Зінаіда Цімошак падрабязна распавяла пра тое, як у Дзень Волі за ёй ўвязаліся невядомыя

17
Реклама

Мой артыкул пра святочны канцэрт у Слуцку ў гонар 100-годдзя БНР павінен быў з’явіцца ўчора, адразу пасля мерапрыемства, недзе, а 14.15. Гэта была б нататка пра тое, як ў Слуцку каля 100 чалавек апладзіравалі Змітру Бартосіку, Алесю Дзянісаву («Dzieciukiу») і салігорскаму гурту «Харачакра».


Аднак адразу ж пасля канцэрту давялося ўдзельнічаць у нейкім танным баявіку. Тры аўтамабілі з нахабнымі людзьмі ў цывільным палявалі на мяне і маіх пасажыраў: вядоўцу канцэрта Алеся Лагвінца, арганізатарку Аліну Нагорную і іх сяброў Уладзіміра Бараноўскага і Іллю Буткіна.

Хаця напачатку здавалася, што дзень будзе добры і святочны. У вялікай залі гарадскога Дома культуры 25 сакавіка ў 12.30 сабраліся каля 100 чалавек, што для Слуцку багата. І гэта нягледзячы на тое, што афішы пра мерапрыемства з’явіліся ў горадзе толькі за дзень да свята.

І ўсё — пазітыў скончыўся. Міліцыянты перад імпрэзай запатрабавалі прыбраць святочныя банеры, у тым ліку з «Пагоняй». Нягледзячы на тое, што і ў міліцыі, і ў Слуцкім райвыканкаме размова пра афармленне канцэрта вялася ў пазітыўным русле.

Реклама

Ну прыбраць, дык прыбраць, — вырашылі арганізатары, каб не канфліктаваць і не сарваць канцэрт. У выніку толькі два рушнікі з беларускім арнаментам нагадвалі, што на сцэне будзе адбывацца нешта, звязанае з беларускасцю. Нам ужо б насцярожыцца…

Што было далей? Было ўступнае слова вядоўцы, палітолага Алеся Лагвінца, былі песні пра Беларусь і наша жыццё ў выкананні цудоўных артыстаў. І не было аніякай крамолы!

Нават харызматычны выканаўца Алесь Дзянісаў пацвердзіў сваімі песнямі адвечнае імкненне беларусаў да таго, каб «не было вайны». Не дапамагло…

Устрывожаныя затрыманнем міліцыянтамі Слуцкага РАУС свайго кіроўцы нібыта з-за таго, што аўтамабіль можа лічыцца ва ўгоне, пешыя арганізатары папрасілі мяне дапамагчы. І пачалося… За маёй машынай пачалі рух тры аўтамабілі з невядомымі людзьмі ў цывільным. Па ўсім горадзе. Ці тое ім так банеры паглядзець хацелася, ці тое са мной пазнаёміцца, не ведаю.

Раней: Зинаида Тимошек пришла в Слуцкую милицию — её преследовали неизвестные

Час ад часу мы заязджалі у Слуцкі РАУС, каб даведацца пра лёс затрыманага кіроўцы, і нашы машыны суправаджэння цярпліва паўтаралі маршрут за намі ад майго дому да РАУС, ад РАУС да майго дому. Людзі ў цывільным праз акно кавярні назіралі, як мы п’ем каву. Мо і праўда галодныя былі?..

А пасля пагналіся за Алінай Нагорнай і двума яе сябрамі аж да вёскі Шышчыцы (80-ты кіламетр) трасы Слуцк-Мінск. І зусім не для таго, каб пазнаёміцца з прыгожай дзяўчынай. Аліну і яе сяброў абвінавацілі ў няправільным пераходзе дарогі ў вёсцы Шышчыцы і вярнулі ў Слуцк для складання пратаколу.

Чаму так важна было для слуцкіх правахоўнікаў, каб пяцёра жыхароў Мінска не вярнуліся дамоў і начавалі ў Слуцку — мне незразумела. Аліна Нагорная і яе сябры пакінулі Слуцкі РАУС толькі пасля 20.00, калі ніводная маршрутка ўжо не пагадзілася на тое, каб завезці іх дамоў у Мінск.

