Жыхарка вёскі Заўшыцы, што на Салігоршчыне, Вольга Пятроўна Магілявец-Шпакевіч — заўзятая ўдзельніца разнастайных ярмарак народных промыслаў.

Вольга Пятроўна кажа, што навучылася вязаць спіцамі і кручком яшчэ ў маленстве.
«Нарадзілася ў сялянскай сям`і на Палессі. З аднаго боку рака Прыпяць, з другога — рака Гарынь. Амаль штогод вёска падтаплялася. Тады ў школу плавалі на лодцы. З малых гадоў навучылася з вёсламі ўпраўляцца, — расказвае Вольга Пятроўна. — З дзяцінства жыву ў працы. Зімою дарослыя займаліся вязаннем, пляценнем. Вучылася гэтай справе і я».

Пасля школы Вольга прыехала ў Салігорск. Працавала прадаўцом, выйшла замуж за хлопца з вёскі Заўшыцы. Працаваў муж на калійным камбінаце, сям`я атрымала гарадскую кватэру. Вырасцілі дваіх дзяцей.
«Але вёска для нас была раднейшай. Таму ўзялі зямельны ўчастак пад дачу. Пабудавалі з мужам свой дом. Шкада, ён рана памёр, — сумуе гаспадыня. — Калі засталася адна, вярнулася да таго, чаму была навучана ў дзяцінстве. Вучу вязанню дзяцей і дарослых. Вязанне — мой ратунак ад адзіноты».
