«Ад'ядаўся за ўсе гады, калі быў поварам у арміі». Доўгавечнік вёскі Гоцк пра жыццё пры польскім часе

1
Доўгавечнік вёскі Гоцк пра жыццё пры польскім часе, Слуцк
Цяжка распавядаць пра сваё жыццё. Фото: Уладзімір Амяльчэня
Реклама

Пакідаючы прыветлівых гаспадароў Рабко, спытаўся, ці ёсць у вёсцы Гоцк людзі, якія помняць жыццё пры польскім часе. Вёска Гоцк да верасня 1939 года была пад Польшай.

«Пекар, яму 91 год. Валодае добрай памяццю. Жыве адзін ужо даўно, будзе рады вашаму прыходу», — сказаў гаспадар Рабко і паказаў дарогу да дворышча Пекара.

Па дарозе я спытаў: «Пекар — гэта яго прозвішча ці яго спецыяльнасць у маладосці?»

Реклама

«Ні то, ні другое, — адказаў Рабко. — Гэта вулічнае прозвішча. Сапраўднае прозвішча дзеда гоцкае, як і мноства другіх: Ермаковіч Аляксандр Іванавіч. А вулічнае прозвішча носіць з 1953 года, калі вярнуўся са службы ў арміі, то хваліўся, што служыў поварам і пекарам. Ермаковічаў у вёсцы добрая трэць насельніцтва, а Пекар стаў адзін. Так і дажывае пад сваім новым прозвішчам».

Дзве нядзелі хаваліся ад немцаў у лесе зімою

Доўгавечнік вёскі Гоцк пра жыццё пры польскім часе, Слуцк

Па знешняму выгляду нельга сказаць, што на гэтым падвор'і жыве 91-гадовы пенсіянер. Падвор’е чыста убрана: з левай рукі - хата, на супраць меньшая хата — гэта кухня. Адкрываем дзверы на кухню.

Убачыўшы чужога чалавека, Аляксандр Іванавіч крыху збянтэжаны, бо не часта заходзяць чужыя. Але размова пачалася лёгка. Я выказаў сваю просьбу расказаць пра жыццё за польскім часам. Ён адразу пагадзіўся.

Толькі я запісаў першыя радкі ў журналісцкі сшытак, раздаўся тэлефонны званок. Дзед шпарка падняўся, пайшоў к тэлефону. Мне добра чуўся з тэлефона жаночы голас. Калі дзед стаў гаварыць, што да яго прыйшоў карэспандэнт, да мяне даляцела жаночае папярэджанне: «Лішняга не гавары».

Вяртаючыся да мяне за стол, Аляксандр Іванавіч з усмешкаю сказаў:

«Дачка з Салігорска. Мяне апякаюць, баяцца, каб не «забраў чорны воран». Ды каму такі патрэбен? Нарадзіўся ў вёсцы Гоцк 12 сакавіка 1928 года ў бацькавай хаце, якая стаяла на гэтым месцы, дзе стаіць цяперашняя, мной пабудавана. Бацькава хата згарэла, спалілі немцы. Дзве нядзелі хаваліся ад іх у лесе зімою. Вярнуліся, а замест хаты адно папялішча.

Доўгавечнік вёскі Гоцк пра жыццё пры польскім часе, Слуцк

Не стала бацькі. Рана жаніўся. Вось гэту хату дапамагала будаваць жонка. Калі ў армію прызывалі, у нас было двое дзяцей. Прызвалі 14 мая 1950 года, а дэмабілізавалі к святу Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1953 годзе.

Покуль служыў, дома памерла адно дзіця. Прасіўся на пахаванне адпусціць мяне дамоў - не адпусцілі, сабакі, баяліся, што за гэтых некалькі дзён, покуль буду дома, савецкая армія згубіць сваю баявітасць.

Служыў поварам, пекарам. Перад гэтым у арміі прайшоў спецыяльную навуку, якая згадзілася дома, калі застаўся адзін, без жонкі. Я ўжо на пенсіі 36 гадоў, з іх апошнія 13 гадоў жыву адзін. У мяне дзяцей чацвёра: дзве дачкі, якія жывуць у Салігорску, і два сыны. Больш мяне апякаюць дзяўчаты".

Пра жыццё за польскім часам

Доўгавечнік вёскі Гоцк пра жыццё пры польскім часе, Слуцк

Ён раптам схамянуўся, успомніў маё пытанне пра жыццё за польскім часам.

«Скончыў тры класы польскай школы. Больш вучыцца не давялося, бо нас вызвалілі бальшавікі. Да гэтага у нас было 7 кароў, свае коні. Працавалі многа, усё рабілася сваімі рукамі, ніякай механізацыі. Ад’ядаўся за ўсе гады, калі быў поварам».

Замест далейшых успамінаў, стаў спяваць песню на польскай мове. Я дзівіўся яго памяці. Папрасіў напіцца вады, ён узяў вядро і пайшоў набраць з калодзежа халоднай, свежай. Я пажадаў яму жыць пры добрым здароўі яшчэ доўга. Ён усміхнуўся і сказаў: «Часам такая туга бярэ, асабліва зімою, што хоць да ваўкоў ідзі».

Реклама

1
Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
1 Авторы комментариев
Nikolas

Цікава.Дзякуй Кур' еру за артыкулы на роднай мове. за польскім часам многія жылі заможна, працавалі на сваёй зямлі.Былі пенсіі, а ў СССР не было іх для сялян. А потым пачалася другая сусветная вайна. з аднаго боку на Польшчу напалі немцы, з другога СССР да дамове Молатава-Рыббентропа.