«Мне таксама адрэжаце нагу, як хлопчыку адрэзалі рукі?» Якім было дзяцінства дзяўчынкі з канцлагера Слуцка

1
Реклама

З Верай Ільінічнай Паповай-Сташкевіч я пазнаёміўся падчас святкавання 15-годдзя Салігорскага цэнтра дзіцячай творчасці. Былую настаўніцу і спявачку хора «Натхненне» запрасілі як ганаровага госця. А яшчэ, як стала вядома, яна былы вязень Слуцкага канцлагера.

Я напрасіўся на сустрэчу з Верай Ільінічнай, каб паслухаць яе аповед аб ваенным дзяцінстве і цяжкім пасляваенным юнацтве.

Вязень Слуцкага лагера, Слуцк
Лёс чалавека. «Сёння мая задача дажыць да 3 ліпеня. Гэты дзень у мяне святочны двойчы: Дзень вызвалення Беларусі і Дзень майго нараджэння. Мне будзе 85 гадоў», — кажа Вера Ільінічна. Фота: Уладзімір Амяльчэня
«Расказаць пра ваеннае дзяцінства — справа цяжкая: паднімаецца крывяны ціск, пачынае балець галава, ды шмат чаго забылася», — сказала мая суразмоўца. Але паціху, супакойваючы адзін аднаго, мы паўспаміналі самыя страшныя часы жыцця.

Два тыдні правучылася, і прыйшлі немцы

«Нарадзілася я ў Расіі, на Пскоўшчыне, у вёсцы Нікуліна, — пачала свой аповед Вера Ільінічна. — У вёсцы была толькі пачатковая школа, а вакол вялікі лес. Бацька вярнуўся з Фінскай вайны інвалідам, з прастрэлянай правай рукою, якою нават лыжку не мог трымаць.

У 1941 годзе мяне сабралі ў школу ў першы клас. Правучылася два тыдні, як у вёску прыйшлі немцы, школу закрылі. Я плакала, бо вельмі спадабалася мне вучыцца. Зімавалі ў сваёй хаце.

Реклама

Але ў сакавіку 1942 года немцы спалілі сем вёсак, нашу таксама. Мы пераехалі да радні ў вёску Будніца, дзе жылі да наступнай зімы. Потым нас вывезлі ў Невель. Да чыгункі везлі на вялікіх машынах, мы былі без цёплай вопраткі, мерзлі. А ў вагоне нас было так многа, што нельга было павярнуцца, я ледзь дыхала.

Адзін раз у вагон прынеслі бідон вады з чарпаком і некалькі пляскатых круглых хлябоў. Мне таксама дасталіся чарпак вады і кавалачак хлеба. Як ехалі ў цягніку потым, не помню, бо часам губляла прытомнасць. Прывезлі нас і сталі выгружаць. Гэта быў горад Слуцк.

У Слуцкім канцлагеры

Нас прыгналі ў першы ваенны гарадок, у вялікую казарму. Людзі займалі нары, каму месца на нарах не хапала, клаліся на падлогу. Прынеслі бідон вады і бідон нейкай пахлёбкі.

Нашы дні ў лагеры былі падобныя адзін на другі. Жанчыны і дзеці заставаліся ў казарме, а мужчын выганялі капаць ямы на тэрыторыі ваеннага гарадка. Бацька расказваў, што праз два-тры дні гэтыя ямы напаўняліся памерлымі. Капаліся новыя ямы.

Бацька, я і меншы брацік захварэлі на тыф. Брацік памёр, мы выжылі. Памятаю, гэта ўжо было лета. Жанчын і дзяцей выгналі з казармы, пасадзілі на падводы і павезлі ў бок вёскі. Мяне з мамай пасялілі ў адной жанчыны з Падлесся. Ніколі не забудзецца, як гаспадыня раніцаю і вечарам паіла мяне цёплым малаком. Мама дапамагала жыхарам вёскі па гаспадарцы, а тыя нас кармілі і апраналі.

Вязень Слуцкага лагера, Слуцк
Фота з архіва Веры Ільінічны Паповай-Сташкевіч

Жыццё ў Слуцку

Восенню 1943 года нам дазволілі пакідаць вёску. З мамай пайшлі ў Слуцк шукаць бацьку. На вуліцы ў горадзе сустрэлі знаёмага па лагеру, ён падказаў, у якім бараку жыве бацька. У гэтым бараку мы пражылі зіму 1943−1944 гадоў.

