96-гадовая капылянка распавяла‚ чаму не сядзіць на лаўках і пра рэцэпты доўгалецця

1
96-гадовая капылянка распавяла‚ чаму не сядзіць на лаўках і пра рэцэпты доўгалецця
Реклама

Ці можна застацца ў старасці паўнавартаснай асобай, якая не страціла ні яснасці розуму, ні цікавасці да рэчаіснасці, ні навыкаў да самаабслугоўвання нават у нялёгкіх умовах нашага жыцця?


Людзі, якія доўга жывуць, заўсёды вызываюць цікавасць. Чаму ім гэта ўдаецца, ці ёсць якія асаблівыя рэцэпты жыцця, каб пражыць 90 і болей гадоў? Тым больш у наш час, калі хваробы і смерці косяць суграмадзян яшчэ ў маладым узросце.

96-гадовая Зінаіда Іванаўна Карповіч з вёскі Балгавічы Капыльскага раёна пазітыўна адказвае на ўсе пытанні. Яна чытае шмат кніжак, глядзіць тэлеперадачы і не толькі абслугоўвае сама сябе, але і працягвае шчыраваць у райскім вугалку на сваім падвор'і. Падвор’е наўпрост ззяе ад мноства кветак розных колераў і гатункаў. Нідзе не відно ніводнай зялінкі.

96-гадовая капылянка распавяла‚ чаму не сядзіць на лаўках і пра рэцэпты доўгалецця
Фота: Зінаіда Цімошак
— Калені ўжо не такія гнуткія, дык поўзаю на іх, каб знішчыць пустазелле, змагаюся з прыродай па меры сваіх сіл, — пасміхаецца жанчына. — Я не магу жыць без кветак і без прыроды.

Зінаіда Іванаўна распавяла пра асобныя моманты са свайго жыцця. Любоў да прыроды ў яе з дзяцінства. Маці — данская казачка, бацька — беларус з Капыльскага раёна.

Реклама

Яна нарадзілася ў вёсцы Вужа Капыльскага раёна, адкуль у пачатку 30-х гадоў прыйшлося выехаць у сувязі з сямейнымі абставінамі. Справа ў тым, што яе бацька быў камуністам з 1905 года, пісьменным чалавекам. Яго выбралі старшынёй сельскага савета. Падчас ажыццяўлення сталінскага курса на суцэльную калектывізацыю хтосьці з сялян-аднаасобнікаў падпаліў дом старшыні сельсавета. Дом згарэў да тла. На сямейнай радзе вырашылі, што трэба змяніць месца жыхарства. Ды і небяспечна было заставацца кіраўніком у тыя часы ў беларускай вёсцы. Прэс на старшыню сельскага савета ціснуў з абодвух бакоў. Не выканаеш задання, не складзеш спісы на «кулакоў» — станеш «ворагам народа». Складзеш спісы, выканаеш заданне па раскулачванню — вораг для сялян.

Да гэтага часу ў сям'і было ўжо шасцёра дзяцей. Сябар бацькі жыў у Крыме і паклікаў да сябе. Жыццё ў Крыме Зінаіда Іванаўна ўзгадвае з настальгіяй. Падчас вайны працавала на чыгунцы.

— Толькі прыйшла з выпускнога вечара дадому, а ў доме ўсе пахмурныя, заклапочана слухаюць паведамленне Молатава пра пачатак вайны, — працягвае расповед суразмоўца. — Наш клас назаўтра пазвалі ў школу, там ужо быў ваенкам. Хтосьці з дзяўчат запісаўся на медсястру, а я пайшла працаваць на чыгуначную станцыю ў Джанкоі, праз якую праходзілі ваенныя грузы.

Маці памерла падчас вайны, зусім рана — дзяўчынцы было ўсяго 16 гадоў. Бацька быў інвалідам, старэйшай дачцэ (Зінаідзе) прыйшлося клапаціцца аб выжыванні ўсёй сям'і. Выжыць жа падчас вайны было лягчэй у вёсцы, і сям’я перабралася ў сельскую мясцовасць. Непадалёку знаходзіўся цэлы раён нямецкіх вёсак, жыхары якіх былі прымусова выселеныя перад вайной. Адзін пакінуты дом у такой вёсцы і заняла сям’я Зінаіды Іванаўны.

— Што мяне ўразіла — гэта акуратнасць падвор’яў і дабротнасць гэтых невялікіх дамоў. Дахі пакрыты чарапіцай, унутры дамоў — вадаправод і каналізацыя, — гаворыць пажылы чалавек. — Нашая сям’я і да гэтага прывыкла жыць у чысціні — сцены сваёй былой хаткі бялілі некалькі разоў у год. Але нямецкія домікі выглядалі больш прыстойна і дабротна.

Па словах жанчыны, калі сямейныя абставіны зноў змяніліся і ёй з мужам прыйшлося вярнуцца ў Беларусь, яна доўгі час не магла прывыкнуць да няўтульнасці і нязручнасці побыту вясковых беларускіх дамоў.

