Патрыёт прафесіі. Тамара Галоўчык вучыць дзяцей майстэрству вось ужо палову стагоддзя

0
Реклама

Няшмат можна сустрэць педагогаў, якія паўстагоддзя навучаюць дзяцей. Але калі пашукаць, то можна знайсці такіх патрыётаў сваёй прафесіі.

У Салігорскім цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Тамара Галоўчык працуе 36 гадоў. Калі скончыцца гэты навучальны год, яе агульны педагагічны стаж будзе 50 гадоў.

Вучыць майстэрству, Слуцк
Фото: Уладзімір Амяльчэня

Шлях да прафесіі

Нарадзілася і вырасла Тамара Аляксандраўна ў сялянскай сям'і ў вёсцы Шышчыцы. Да працы звычная з дзяцінства — валодала нават сякерай і пілой.

Калі скончыла школу, захацелася юнай Тамары паглядзець свет. Выбрала Валагодскі педагагічны інстытут імя Герцэна. На апошнім курсе сустрэлася з беларускім хлопцам, пажаніліся.
У 1969 годзе, пасля заканчэння вучобы, прыехалі ў Салігорск — на радзіму мужа. З гэтага часу і працуе Тамара Аляксандраўна на ніве адукацыі.

Реклама

Да 1982 года была выхавацелем у дзіцячым садку, потым прыйшла педагогам пазашкольнай адукацыі на тэхнічную станцыю дзяцей і юнацтва. Побач з ёй працуюць і дзве яе дачкі. Яны таксама выбралі прафесію педагога.

Чаму ў пазашкольнай адукацыі цяжэй

«Я люблю дзяцей, якія прыходзяць у гурток, як сваіх, — кажа Тамара Галоўчык. — Навучыць можна толькі таму, што любіш, і зразумець можна толькі таго, каго любіш. Спадзяюся, што дзеці гэта адчуваюць і прыходзяць да мяне ў клас».

Тамара Аляксандраўна лічыць, што праца педагога пазашкольнай адукацыі значна складаней, чым педагога ў школе.
«Па-першае, у школу вучань ідзе па абавязку, а да нас — толькі па зацікаўленасці, — кажа яна. — Гэтую дзіцячую цікаўнасць трэба падтрымліваць і развіваць».

Вучыць майстэрству, Слуцк
Надзея. Педагог спадзяецца, што для кагосьці з яе выхаванцаў заняткі ў гуртку стануць лёсавызначальнымі ў выбары прафесіі. фота: Уладзімір Амяльчэня
Яшчэ адзін бок, які робіць працу педагога па-за школай цяжэйшай, — гэта дрэннае фінансаванне.

«Для паспяховай працы ў гуртках трэба шмат розных матэрыялаў, а грошай на гэта ў аддзела адукацыі заўсёды няма, — кажа Тамара Аляксандраўна. — Калі ў школе навучэнцы забяспечаны падручнікамі і матэ­рыяламі, то ў гуртку, каб зрабіць нейкі выраб, трэба прасіць бацькоў, каб далі грошай, каб набылі інструмент. Зараз больш з дапамогай бацькоў выхаванцаў гурток забяспечваецца расходнымі матэ­рыя­ламі».

Але, як кажа Тамара Галоўчык, нягледзячы на ўсе складанасці, яна адчувае сябе шчаслівай. «Калі бачу радасць свайго навучэнца ад першых поспехаў у стварэнні мадэлі самалёта, трактара ці ракеты, якія рухаюцца, лётаюць, едуць, то разумею, што мая прафесія патрэбная, — упэўнена яна. — І менавіта гэты поспех і зацікаўленасць дзіцяці калісьці стануць для яго лёсавызначальнымі ў выбары прафесіі».

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.