Паездка ў Нямеччыну: назіранні і невялікія параўнанні

0

Апошні раз у Германіі быў у 1998 годзе, калі знаёміўся з працай народных вышэйшых школ адукацыі (Volkshochschule). Аднак тая паездка пакінула ўражанні ў асноўным толькі аб нямецкай сістэме адукацыі. Пагэтаму падчас цяперашняга візіту па запрашэнні нямецкага боку ў складзе прадстаўнікоў недзяржаўнай прэсы часцей у памяці паўставалі эпізоды экскурсіі ў ГДР у 1984 годзе.

Паездку савецкіх часоў добра запомніў хутчэй з-за таго, што выезд за мяжу СССР тады быў проста вялікай падзеяй. Можа пагэтаму зараз вольны час у Берліне хацелася больш выкарыстаць, каб паспець наведаць цэнтр сталіцы Германіі і пабываць у тых мясцінах, аб якіх нагадваў уласны альбом з фотаздымкамі сацыялістычных часоў. І дарэчы, гэта ўдалося, бо пражывалі ў гатэлі, які знаходзіцца недалёка і ад Аляксандарпляц, і ад Брандэнбургскіх варот.

Паездка ў Нямеччыну: назіранні і невялікія параўнанні, Слуцк
Візітная картка. Гадзіннік свету на Аляксандарпляц у Берліне — зручнае месца для сустрэч. Фота: Сяргей Станкевіч
Апынуўшыся ў першы ж вечар на Аляксандарпляц, узгадаў гадзіннік свету, дзе нам раней раілі прызначаць сустрэчы з сябрамі, дзе і зараз, падобна, гэта робяць. Гадзіннік выглядае як вялікі барабан, што надзеты на калону. Гэта адначасова і гадзіннік, і сімвалічнае ўяўленне сусвету ў выглядзе спрошчанай сістэмы з планетамі і арбітамі з металічных шарыкаў і кольцаў.

Плошча была запоўнена перадкаляднымі кірмашамі, поўна людзьмі, пагэтаму ўзгадаць-параўнаць ранейшае з сучасным было не так проста. Ды і ў памяці многае ўжо сцёрлася. З’явіліся сучасныя маркеты. Гатэля з шыльдай «Штадт Берлін» не знайшоў. Аднак па архітэктурным вобліку сучаснага гмаху «Парк Інн» усё ж такі няцяжка было заўважыць, што гэта і ёсць абноўлены і мадэрнізаваны той самы «Штадт Берлін», з 14-га паверха якога наша група савецкіх турыстаў мела магчымасць захапляцца відамі на Аляксандарпляц і Берлін увогуле. Пазней экскурсавод пацвердзіла, што я не памыліўся.

Реклама

Познім вечарам не вытрымаў і ў адзіноцтве адправіўся на экскурсію да Брандэнбургскіх варот. Зноў жа ўзгадваў, як тады ў 1984-м нас проста падвезлі ў гэты раён і здалёк паказалі вароты, Берлінскую сцяну, сказалі, што рэйхстаг, пытанне аб якім было на вуснах кожнага, знаходзіцца там за варотамі. Зараз не спынілі ні халодны дожджык, ні позні час — не мог не абысці ўвесь гэты раён, паглядзець на след ад сцяны, які ўдала без перашкод для руху цэглай пазначаны на гарадскіх вуліцах. Зрабіў начныя здымкі і атрымаў адпаведныя эмоцыі. Побач каля варот і рэйхстага былі невялікія групкі турыстаў. Самі берлінцы адрозніваюцца, як і раней заўважыў, тым, што рана пачынаюць свой працоўны дзень і даволі рана (па нашых мерках) адпраўляюцца адпачываць.

Паездка ў Нямеччыну: назіранні і невялікія параўнанні, Слуцк
Навагодні настрой. Немцы любяць і знаходзяць крэатыўныя рашэнні ў простых рэчах. Фота: Сяргей Станкевіч
Аднак у немцаў ёсць і мноства іншыя павучальных рысаў. Пра гэта многа напісана і сказана, падзялюся і некалькімі кароткімі асабістымі назіраннямі.

Грамадзянскія ініцыятывы

Развітваючыся з членамі некамерцыйнага аб’яднання «Круглы стол Хольцміндэн — Беларусь», злавіў сябе на думцы, што не так часта сустракаеш такіх шчырых і добразычлівых людзей, як гэтыя ініцыятыўныя актывісты, што на працягу доўгага часу за свае ўласныя сродкі дапамагаюць беларускім сем’ям, якіх не абмінула катастрофа Чарнобыля.

