Сёння Германія вядома ў свеце сваімі поспехамі ў развіцці эканомікі, а таксама колькасцю прынятых бежанцаў. Спадарыня Ута Гент-Коллер працуе настаўнікам нямецкай мовы ў дзяржаўным Цэнтры прафесійнай падрыхтоўкі ў горадзе Вайдэн (Баварыя).

Я нарадзілася яшчэ ў ГДР у сям’і ветэрынарнага доктара і настаўніцы нямецкай мовы. Марыла стаць ветэрынарам, бо даводзілася дапамагаць бацьку, працаваць з жывёламі мне спадабалася. Бацька казаў, што гэта прафесія не жаночая.
Маці натхняла мяне на настаўніцкую прафесію. У 1986 годзе, калі я скончыла школу, наш Лейпцыгскі ўніверсітэт на ветэрынарных урачоў дзяўчат не прымаў, таму я пайшла вучыцца на настаўніцу нямецкай мовы ў горадзе Цвікаў.
Пасля ўніверсітэта працавала настаўніцай нямецкай мовы ў Венгрыі, вучыла будучых настаўнікаў выкладаць нямецкую мову. У 1993-1996 гадах у Венгрыі была вялікая інфляцыя. З часам мае заробкі ў пераліку на дойчмаркі рабіліся ўсё меншымі і меншымі. Таму шукала другую працу. Знайшла ў Партугаліі. Там таксама вучыла выкладаць нямецкую мову будучых настаўнікаў да 2002 года, пакуль не пазнаёмілася з баварцам. Неўзабаве вярнуліся з ім у Баварыю. Зараз у нас свой дом, сыну 15 гадоў, добрыя адносіны з раднёй мужа, жывём з імі дружна.
Гэта розная нямецкая мова
Калі прыехала ў Баварыю, некаторы час не разумела баварцаў. Я з імі размаўляла на стандартнай нямецкай мове, а яны са мной — на баварскай. Жыла быццам у чужой краіне. Сёння ўжо разумею Баварыю і баварцаў душой і сэрцам. І размаўляць з імі стала на адной мове.
Я выкладаю нямецкую мову як замежную ў народных школах, універсітэце для студэнтаў з іншых краін. У Германіі такая сістэма, што настаўнік з іншых зямель Германіі не можа выкладаць у дзяржаўных школах за межамі зямлі, дзе скончыў універсітэт. Для гэтага трэба прайсці перакваліфікацыю і пацвердзіць дыплом у той зямлі, дзе хочаш працаваць. Сістэмы школьнай адукацыі ў розных правінцыях (землях) могуць вельмі адрознівацца. Амаль усюды ёсць і іншыя навучальныя праграмы, і іншыя сістэмы гімназій. Вось чаму я спецыялізавалася на выкладанні нямецкай мовы як замежнай і працую ў дзяржаўным вучылішчы прафесійнай падрыхтоўкі з бежанцамі.
Заробак педагога ў групах па навучанні бежанцаў — ад 3 да 6 тысяч еўра. З гэтай сумы трэба заплаціць падатак — ад 30% да 50%.
Прафесійная школа для бежанцаў
Школа, дзе я працую, — гэта вялікі навучальны цэнтр па набыцці прафесій. Ён знаходзіцца ў невялікім гарадку Вайдэн. Тут 3500 юнакоў і дзяўчат вучацца рабочым спецыяльнасцям: апрацоўшчыкі металаў і драўніны, электрыкі, хлебапёкі, цырульнікі, служачыя банкаў, кансультанты па падатках, чарцёжнікі для будаўнічых прадпрыемстваў
і іншыя. Пры школе створаны шэсць інтэграцыйных груп для бежанцаў, у якіх моладзь не толькі атрымлівае прафесіі, але вучыць нямецкую мову, знаёміцца з бытам і паўсядзённым жыццём у Германіі.
Тут шмат навучэнцаў з усходніх краін: Афганістана, Сірыі, Самалі, Эрытрэі. Сярод іх ёсць навучэнцы, што на радзіме хадзілі ў школу ўсяго год ці два. Многія з іх перажылі гвалт, у кагосьці родныя загінулі ў войнах ці патанулі ў моры, калі плылі ў Еўропу. Здароўе і псіхічны стан такіх людзей патрабуюць доўгага лячэння.
Ёсць навучэнцы з Беларусі, Казахстана, Арменіі. З імі працаваць значна лягчэй, бо яны ўмеюць вучыцца.
Адносіны нямецкіх навучэнцаў да бежанцаў спакойныя, нават памяркоўныя. Большасць з гэтых навучэнцаў жывуць у інтэрнатах групамі, да якіх прыстаўлены дзяржаўныя апекуны. У інтэрнатах яны жывуць да 18 гадоў. Пасля іх перасяляюць у цэнтры для бежанцаў, якія жывуць у казармах. Калі хто знойдзе для сябе кватэру, сацыяльная служба аплачвае кошт арэнды. Але знайсці кватэру вельмі складана.
Нямецкія ўлады разлічваюць, што з цягам часу ўсе маладыя бежанцы будуць працаўладкаваны, бо рабочых рук у Германіі вельмі не хапае. Адсутнасць кваліфікаванага персаналу для многіх прадпрыемстваў сёння вялікая праблема. І ў бліжэйшыя гады яна наўрад ці будзе вырашана.
УНП 101166185 Пасольства ФРГ у РБ