У бацькоў яна была адна. Яе жыццю зайздросцілі многія равеснікі. У школу дзяўчынку шторанак прывозіў спецыяльны шафёр на чорнай «Волзе» і ад машыны вёў за руку да самага класа. Пасля ўрокаў каля школы штодня чакала знаёмая «Волга», якая везла яе ў музычную школу. Ды як равеснікам было не зайздросціць, калі бацька — вялікі начальнік у КДБ, а маці — дырэктар тэхнікума.
У школе дзяўчына вучылася на адныя пяцёркі, на выдатна скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Суседзі заслухоўваліся яе музыкай.
Скончыўшы школу, яна паступіла ў інстытут, што працаваў у горадзе. Вучоба давалася няцяжка. Яна па-ранейшаму займалася музыкай як дома, так і ў музычнай школе, дзе сама брала ўрокі ў педагога. На пытанне бацькоў «Чаму позна вяртаешся дамоў?» адказвала, што была ў музычнай школе.
Але хутка бацьку паведамілі, што дачка вечарамі затрымліваецца не ў музычнай школе, а ў новай царкве, пабудаванай немцамі-перасяленцамі, і вучыць іграць на аргане маладога арганіста з ФРГ.
Дома пачаліся спрэчкі і хваляванні не толькі за лёс дачкі, у гэтым бацька ўбачыў пагрозу свайму лёсу. Ён чакаў павышэння ў званні перад выхадам на пенсію. «Не хапала яшчэ, каб немец з Заходняй Еўропы ўвайшоў у сям`ю», — думаў вялікі начальнік.
Бацькі вырашылі лёс дачкі: калі яна не перастане хадзіць іграць на аргане, то яе перавядуць вучыцца ў Алма-Ату. Пагроза нічога не рашыла, і бацькава служба зноў дакладала: дачка не толькі іграе на аргане, але сустракаецца з немцам у яго кватэры.

Калі ў наступны раз дома сталі вырашаць лёс дачкі, тая спакойна адказала: «Не хвалюйцеся, мы пажэнімся, у нас будзе дзіця, бо я ўжо цяжарная». Таго ляманту, што нарабілі бацькі, не пераказаць. У выніку быў прысуд: «Ты зробіш аборт, а немца вышлюць заўтра ў Германію». Вечарам дачка дадому не вярнулася. Бацькава служба паведаміла, што яна і будучы зяць падалі заяву ў ЗАГС.
Хутка бацька выйшаў на пенсію, не дачакаўшыся новага звання. А яшчэ праз некаторы час разваліўся Савецкі Саюз, які так аберагаў палкоўнік КДБ.
У маладой сям`і нарадзіўся сын Пауль. Яшчэ ў Казахстане ён скончыў чатыры класы. Хлопчык быў кемлівы. Добра размаўляў па-руску і па-нямецку. На дзіва многіх, свабодна размаўляў і па-казахску.
Маладая сям`я пераехала жыць у Германію. Там Пауль атрымаў адукацыю ў гімназіі і паступіў вучыцца ў Йельскі ўніверсітэт ЗША. З гэтага ўніверсітэта выходзяць лаўрэаты Нобелеўскіх прэмій і прэзідэнты Амерыкі.
Калі Пауль яшчэ вучыўся ў гімназіі, нечакана ў Казахстане памёр дзед-палкоўнік. Бабулю, якая таксама не хацела, каб нарадзіўся Пауль, перавезлі ў Германію, праўда, у асобную кватэру.
Нядаўна я атрымаў па інтэрнэце пісьмо ад бабулі. Яна распавядала, што яе ўнук паспяхова вучыцца ва ўніверсітэце, усе летнія канікулы працаваў з вучонымі на кафедры і зарабіў на аплату вучобы за цэлы год. А яшчэ бабуля ў лісце хвалілася, што ўнук за два гады ўніверсітэцкай вучобы засвоіў арабскую мову і калі скончыць вучыцца, а гэтага трэба чакаць яшчэ чатыры гады, будзе вялікім вучоным. Асабліва радавала старую, што ў гістарычнай даведцы пра вучонага будзе напісана, што яго бабуля па маці была беларускай.
Прачытаў пісьмо і задумаўся: кім бы ганарылася бабуля, калі б дачка выканала яе грозны наказ? Ці памятае пра свой наказ сама бабуля?
Я не стаў шукаць адказу на свае пытанні…
+РИСУНОК