Паездка ў Нямеччыну: назіранні і невялікія параўнанні, Слуцк
Ініцыятывы. Корд Манегольд, старшыня аб’яднання «Круглы стол Хольцміндэн-Беларусь», з цеплынёй успамінаў, як іх прымалі ў беларускіх сем’ях у 1991 годзе. Фота: Уладзімір Скрабатун
На сумесным пасяджэнні Корд Манегольд, першы старшыня гэтай ініцыятывы, разам з калегамі сталага ўзросту ўзгадвалі, як яны ў 1991 годзе з сабранай гуманітаркай адправіліся ў невядомую тады Беларусь, паказвалі фотаздымкі тых паездак. Прызналіся, што баяліся — было вельмі мала інфармацыі. З гумарам прыпаміналі тыя прыгоды і штучныя перашкоды, якія давялося пераадольваць падчас падарожжа, як пазнаёміліся з дэфіцытам аўтазаправак і купонамі для атрымання паліва. З цеплынёй расказвалі пра сустрэчы ў Беларусі, пра тое, як іх прымалі ў беларускіх сем’ях. Узгадвалі, дарэчы, і пра дактароў са Слуцкай бальніцы, наведваўшых ужо пазней Ніжнюю Саксонію і сам Хольцміндэн, дзе ў сённяшнія дні да таго ж працуюць многа беларускіх медыкаў у евангеліцкай бальніцы.

Яны, людзі немаладога ўжо веку, і зараз працягваюць працу сваёй ініцыятывы, падключаюць маладых суайчыннікаў. Уражваюць аптымізм і настойлівасць у гэтай справе, жыццярадаснасць нямецкіх актывістаў.

Гановер адрадзілі з руін

Падчас Другой сусветнай вайны, як пазначыла наша гід, гэты адміністрацыйны цэнтр зямлі Ніжняя Саксонія разбамбілі на 90 адсоткаў. Ставілася пытанне пра тое, каб яго наогул не адраджаць, а пачаць будаўніцтва на новым месцы. Але менавіта самі гановерцы вырашылі па-іншаму.

Паездка ў Нямеччыну: назіранні і невялікія параўнанні, Слуцк
Знаёмства з горадам. У Гановеры яго можна пачаць з агляда чатырох макетаў, на якіх засведчана, як горад выглядаў падчас розных гістарычных перыядаў. Фота: Уладзімір Скрабатун
Вялікімі намаганнямі былі адноўлены гістарычныя будынкі і інфраструктура. Падчас экскурсіі заставалася толькі здзіўляцца, з якой любоўю немцы ставіліся і ставяцца да захавання гістарычнай спадчыны, як у новыя будынкі яны ўмайстравалі фрагменты ад разбураных архітэктурных помнікаў.

Глядзіш на гэта і міжволі ловіш сябе на думцы: «Чаму ў нас, нават у структурах улады, іншым часам пераважаюць абыякавасць і нежаданне пазнаваць і зберагаць сваю гісторыю?» Заходзіш у Новую ратушу (дарэчы, уваход вольны, без папярэдняга дагляду, хоць там і рэзідэнцыя мэра горада з органамі мясцовага кіравання) — і перад табой у свабодным доступе паўстаюць чатыры макеты горада розных перыядаў. У цябе ёсць магчымасць пераканацца, што ніякія спасылкі на аварыйны стан будынкаў не могуць прымацца ў разлікі, калі вырашаецца пытанне аб захаванні гістарычнай спадчыны. Наадварот, падкрэсліваецца, што зроблена ўсё, каб былі падставы ганарыцца горадам і яго жыхарамі.

І для жыхароў, і для гасцей прыдумана эксклюзіўная «Чырвоная нітка» — турыстычны маршрут працягласцю больш за 4 км, які пазначаны на ходніках гарадскіх вуліц чырвонай фарбай і які дазваляе самастойна пазнаёміцца з асноўнымі гістарычнымі і культурнымі аб’ектамі горада. Што ні кажы — вельмі зручна.

Улада і СМІ ў Гослар

Пасля сустрэчы з прэс-сакратаром мясцовай улады ў Гослары на маё рытарычнае пытанне да калег: «Можа сюды трэба накіроўваць нашых чыноўнікаў, каб навучыліся будаваць такія мадэлі адносін прэсы і ўлады?» пачуў у адказ: «Дык яны ездзяць столькі, што табе і не сніцца. Толькі толку няма».

