«Слуцкая спадчына расцярушаная». Ігар Ціткоўскі выпусціў кнігу пра мастакоў Слуцкай зямлі

1
«Слуцкая спадчына расцярушаная». Ігар Ціткоўскі выпусціў кнігу пра мастакоў Слуцкай зямлі
Ігар Ціткоўскі і яго кніга. Фота: Алеся Белая

У мінскім выдавецтве выйшла кніга Ігара Ціткоўскага «Мастацтва Случчыны. Гісторыя. Імёны. Творы» пра мастакоў, якія нарадзіліся ці працавалі тут. Аўтар распавёў «Кур'еру», як рыхтаваў выданне.

ДАВЕДКА. Ігар Ціткоўскі, краязнаўца, выкладчык Слуцкай дзіцячай мастацкай школы, член рэдкалегіі газеты «Кур`ер».

Выкладчык, які шмат напрацаваў

Я не прафесійны мастацтвазнаўца, але так склалася, што ў школе прыйшлося выкладаць гісторыю мастацтва. У часы СССР беларускае мастацтва разглядалася даволі сціпла. Калі Беларусь атрымала незалежнасць, яго сталі вывучаць глыбей. Я некаторыя нішы закрыў вывучэннем мясцовага мастацтва. Матэрыял паступова набіраў аб’ём і ў рэшце рэшт выйшаў за межы вучэбнай праграмы. Узнікла ідэя выдаць брашуру, і пры дапамозе «Кур'ера» яна выйшла ў Слуцкай друкарні. Але прайшоў час, зноў з’явілася пэўная колькасць новых матэрыялаў, і гады два таму ўзнікла пытанне аб тым, каб зрабіць яшчэ адно выданне. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Слуцкага цукровага камбіната, яно з’явілася.

«Слуцкая спадчына расцярушаная». Ігар Ціткоўскі выпусціў кнігу пра мастакоў Слуцкай зямлі
Шлях у 13 гадоў. У 2006 годзе ўбачыла свет кніга «Мастакі Случчыны», зробленая з дапамогай газеты «Кур'ер». Яна стала правобразам сучаснага выдання. Але яшчэ раней — 24 гады таму — было надрукавана вучэбнае выданне «Мастакі і ўмельцы» (1995 год) Фота: Алесь Дастанка

Пра артыкулы

Артыкулы ў кнізе нераўназначныя. Пра некаторых мастакоў - толькі агульныя звесткі, пра іншых — больш разгорнута. Кіраваўся карыснасцю інфармацыі і ўласнымі перавагамі. Напрыклад, свайму настаўніку Уладзіміру Садзіну ўдзяліў больш увагі. Гэта была даніна павагі і звязана з тым, што, напрыклад, пра Скрыпнічэнку, пра Басалыгаў дастаткова многа ўжо напісана ў часопісах, рэспубліканскай прэсе. А пра Уладзіміра Сцяпанавіча было мала. Альбо Адонін — ён цікавы мастак, але ў Беларусі пра яго нічога няма.

Пра цікавыя знаходкі

Былі і нечаканыя знаходкі. Напрыклад, я прыйшоў да высновы, што вядомы аўстрыйскі мастак Іегуда Эпштэйн родам са Слуцка, хаця ў рускамоўных крыніцах ён згадваецца як ураджэнец Магілёўскай вобласці.

Реклама

Таксама аказалася, што вядомы расійскі скульптар Рамуальд Ёдка, які пасля вайны быў рэктарам Маскоўскага дзяржаўнага мастацкага інстытута, нарадзіўся ў Слуцку, выхаванец Слуцкай гімназіі.

«Слуцкая спадчына расцярушаная». Ігар Ціткоўскі выпусціў кнігу пра мастакоў Слуцкай зямлі
Ігар Ціткоўскі. Фота: Алеся Белая

Пра перавагі аўтара

Мяне вельмі цікавіць мастак Кандрат Карсалін. Ён з вельмі беднай мяшчанскай сям'і. Некалі наша 1-я гімназія друкавала звесткі пра сваіх знакамітых выхаванцаў, яны і Карсаліна туды запісалі. На самой справе ён не вучыўся. У сваёй аўтабіяграфіі пісаў, што нават пачатковай адукацыі па беднасці сваіх бацькоў не атрымаў. З 12 гадоў пачаў пісаць абразы як самавучка, потым уваходзіў у склад калектыву іканапісцаў. Пазней вучыўся ў акадэміі, быў вольнапрыходзячым. Акадэмію ён скончыў, атрымаўшы ніжэйшую ступень — пазакласнага мастака. З-за няймення грошай у яго не атрымалася працягваць навучанне. Яму знайшлі работу, адправілі ў Кітай. Але ён сваім талентам і працай дамогся таго, што ўсё ж такі стаў акадэмікам партрэтнага жывапісу, увайшоў у склад савета Акадэміі мастацтваў.

