Доктар хімічных навук: Ехаў у Германію на час, а атрымалася назаўсёды

1
СУАЙЧЫННІК. Мікалай Гапонік, доктар хімічных навук, 18 гадоў таму пераехаў у Гамбург. Фота: Уладзімір Амяльчэня
СУАЙЧЫННІК. Мікалай Гапонік, доктар хімічных навук, 18 гадоў таму пераехаў у Гамбург. Фота: Уладзімір Амяльчэня
Реклама

Маё падарожжа ў Герма­нію ішло да заканчэння. У аэрапорце імя Гавела ў Празе прайшоў рэгістрацыю, пашпарт­ны кантроль. Выйшаў на пасадку згодна з раскладам да выхаду № 5 і чакаю. Ды толькі чамусьці сядзім з жонкай удваіх. Няўжо самалёт панясе нас дадому толькі адных?

І тут да нас накіроўваецца малады чалавек. Ён яшчэ слова не паспеў сказаць, а ў мяне да яго родныя пачуцці ўзніклі, быццам знаёмы з ім даўным-даўно. «Вы на Мінск? Трэба перайсці да выхаду № 2, — упэўнена сказаў ён. — Аб`явілі аб гэтым толькі што».

І вось сядзім мы ра­зам з ім у накапляльніку ў чаканні пасадкі. «Вяртаецеся дадому?» — спытаў я маладога чалавека. «Еду ў камандзіроўку, заадно і маці праведаю», — адказаў. Я здзіўлена паглядаю яму ў вочы. А ён папярэдзіў маё пытанне адказам: «Мой дом цяпер у Германіі, у Дрэздэне. Нават ёсць агарод пры доме, бо які беларус без агароду?» — «Гэта, мусіць, цікавая гісторыя?» — не ўтрымаўся я. «Ды не зусім цікавая. Ад`язджаў часова, а атрымалася назаўсёды», — сказаў мой суразмоўца. І распавёў гісторыю свайго пераезду ў Германію.

«Я нарадзіўся ў Мінску. Калісьці бацькі пераехалі ў сталіцу шукаць лепшай долі. Прозвішча маё Гапонік, распаўсюджана на Брэстчыне. Завуць Мікалай Паўлавіч, доктар хімічных навук.
У 1992 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 2000 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і праз тры дні з`ехаў у Гамбург.

Реклама

Паехаў, каб займацца навукай. Пяць гадоў працаваў у Гамбургскім універсітэце, абараніў доктарскую дысертацыю і вось 13 гадоў працую ў Дрэздэнскім тэхнічным універсітэце. Жонка таксама працуе ў гэтым універсітэце, выкладае хімію. З ёю вучыліся ра­зам на хімічным факультэце ў Мінску.

У нас двое дзяцей. Старэйшая дачка — аспірант па хіміі ў Дрэздэнскім універсітэце. Дзеці доб­ра валодаюць нямецкай мовай. Калі мне даводзіцца пісаць па-нямецку, яны рэцэнзіруюць, выпраўляюць мае памылкі. Лекцыі чытаю большасць па-англійску, хоць са студэнтамі вольна размаўляю па-нямецку. Англійская мова ў навуцы стала сусветнай.

Заўтра буду чытаць лекцыю ў дзяржаўным універсітэце ў Мінску. На роднай, беларускай, мове размаўляць стала цяжка, але чытаю і разу­мею. Калі пакідаў Мінск, у краіне было цяжка з грашыма на навуку. Не скажу, што ў Германіі на навуку даюць грошай столькі, колькі патрабуеш, але даюць, не адказваюць».

Тут аб`явілі пасадку, і людзі пайшлі да выхаду.

Самалёт узляцеў, зрабіў левы разварот. Мне здавалася, што ляцім да сонца. Я дастаў запісную кніжку і дапоўніў аповед Мікалая Паўлавіча сваёй думкай: «Божа! Ці наступіць для беларускіх вучоных час, калі яны будуць мець магчымасць займацца навукай на радзіме?»
Камандзір экіпажа аб`явіў, што пралятаем над Варшавай. Самалёт зрабіў правы разварот. Сонца засталося ззаду. Праз гадзіну мы шчасліва прызямліліся ў Мінску. Успамінаю гэтага чалавека як роднага сына. Прыемная была сустрэча.

УНП 101 166 185
Пасольства ФРГ у РБ

Реклама