Раённы цэнтр Гослар — горад па колькасці насельніцтва (каля 52 тысяч) параўнальны са Слуцкам. Як і ў Гановеры, тут зноў звяртаеш увагу на беражлівыя адносіны да архітэктуры і будынкаў, якім бы ў нас наклеілі ярлык «аварыйны стан». Пры не меншай колькасці транспарту тут аднак не сустракаеш на вуліцах «ляжачых паліцэйскіх» — парадак і ўзаемапавага дасягаюцца і без штучных перашкод. Ахоўнікі парадку, падалося, больш добразычлівыя, чым у нас. Гэта было прыкметна ва ўсіх гарадах. На не надта ажыўлённых вуліцах ніхто цябе не будзе прымушаць пераходзіць іх менавіта на пешаходным пераходзе, да якога крочыць яшчэ метраў 50. Калі на гэтай вуліцы невялікі рух — ты можаш з перасцярогай перайсці яе ў іншым месцы. Вуліцы добра асвятляюцца, пагэтаму няма і «праблемы флікераў». Цікава было наглядаць за цярплівасцю паліцэйскіх, якіх наш калега доўга распытваў аб месцазнаходжанні разрэкламіраванага піўнога бара — выслухалі і з усмешкай далі парады.

Паездка ў Нямеччыну: назіранні і невялікія параўнанні, Слуцк
Гістарычная спадчына — святое. Жыхары Гослара зберагаюць і ганарацца архітэктурай свайго горада. Захоўваюць нават «падаючыя» дамы. Фота: Сяргей Станкевіч
«У нас добрыя адносіны з прэсай, — пазначыла Ванэса Нёр, прэс-сакратар гарадской адміністрацыі Гослара, у мінулым сама журналістка. — Мы ж адзін ад аднаго залежым». Каб падтрымаць прэсу, па словах Ванэсы, першынство ў падачы інфармацыі мясцовая ўлада аддае ёй. Ужо пазней рыхтуе свае прэс-рэлізы. І гэта нягледзячы на тое, што ўлада мае і свой сайт, куды напрамую могуць звяртацца жыхары.

«У горадзе чатыры газеты і адзін анлайн-рэсурс. Стараемся з усімі падтрымліваць кааперацыю, — пазначае прэс-сакратар. — На вусныя і пісьмовыя звароты прэсы даём адказы праз 3−5 гадзін. Адзін раз у некалькі месяцаў праводзім сумесныя вечары дыскусійнага плану. Калі выдаўцы памыліліся — добразычліва просім выправіць памылкі». Такі падыход, пераканана Ванэса Нёр, абавязвае журналістаў працаваць сумленна.

Неяк не хацелася параўноваць гэтую сістэму працы са звыклымі (і ўжо, прызнаемся, абрыдлымі і зняважлівымі) у нас адказамі з боку некаторых чыноўнікаў ці іх падначаленых пра «няма каментарыяў» ці «чытайце пра гэта ў раёнцы».

Аб арганізатарах і надзеях

Гэта паездка па запрашэнні МЗС Германіі наогул была як раз і арганізавана, каб пазнаёміцца з вопытам работы нямецкіх выдаўцоў, з іх бачаннем будычыні друкаванай прэсы і анлайн-медыя. Пра прафесійнае ў рамках гэтага артыкула не хочацца надакучваць чытачам. Аднак можна заўважыць, што калегі з Германіі таксама зараз у пошуку варыянтаў арганізацыі эфектыўнай працы ў пазначаных накірунках. Здавалася іншым часам нават, што мы апярэджваем па развіцці нашых анлайн-медыя. Праўда, потым прызнанні іх выдаўцоў, што немцы ўсё вельмі доўга планіруюць і пралічваюць перад тым, як пачаць здзяйсняць задуманае на практыцы, міжволі прымушалі яшчэ раз прааналізаваць, ці не спяшаемся мы з такімі высновамі. Пагадзіліся, што лепш паспрабаваць супольна ў гэтым накірунку папрацаваць як з кіраўнікамі нямецкіх выданняў, так і з іх некамерцыйнымі арганізацыямі выдаўцоў, з прафсаюзам журналістаў.

Паездка ў Нямеччыну: назіранні і невялікія параўнанні, Слуцк
Прафесіяналы. Ірына Лінке (справа на здымку), супрацоўніца Інстытута Гётэ, самастойна вывучыла рускую мову і без цяжкасцей супрацоўнічала з беларускімі выдаўцамі. Фота: Сяргей Станкевіч
Паездка, арганізацыю якой забяспечыў Інстытут Гётэ, наогул была насычанай і інфарматыўнай, з цікавымі экскурсіямі і сустрэчамі. З супрацоўнікамі Інстытута Ірынай Лінке і Чыхаб Эль Хардуз, якія не лічыліся з цяжкасцямі і асабістым часам, якія ўмелі нават прадбачыць нашы жаданні, працаваць было лёгка і вельмі прыемна. Мы па-сапраўднаму пасябравалі і развіталіся з сур’ёзнай надзеяй на далейшую выніковую супрацу.

УНП 101 166 185 Пасольства ФРГ у РБ

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии