Партыя БНФ падала заяўку на акцыю ў гонар Слуцкага збройнага чыну

17
Реклама

8 лістапада сябры Сойму Партыі БНФ Павал Батуеў і Віталь Амяльковіч падалі у Слуцкі райвыканкам заяву аб правядзенні ў Слуцку масавых акцый (дэманстрацыі і мітынгу), прымеркаваных да 98-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну.

Сёлета правядзенне традыцыйнай акцыі прызначана на 24 лістапада, суботу.

Пад заявай аб правядзенні масавага мерапрыемства стаяць подпісы чатырох арганізатараў акцыі:

  • намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч;
  • сябра Сойму Партыі БНФ Павал Батуеў;
  • сябра Сойму Партыі БНФ і каардынатар Руху «За Свабоду» па Мінскай вобласці Віталь Амяльковіч;
  • прадстаўнік руху салідарнасці «Разам», мастак суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў.
Реклама

Каментуючы планы аб правядзенні будучай акцыі, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што ў апошнія гады ўлады звычайна даюць дазволы на правядзенне дэманстрацыі ў Слуцку. Апошні выпадак забароны акцыі быў у 2014 годзе. Палітык выказаў спадзяванне, што сёлетняя акцыя павінна прыцягнуць больш грамадскай увагі, бо прыпадае на год стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі, пад чыімі штандарамі быў распачаты Слуцкі збройны чын.

«Слуцкае паўстанне — адзін з найяскравейшых прыкладаў праявы мужнасці і адвагі беларусаў, якія змагаліся за незалежнасць нашай краіны. Менавіта такія гістарычныя даты мы павінны шанаваць дзеля мацавання незалежнасці Рэспублікі Беларусь на цяпершнім этапе яе развіцця. Мы разлічваем, што на акцыю ў Слуцку прыедуць патрыёты і з Мінску, і з іншых гарадоў», — сказаў Аляксей Янукевіч.

Як чакаецца, рашэнне выканкама аб дазволе акцыі ў Слуцку павінна быць прынята не пазней за 19 лістапада.

Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году. Адзін месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялян, супраціўляліся наступу савецкіх войскаў. 14 лістапада 1920 году распачалася збройная абарона незалежнасці Беларусі на Случчыне. У гэты дзень там распачаўся з’езд, які абраў Раду Случчыны. Задачамі Рады стала арганізацыя грамадзянскага кіравання, а таксама абароны краю. З’езд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і наваколлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі. Збройныя дзеянні адбываліся з 27 лістапада па 31 снежня 1920 году.

З 1980-х гадоў угодкі Слуцкага паўстання як знакавая падзея ў гісторыі барацьбы за незалежнасць Беларусі адзначаецца беларускім грамадствам як Дзень Герояў. Афіцыйныя ўлады ігнаруюць антыбальшавіцкі збройны чын.

Реклама