Вясною бацька знайшоў пустуючы ларок, у які мы перасяліліся. Па гораду сталі хадзіць чуткі, што блізка Чырвоная Армія. Начамі горад сталі бамбіць савецкія самалёты, таму з ларка на ноч мы выходзілі ў поле, а раніцою вярталіся. Але немцы хутка перасталі выпускаць з горада. Тады мы цішком пракраліся з горада і назад не вярталіся. Жылі ў жыце.

Аднойчы ноччу пачулі, што нехта побач паўзе. Гэта былі чырвоаармейцы, з чырвонымі зоркамі на пілотках. Колькі было радасці! Мы паказалі ім, як можна зайсці незаўважаным у горад. Салдаты абяцалі вярнуцца за намі, але мы іх не дачакаліся.

Вызваленне Слуцка

Вечарам жытняе поле, дзе мы хаваліся, сталі абстрэльваць з гармат. Мама сказала легчы галава да галавы. Калі загінуць, дык усім разам. Пасля выбухаў нас засыпала зямлёю. Я прыўставала, абтрэсвала зямлю і бачыла сонейка.

Пасля аднаго выбуху, не ведаю, колькі праляжала прысыпаная зямлёю, хацела паглядзець на сонейка, але зразумела, што нічога не бачу. Я вочы пацёрла — усё роўна нічога не бачу. І тут я адчула, што ляжу на чымсьці мокрым. Я намацала нешта ліпкае, гарачае. Тут да мяне стаў вяртацца зрок, убачыла, што з маіх пальцаў сцякае кроў, а пада мною — цэлая лужына крыві. Бацька прыпадняўся, паглядзеў на мяне і сказаў, што я ранена. Але ў мяне нічога не балела. А з маёй левай нагі тырчалі голыя косці. Мама схапіла мяне на рукі, і мы ўсе пабеглі з жыта. З кустоў насустрач выбег маладзенькі савецкі салдат, на рукаве белая павязка з чырвоным крыжам. «Дайце, я перавяжу раненую», — сказаў ён.

У шпіталі

Пасля мяне занеслі ў палявы ваенны шпіталь. Вакол яго, здавалася, цэлае поле застаўлена насілкамі з раненымі. Ноччу мне рабілі аперацыю. Перад гэтым я ўбачыла малога хлопчыка, у якога былі адрэзаны далоні абедзвюх рук. У доктара-хірурга я спытала: «Мне таксама адрэжаце нагу, як хлопчыку адрэзалі рукі?». Доктар адмоўна памахаў галавой, што мяне вельмі ўзрадавала.

Праз некалькі дзён палявы шпіталь паехаў далей за фронтам. Хутка па маёй назе сталі поўзаць чарвякі. Бацька знайшоў у горадзе стацыянарны ваенны шпіталь. Начальнік шпіталя прыставіў да мяне доктара. Ён прыносіў лекі, рабіў перавязку. Нага мая поўнасцю зажыла амаль праз год — да Дня Перамогі.

Мірнае жыццё

У 1954 годзе я скончыла 10-ю школу ў Слуцку і паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут. Калі атрымала дыплом, мне далі накірунак на працу ў Магілёўскі райком камсамола, але я папрасілася ў вясковую школу. Усе здзівіліся, але не адмовілі.

Вязень Слуцкага лагера, Слуцк
Фота з архіва Веры Ільінічны Паповай-Сташкевіч
Прыехала ў Асавец Любанскага раёна. Там школа-дзесяцігодка. Пераначавала на кватэры першую ноч, выйшла ранкам на вуліцу, каб азнаёміцца з вёскай, а ў гэты момант з хаты цераз вуліцу выйшаў рослы, дужы хлопец у матроскай цяльняшцы. Так я сустрэлася са сваім будучым мужам. Вось ён, на фота ў рамачцы. Шкада, рана памёр.
Вязень Слуцкага лагера, Слуцк
Фота з архіва Веры Ільінічны Паповай-Сташкевіч
Сёння мая задача дажыць да 3 ліпеня. Гэты дзень у мяне святочны двойчы: Дзень вызвалення Беларусі і Дзень майго нараджэння. Мне будзе 85 гадоў".

Реклама

1
Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
1 Авторы комментариев
Nikolas

Вось так Беларусь стала роднай краінай.Дай Бог здароўя жанчыне.