27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатра. А Слуцкаму народнаму тэатру спаўняецца 57 гадоў.
Шмат цікавых спектакляў было падрыхтавана на падмостках не толькі слуцкіх, але і за межамі нашай краіны. Былі ў тэатра і ўзлёты, і падзенні.
Чым жа сёння жыве тэатр, яго рэжысёр і артысты? Якія новыя пастаноўкі з’явяцца ў рэпертуары? Гэтыя пытанні павінны хваляваць тэатралаў.
Ёсць добрая навіна. Сёння народны тэатр імя Галубка рэпеціруе спектакль «Вечар» (А. Дудараў) і рыхтуе новую пастаноўку «Вежа» (А. Дудараў, У. Некляеў), у якой прымаюць удзел як артысты старэйшага пакалення, так і маладыя энтузіясты сцэны.
З непрыемных навін, мабыць, галоўная — тое, што тэатру патрэбна матэрыяльная падтрымка. Дэкарацыі, касцюмы і іншыя рэквізіты патрабуюць грошай. Вось і ламаюць галовы народныя артысты – ці знойдзецца добры дзядзька і ахвяруе тэатру?
Ёсць такая думка, каб дазволіць тэатру самастойна зарабляць грошы. Падчас СССР на гэта давалі «дабро», і народныя самадзейныя калектывы зараблялі грошы. Зараз раённыя аддзелы культуры самі ходзяць з працянутымі рукамі. Дзе ж тут думаць аб тэатрах?
І ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, народная творчасць жыве і будзе жыць насуперак усім выпрабаванням!
Хачу павіншаваць слуцкіх артыстаў са святам: і тых, хто шмат гадоў увесь свой вольны час бескарысліва аддае тэатру, і маладых энтузіястаў тэатральнага мастацтва!
Са святам і вас, паважаныя тэатралы!