Раней: Неправильно переходила дорогу… Алину Нагорную задержали после концерта к 100-летию БНР в Слуцке

Паездзіўшы ў ганаровым суправаджэнні па вуліцах 8-е Сакавіка, Камсамольскай, Багдановіча, Леніна, Жукава, Ленінскай, Уласаўца, я, ўрэшце, зноў спынілася ля будынка РАУС. Да гэтага, праўда, паспрабавала правесці мірныя перамовы з чатырма мужчынамі ў цывільным у сінім аўтамабілі з дзяржнумарам 0810 IC-5, каб усё ж даведацца, што ім трэба ад нас. На мірныя перамовы яны не пайшлі — зачынілі шкло, і некаторы час мы наўпрост фатагравалі адзін аднаго. Як быццам адзін аднаму паказалі дулі.

Пасля гэтага я вырашыла напісаць заяву ў Слуцкі РАУС аб дзіўным пераследзе, які пагражаў маёй бяспецы і бяспецы майго госця.

Як вы думаеце, колькі часу трэба, каб напісаць такую заяву? Некалькі хвілін? Дык вось, не. Начальнік аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Семяновіч Аляксандр Аляксандравіч больш за 2 гадзіны запісваў маю інфармацыю. Паводзіў сябе так, нібыта не я сама прыйшла напісаць заяву на зламыснікаў, а мяне затрымалі. Пры гэтым даваў зразумець, што мяне могуць пасля праверкі прыцягнуць да адказнасці за ілжывую інфармацыю.

Мяне спрабавалі прымусіць выключыць тэлефон, фотаапарат, торбу з сваімі рэчамі выкласці на стол. Зразумела, што я гэтага не зрабіла, бо палічыла сябе свабодным чалавекам, які мае права свабодна карыстацца сваімі рэчамі.

Калі б Алесь Лагвінец не адмовіўся даваць свае паказанні па прычыне стрэсу, нам прыйшлося б прабыць у РАУС яшчэ 2 гадзіны. Апрача начальніка аховы грамадскага правапарадку ў РАУС не знайшлося ніводнай афіцыйнай асобы, якая б магла займацца нашай справай.

Аднак заяву маю ўсё ж прынялі. У ёй я паскардзілася, акрамя іншага, і на тое, што вялікае свята было зганьбавана недарэчнымі дзеяннямі праваахоўнікаў.


Самі ўдзельнікі імпрэзы, якіх я апытала пасля святочнай імпрэзы, адзінагалосна выказаліся пра неабходнасць памяці пра свята і ўдзячнасць арганізатарам:

Іван Кандрацьевіч, 76 гадоў: «Я прыйшоў дзеля таго, каб пачуць праўду. І я яе пачуў».

Андрэй Валер’евіч: «Цудоўны канцэрт, цудоўнае свята. Трэба помніць спадчыну. Я — патрыёт, не нацыяналіст, але я — за Беларусь!»

Анатоль Шкурскі: «Добры канцэрт. Тэма мяне зачапіла. Трэба адзначаць такія святы і помніць сваю гісторыю. Няправільна, што міліцыя зняла сімвалы. Гэта несправядліва».

Гэтак жа несправядліва ў Слуцку ночыць на штрафстаянцы аўтамабіль кіроўцы Алеся Лагвінца, і гэтак жа несправядліва будуць пакараны адміністратыўнымі штрафамі Аліна Нагорная і яе сябры пасля міліцэйскай гульні «коткі — мышкі». Пры гэтым такая гульня каштуе занадта дорага для дзяржаўнага бюджэту, бо прыкладна 15 міліцыянтаў затрацілі па 4 гадзіны (альбо 60 гадзін непрадукцыйнага рабочага часу), спалілі процьму аўтамабільнага паліва. І ўсё толькі дзеля таго, каб пяцёра чалавек своечасова не вярнуліся дамоў да сваіх блізкіх і мелі сапсаваны, несвяточны настрой.

Реклама