Дата нараджэння: ХХ.ХХ.1918… Случчанка адсвяткавала 100-гадовы юбілей і ўсё добра памятае

1
Адсвяткавала 100-гадовы дзень нараджэння, Слуцк
Старажыл. Франю Сцяпанаўну Лабковіч даглядае малодшая дачка Валянціна. Але юбілярка кажа, што хоча сама не­шта рабіць. Фота: Васіль Цішкевіч

У Франі Сцяпанаўны Лабковіч, якой у сярэдзіне кастрычніка споўнілася 100 гадоў, шасцёра ўнукаў, восем праўнукаў і адзін прапраўнук. Старажыл вёскі Апаліны добра памятае, што адбывалася шмат гадоў назад, як выжывалі людзі падчас нямецка-фашысцкай акупацыі.

Случчанка адсвяткавала 100-гадовы дзень нараджэння
Фота: Васіль Цішкевіч
Франя Лабковіч нарадзілася ў вёсцы Рудня. Калі выйшла замуж за Івана Лабковіча, пераехала ў Апаліны.

«Жылі мы ў згодзе, — расказвае Франя Сцяпанаўна, — працавалі ў калгасе. Нарадзілі дзетак.

У першыя дні вайны муж адправіўся на прызыўны пункт у Слуцк. Але ў будынак педвучылішча, дзе ён тады размяшчаўся, трапіла бомба. І мужчыны вярнуліся дахаты.

Реклама

У гэты час Случчыну акупіравалі фашысты. Старастам вёскі Апаліны стаў Уладзімір Шумельчык. У самым пачатку акупацыі гэты Шумельчык разам з паліцаямі забраў усіх мужчын, якія вярнуліся з прызыўнога пункту. Там быў і мой Іван. Яго лёс, як і іншых мужчын з Апалін, так і застаўся невядомым.

Пазней у нашых лясах Фамін сфарміраваў партызанскі атрад (імя Ракасоўскага брыгады імя Фрунзе — Прым. аўтара). Многія з жыхароў Апалін пайшлі біць акупантаў і іх памагатых сабачнікаў, так у нас называлі паліцэйскіх. Гэта стала вядома ў Грэску, а таксама Слуцкай акупацыйнай уладзе.

У студзені 1943 года ў Апалінах стаяў карны атрад, якім кіраваў Андрэй Бузук. Гэта быў сапраўдны кат, які не ведаў міласці. Бузук расстраляў сем`і Філіпчыкаў, Пятроўскіх, Няронскіх, Шумельчыкаў. Гэта былі ў асноўным старыя, дзеці і жанчыны. Расстрэльваў цэлымі сем`ямі, днём і ноччу. Бузук расправіўся з арганізатарамі калгасаў і партызанскімі сем`ямі.

Жыхары вёскі пасля масавага расстрэлу ў 1943 годзе перасяліліся ў грамадзянскі партызанскі лагер за Пераходамі. Цяжка нават успамінаць і расказваць пра тое, як нам жылося там з маленькімі дзеткамі. Каб не дапамога партызан, наўрад ці выжылі б.

Пасля вызвалення Случчыны ад фашыстаў жанчыны некалькі месяцаў перавозілі свае зямлянкі і ставілі іх у Апалінах. Складвалі печы, каб не змерзнуць зімой. Аднаўлялі калгас. Цяжка жылося ў пасляваенны час. Што патрэбна, каб пражыць 100 гадоў? Працаваць, любіць жыццё і любіць людзей".

Лічба

6 жыхароў Случчыны дасягнулі 100-гадовага ўзросту (дадзеныя на 16.10.2018), а па ўсёй Беларусі жывуць 450 чалавек.

Паводле інфармацыі лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, на працягласці жыцця генетыка ўплывае толькі збольшага. Найважнейшым фактарам з’яўляецца навакольнае асяроддзе. Акрамя таго, вялікае значэнне мае тэмперамент чалавека. Вядома, што аптымісты жывуць даўжэй, чым негатыўныя і раздражняльныя людзі. Па статыстыцы, даўжэй усяго жывуць у вёсках Віцебскай вобласці, таксама доўгажыхароў часта можна сустрэць у Гродзенскай і Мінскай абласцях. Уся справа ў тым, што там свежае паветра, людзі фізічна актыўныя і спажываюць шмат гародніны і малочных прадуктаў.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Николай Зыков
Николай Зыков
26 октября 2018 03:48

Дай Бог бабулі здароўя і пажыць далей. Каб у кнігу рэкордаў Гінэса трапіць.А паліцэйскага Бузука вынайшлі, быў суд, калі не памыляюся,ў 1977 годзе. Ён быў ужо зусім стары.78 гадоў, здаецца. Сведкаў яго злачынстваў было тады многа. Прысуд ясны. Я даволі добра ведаю пра гэтую карную аперацыю.