— На першых парах прыйшлося начаваць у родзічаў, і ніколі не забуду першай начоўкі, — смяецца жанчына. — Бо я ўсю ноч прасядзела на ложку, паглядаючы на гонкі чорных тараканаў па столі. Думала, не застануся, паеду адсюль, але патрэбна было даглядаць хворага бацьку.

Пасля смерці бацькі мужа перакідвалі з аднаго месца працы на іншую, пераязджалі з аднаго гарадка ў другі, пакуль канчаткова не аселі ў Салігорску.

Каб пакінуць аднаму з сыноў кватэру, у пенсійным узросце перасяліліся на малую радзіму мужа — у «неперспектыўную» вёску Балгавічы Капыльскага раёна.

— Але я папярэдзіла мужа, што без каналізацыі і хатніх выгод там жыць не буду, — успамінае Зінаіда Іванаўна. — Не люблю «хадзіць да ветру». Прыйшлося яму ўсё ж зрабіць. Вельмі добра, калі на падвор'і ёсць свая студня, з якой можна правесці ў хату ваду. А зрабіць каналізацыю не гэтак ужо і дорага. Ейнаму гаспадару ўтульнасць дома таксама была да спадобы, па-гэтаму, што ўмеў — тое зрабіў.

Цяпер пенсіянерка не нарадуецца, што ў спякотны дзень ці пасля праполкі кветак яна можа прыняць цёплы дожджык наўпрост у сваёй вясковай хаце, памыць посуд гарачай вадой.

Мужа няма ўжо каля 30 гадоў, зараз Зінаідзе Іванаўне дапамагаюць падтрымліваць дом у добрым тэхнічным стане дзеці і ўнукі, якія выраслі прыстойнымі людзьмі і прыязджаюць наведаць маці і бабулю.

— Сыны кажуць: «Мама, ты сядзь і камандуй нам, што рабіць. Мы ўсё зробім!» Але я ж гэтак не магу. Мне прыемна, калі яны прыедуць у дагледжаны дворык, прыемна напячы ім булак, — прызнаецца жанчына. — Калі была маладзейшая, разам з гаспадаром вырошчвалі кветкі і гародніну нават на продаж.

96-гадовая капылянка распавяла‚ чаму не сядзіць на лаўках і пра рэцэпты доўгалецця
Фота: Зінаіда Цімошак
Адзін год у цяпліцы сабралі каля 3000 цюльпанаў да 8 Сакавіка, і яны ўсе былі запатрабаваныя рознымі арганізацыямі. 60 кустоў ранніх руж зацвіталі акурат перад школьнымі «апошнімі званкамі». Дык перад брамкамі былі чэргі з дзяцей. Не шкадавала — давала бясплатна. Тады апрацоўвалі і шмат зямлі, цяпер жа Зінаідзе Іванаўне дастаткова і 3 соткі дзеля таго, каб падвор’е сваёй прыгажосцю вабіла да сябе людзей.

На лаўках з суседкамі пенсіянерка не сядзіць — няма часу, ды і не цікава абмяркоўваць вясковыя навіны — чужую брудную бялізну.

На пытанне пра здаровы лад жыцця і рэцэпты доўгалецця жанчына адказвае, што выпівае толькі па 20 грамаў гарэлкі выключна на дзень народзінаў і Новы год. І так усё жыццё. З ежы есць усё, што падабаецца. Нікому не зайздросціціь, добра ставіцца да ўсіх людзей, ні з кім не сварыцца і ніколі не плача. Пачынае і заканчвае дзень у добрым настроі, любіць родную прыроду, кветкі.

Праўда, калі выходзіць пагуляць па здзічэлай неабкошанай вуліцы, настрой у жанчыны пагаршаецца. Ды і не дзіўна — як быццам з раю патрапляеш у пекла.

96-гадовая капылянка распавяла‚ чаму не сядзіць на лаўках і пра рэцэпты доўгалецця
Фота: Зінаіда Цімошак
Гэткія ж думкі пра канец света і пекла палезлі ў галаву і карэспандэнта НЧ, калі ён праходзіў па вуліцы каля вялікага пляцу асоту, каля зарослай хаткі, дзе нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Аляксандр Радкевіч. Відавочна, што наша дзяржава настолькі збяднела, што не хапае сродкаў, каб абкасіць гэтую хатку, альбо зрабіць яе безымяннай.
96-гадовая капылянка распавяла‚ чаму не сядзіць на лаўках і пра рэцэпты доўгалецця
Фота: Зінаіда Цімошак
Жыхыры, якія патрапіліся на вуліцы, паскардзіліся на тое, што сельскі савет пра іх забыў. Яны паважаюць сваю суседку, але не разумеюць, чаму яна не сядзіць на лаўцы і ў такім узросце поўзае на каленках, каб палоць кветкі. «Навошта ёй гэта патрэбна»? — дзівіцца сусед.

Реклама

1
Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
1 Авторы комментариев
Nikolas

Цікавы.добры артыкул. Шкада, што не дагледжана вёска, мо апасля публікацыі прышлюць трактар з касілкаю скасіць пустазелле.І хату героя Савецкага Саюза патрэбна б прывесці ў добры стан.Памяць.