Былая салігарчанка, а цяпер жыхарка Баварыі Ала Віедэнман расказала цікавыя факты аб ахове прыроды ў Германіі. А мы параўналі іх з сітуацыяй у Беларусі.
Баварцы ўсвядомілі, што захапленне індустрыялізацыяй нанесла шкоду прыроднаму асяроддзю, асабліва насякомым. Яны заўважылі, што ў прыродзе іх стала значна менш. Сёння можна тыдзень-другі карыстацца аўто і не мыць пярэдняе шкло, на якім раней яны разбіваліся. Значна менш стала пчол.
«У гэтым баварцы ўбачылі пагрозу свайму будучаму, таму актыўна падтрымалі акцыю «Выратуйце пчол», — распавяла суразмоўца. — За студзень-люты 2019 года пад зваротам да ўрада Баварыі падпісаліся амаль два мільёны чалавек. І ўлады пачулі баварцаў».
У выніку звароту ўрад Баварыі пастанавіў:
- 10% тэрыторыі, якая была пад пашай, адвесці пад «Цвятучыя лугі».
- Зменшыць выкарыстанне пестыцыдаў у сяльгаспрадпрыемствах, а ў гарадах іх выкарыстанне забараніць зусім.
- Сельскую гаспадарку як мага больш развіваць экалагічна чыстай.
- Забараніць сеяць рапс на полі, якое папярэдне апрацоўвалася гербіцыдамі.
У гэтай праграме асаблівая ўвага адводзіцца развіццю пчалярства, бо ў свеце лічаць, што пчолы апыляюць каля 80% усіх раслін, таму пчолы стаяць на трэцім месцы пасля кароў і свіней у вытворчасці прадуктаў харчавання чалавека. І людзі ва ўсім свеце клапоцяцца аб пчолах.
Ва ўсіх рэгіёнах Германіі праходзяць мерапрыемствы ў падтрымку ініцыятывы «Deutschland summt» («Пчаліная Германія») за павялічэнне колькасці пчол у гарадах і вёсках.

«Каля нашай вуліцы два ўчасткі зямлі, на якіх раней расла пшаніца ці кукуруза, цяпер адведзены пад залужэнне, нават пабудаваны «гатэлі» для насякомых. Стала модным трымаць пчол на агародах, нават у горадзе на балконах», — кажа Ала Віедэнман.
Рашэнне ўрада Баварыі не канчатковае. Прэм`ер-міністр Маркус Сёдар аб`явіў аб правядзенні круглага стала з ініцыятарамі звароту і прадстаўніцтвам фермерскіх гаспадарак, каб прыняць канчатковае рашэнне.
Як у Беларусі
Пра клопаты аб пчолах у Беларусі расказаў Васіль Кавалец, старшыня аб`яднання «Бортнік»:
«Нашаму аб`яднанню 29 гадоў. У ім каля 3700 пчаляроў, і колькасць штогод павялічваецца.
Мы працуем над тым, каб у пчалярства прыйшлі новыя тэхналогіі ўтрымання, распрацоўваем новыя канструкцыі вулляў і другія прылады. Але колькасць фактараў, якія пагражаюць жыццю пчол, не змяншаецца.
Вось некаторыя з іх:
- Скарачэнне кармавой базы з-за пашырэння пасеваў. Для гэтага выкарчоўваюцца сады, лугавіны.
- Атручванне пчол. Штодня мне тэлефануюць пчаляры з розных рэгіёнаў рэспублікі. «Хімія» на палях і лугах робіць сваю чорную справу.
- Адсутнасць добрых лекаў. Танныя беларускія — неэфектыўныя. Эфектыўныя прывазныя — занадта дарагія. У гэтым накірунку навуковага прарыву не праглядаецца».
УНП 101166185 Пасольства ФРГ у РБ