Аб гэтым цяпер вельмі шкадуе. «Вы паглядзіце на мяне: дзе я і дзе гэтыя каструлі?» — уздыхае Анатоль Богуш, седзячы перад наборам бліскучага посуду.

Чаму раптам 83-гадовы пенсіянер адчуў у чэрве­ні 2018 года такую вострую неабходнасць у набыцці «італьянскага высокатэхналагічнага посуду» вытворчасці «Іноксія»?

Па словах нешчаслівага ўладальніка рондаляў, ён нібыта патрапіў пад гіпноз падчас прэзентацыі.

«Што рабіць з каструлямі за $700, я не ведаю», Слуцк
Папаў. Вядучыя настолькі захапляльна распавядалі пра выдатны посуд, у якім можна прыгатаваць здаровую і смачную ежу і які адмываецца без усялякіх намаганняў, што 83-гадовы Анатоль Богуш паддаўся падрыхтаваным маркетолагам. Фота: Зінаіда Цімошак
«Прадстаўнікі фірмы так настойліва і ветліва запрашалі па тэлефоне прыйсці ў кавярню і пазнаёміцца з апошнімі дасягненнямі ў галіне посуду, што я не вытрымаў і прыйшоў, — падзяліўся сваёй гісторыяй Анатоль Іванавіч. — Да таго ж абяцалі бясплатныя падарункі. У Слуцку не так шмат забаў для самотных пенсіянераў. Чаму б і не пайсці? Думаў: пасяджу, пагляджу на людзей і на новае высокатэхналагічнае цуда і пайду дамоў. Але дамоў мяне ўжо везлі з кухонным наборам. Сам я нават не зразумеў, як гэта адбылося. Ужо назаўтра неяк ачухаўся і ўбачыў, што зрабіў вялікае глупства. Такі даражэзны посуд мне аніяк непатрэбны, хай бы ён і вельмі карысны. Пражыў да 80-ці гадоў без яго, мог бы жыць і далей. Да таго ж гэтыя рондалі вельмі цяжкія, вывальваюцца з хворых рук. Напісаў заяву ў Гродненскае прадстаўніцтва „Іноксіі“, каб вярнулі аванс і забралі свае рондалі».

Реклама

І вось тут стала адбывацца нешта дзіўнае.

Справа ў тым, што прадстаўніцтва «Іноксіі» было не супраць забраць посуд, але прапанавала прывезці яго ў Гародню альбо даслаць па пошце. Анатоль Іванавіч не зрабіў ні таго, ні другога. Ён прызнаўся, што крыху блытаецца ў заканадаўстве і ў розных паперах. Паколькі ў яго ўжо быў вопыт звароту набытай коўдры з мерыноса акурат з яго дому, ён датэлефанаваўся да супрацоўнікаў фірмы і нібыта дамовіўся, каб яны самі забралі посуд падчас новага прыезду ў Слуцк.

Аднак новы посуд да гэтага часу застаецца ў пенсіянера. Рашэннем суда Ленінскага раёна ад 31.05.2019 года быў накладзены арышт на грашовыя сродкі пенсіянера ў банку. Судовыя выканаўцы абавязаны з яго банкаўскага рахунку ажыццявіць пералічэнне грошай за рондалі і яшчэ 150 рублёў за індукцыйную пліту — «падарунак», які надаваўся ў дадатак да пакупкі.

У вуснай размове з карэспандэнтам мужчына абвінаваціў ААТ «Іноксія» ў падмане наконт таго, што яны абяцалі забраць посуд з яго дому.

Каб разабрацца ў гэтай гісторыі, карэспандэнт патэлефанавала ў фірму. Юрыст ТАА «Іноксія» Іна Нікалаева выклала другі погляд на праблему. Яна праінфармавала, што ў ТАА прытрымліваліся заканадаўства «Аб абароне правоў спажыўцоў» і што ў фірме чакалі звароту посуду больш за паўгода. Прадстаўнікі ТАА неаднойчы тэлефанавалі пенсіянеру, каб дамовіцца аб сустрэчы ў Слуцку, ды ён перастаў выходзіць на сувязь… І толькі па гэтай прычыне вымуша­ны былі звярнуцца ў суд.

На маё пытанне аб немэтазгоднасці заключэння дамоў па набытку такіх дарагіх тавараў з небагатымі людзьмі сталага веку, якія не заўсёды адказваюць за свае імпульсіўныя памкненні, яна паведаміла аб тым, што ўсе дзеяздольныя людзі маюць роўныя правы і самастойна прымаюць рашэнні па набыцці тавараў.

Дарэчы, такіх выпадкаў, калі случчане набываюць на прэзентацыях непатрэб­ныя і дарагія рэчы, — шмат. Хтосьці набыў сістэму ачысткі вады за 500 долараў, але пасля не мае грошай на перыядычную замену дарагіх фільтраў і тэхнічнае абслугоўванне, хтосьці купіў коўдру з аўстралійскага мерыноса, ад якой пачаў чухацца.

Ад аўтара. Што можна параіць у такіх выпадках? Пенсіянеры павінны адэкватна адносіцца да сваіх фінансавых магчымасцяў і помніць, што нават высокаякасныя рондалі здароўя не дадуць, калі ў іх будуць класці толькі хвасты і косткі.

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.