У тэму: Ігар Ціткоўскі: Случчанам трэба пазбаўляцца ад комплексу правінцыялізму. Прэзентацыя кнігі «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры»
Партнёр публікацыі:

«Слуцкая спадчына расцярушаная». Ігар Ціткоўскі выпусціў кнігу пра мастакоў Слуцкай зямлі

Творчасць гэтага мастака дагэтуль нераскрытая. Ён маляваў аўтапартрэты, але яны пакуль што не знойдзеныя. Ёсць меркаванне, якая выява можа адносіцца да яго партрэту, але дакладна гэта невядома. Напрыканцы свайго жыцця ён вярнуўся ў Слуцк і да апошніх дзён жыў тут. І я абсалютна ўпэўнены, што калі ў Слуцку з’явіўся акадэмік партрэтнага жывапісу, іканапісец, то без сумненняў у Слуцку маглі быць патэнцыйныя замоўцы і ён мог тут пакінуць свае работы. Я спадзяюся, што некалі яны выплывуць. З архіваў, фондаў. Ці з прыватных калекцый. Вось гэтыя плямы ў біяграфіі і творчасці мастака мяне цікавяць.

«Слуцкая спадчына расцярушаная». Ігар Ціткоўскі выпусціў кнігу пра мастакоў Слуцкай зямлі
Адзін з разваротаў кнігі «Мастацтва Случчыны. Гісторыя. Імёны. Творы». Фота: Алеся Белая

Што можна было б дадаць

Я звярнуў увагу на тых мастакоў, хто ўжо «склаўся», і абмежаваў сябе канцом ХХ стагоддзя. Але ёсць і маладыя мастакі са Слуцка, якіх можна было б дадаць. З цяперашніх — гэта Алена Леановіч і Міхаіл Дайлідаў, яны працуюць у Мінску. Таксама скульптары — браты Віктар і Максім Палешчукі.

Самы нераспрацаваны раздзел — пра самадзейнае мастацтва. Раней яго разглядалі як нешта другараднае, але гэта вельмі важны складнік культурнага жыцця рэгіёна. Самадзейныя мастакі больш сціплыя, менш выстаўляюцца. У мяне няма звестак пра такіх мастакоў першай паловы ХХ стагоддзя, і гэтая тэма патрабуе асобнага вывучэння.

Акрамя таго, адкрываюцца новыя звесткі. Напрыклад, заснавальнік абстрактнага мастацтва Казімір Малевіч, аказваецца, родам з Капыля. Пра гэта напісаў у сваёй кнізе яго сваяк Ігар Малевіч. А Капыль да рэвалюцыі ўваходзіў у Слуцкі павет. І мы можам уключыць Казіміра Малевіча таксама ў спіс мастакоў Случчыны.

Слуцкае мастацтва расцярушанае па свеце

Да ХVІІІ стагоддзя Слуцк быў сталіцай Слуцкага княства. Гэта ўнікальная з’ява, таму што ўдзельныя княствы ліквідаваліся ўжо з XV стагоддзя. Гэта была дзяржава ў дзяржаве. Культура развівалася дзякуючы ў тым ліку і гаспадарам Случчыны. Тут працавалі іканапісцы, у творчасці якіх былі свае асаблівасці. Слуцкі іканапіс складае вялікую частку збору старажытнага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, некаторых іншых. У XIX стагоддзі ў нашым горадзе быў манастыр, пасля яго закрыцця рухомая маёмасць была адпраўленая ў Пінск. Калі закрылі Слуцкі траецкі манастыр, усе каштоўнасці перавезлі ў Мінск. Раз’язжалася спадчына. Яна расцярушаная.

Як быццам слой чарназёму зрэзалі і развезлі, так XX стагоддзе абышлося з мастацкай спадчынай на Случчыне. У першай палове XX стагоддзя Слуцк — ужо прымежны горад Слуцкай акругі. Мастацтва ў гэты час не развівалася. Напрыклад, фатографа Саміра Юхніна схапілі. У памежным горадзе ходзіць чалавек з фотаапаратам — несумненна, ён выкліча ўвагу органаў. Да яго прычапіліся па дробязі і рэпрэсіравалі. Праўда, ў 28-м годзе яшчэ не надта расстрэльвалі, і яго выслалі. Выхадцы са Случчыны знаходзілі сабе працу ў іншых месцах. Тут не былі запатрабаваныя прафесіяналы. І ў пасляваенны час прафесіяналаў было мала. Дарэчы, Садзін тады пачынаў як самадзейны мастак. Ён вучыўся разам са сваімі вучнямі, потым скончыў завочна інстытут, самастойна стаў прафесіяналам.

Слуцк і ў архітэктурным плане не захаваў свой твар, і многія каштоўнасці з горада разляцеліся. Тыя ж самыя паясы. Каб знайсці звесткі, трэба іх вяртаць.

Кніга-падарунак

Кніга «Мастацтва Случчыны. Гісторыя. Імёны. Творы» не прадаецца ў крамах. Большая частка экзэмпляраў знаходзіцца на цукровым камбінаце, некалькі аўтар падарыў тым, хто дапамог рабіць выданне. Калі хто захоча пачытаць гэтую кнігу, яе можна ўзяць у раённай бібліятэцы.

«Слуцкая спадчына расцярушаная». Ігар Ціткоўскі выпусціў кнігу пра мастакоў Слуцкай зямлі
Фота: Алеся Белая
Реклама

1
Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
1 Авторы комментариев
Nikolas Авторы недавних комментариев
Nikolas
Участник
Nikolas

Вялікае дзякуй паважанаму чалавеку за выданні.