Такое меркаванне мне давялося пачуць ад сябра, які ў Германіі быў упершыню. Самае дзіўнае, што гэтае ўражанне ён разам са мной склаў за адзін дзень. Дык вось, адзін дзень з жыцця Берліна.
7.00. На вуліцах можна сустрэць рэдкага раварыста
Нягледзячы на тое, што ў сем раніцы ў Берліне ўжо светла, мінака на вуліцы сустрэць не так і проста. У жылых кварталах цішыня.
Раніцай (а можа, на ноч) да смеццевых кантэйнераў немцы выносяць непатрэбныя рэчы. На хвіліначку: амаль новую канапу, яшчэ адну скураную канапу, камп’ютарнае крэсла, у якога ад ножкі адкалоўся кавалак пластмасы.
Наш спадарожнік уздыхнуў: «Майго б цесця сюды! Уся дача была б у новай мэблі».
І ў паветры павісла пытанне, на якое пакуль няма адказу: «Цікава, а ў Германіі ведаюць, што такое рамонт адзення або перацяжка мэблі?»
Таму што на сметніцах стаяць цэлыя стэлажы, куды можна выставіць непатрэбны абутак. Бярыце што хочаце.
Ёсць у Германіі і сэканд-хэнды. Амаль усё там каштуе 50 цэнтаў. Прынамсі, мяккая цацка вышынёю ў паўметра была з цэннікам 50 цэнтаў. Гэта на фоне таго, што магніцік у цэнтры каштуе 5 еўра.
8.00. У Берліне адкрываюцца магазіны
Мясцовыя жыхары падпільноўваюць гэты час, каб у пякарні набыць выпечку, якая распахлася на ўвесь раён. Асартымент у крамах уражвае. Тут на садавіну-гародніну адведзена ледзьве не паўмагазіна. Куча нейкіх ягад, травы, садавіны. У кантэйнерах прадаюцца кактэйлі з фруктаў. Заліў ёгуртам — вось табе і карысны сняданак.
Паступова вуліцы запаўняюцца людзьмі, і пачынаецца працоўны дзень.
11.00. На элітнай паркоўцы выключна ровары
Ровараў тут, насамрэч, шмат. Найбольш вялікія паркоўкі ля метро і каля гандлёвых цэнтраў.
Пракат ровара на суткі каштуе 12 еўра. Калі ўлічваць, што праезд у метро каштуе амаль 3 еўра, то не дзіўна, што раварыстаў на вуліцах усё больш і больш.
І вось што здзівіла. Цэнтр горада, будынак Рэйхстага. Месца працы нямецкай улады. На паркоўцы толькі ровары.
А цяпер паглядзіце на паркоўкі ля выканкамаў у Беларусі?
Дарагіх аўтамабіляў таксама няшмат. У асноўным тут ездзяць малалітражкі і электрамабілі.
Звычайная з`ява на вуліцы ўбачыць аўто на зарадцы.
13.00. Час абедаць
З выбарам месца, дзе перакусіць, у Берліне дакладна праблем няма. Кухня на любы густ: ад традыцыйнай нямецкай і амерыканскіх бургераў да в`етнамскай і нават сірыйскай. Не, смачным быў і сірыйскі суп з нейкага арбуза і нават в`етнамская ежа з макароны і капусты з цяляцінай, але лепш за вулічныя нямецкія хот-догі з сасіскай і гарчыцай не было нічога. Каштуе такі хот-дог 2 еўра.
Калі не трэба вяртацца па справах, можна сесці на вуліцы і выпіць піва. Піва, шчыра прызнацца, нейкім асаблівым не падалося. Але піць яго можна хоць у метро, хоть ля Рэйхстага, хоць ля Брандэнбургскіх варотаў. Ніхто табе нічога на гэта не скажа. Мне наогул падалося, што тут у Берліне немагчыма пачуць слова «нельга». Тут можна ўсё. Нават ехаць без білета ў метро. Хаця нас папярэджвалі, што штраф 50 еўра і няведанне нямецкай мовы цябе не вызваліць ад адказнасці. Але нам пашанцавала. Кантралёр, што зайшоў у метро і ўбачыў, што ў нас квіток неналежны, папрасіў выйсці на перон і даплаціць 1 еўра 60 цэнтаў. Ці трэба казаць, што, як толькі кантралёры пакінулі вагон, мы прадоўжылі наша падарожжа.
А яшчэ нельга не адзначыць, што ў Берліне вельмі высокі ўзровень сацыяльнай адказнасці. У бюро знаходах здаюць кашалькі з грашыма. І гаспадар можа не хвалявацца, што калі ён раптам недзе пакіне свой кашалёк, грамадзяне яго краіны чэсна вернуць яго.
18.00. Чаму б не пайсці на футбол
Футбол у Германіі ў параўнанні з футболам у Беларусі — гэта неба і зямля. Нам давялося трапіць на матч нават не вышэйшай лігі, калі гуляла берлінская каманда «Уніён». Я спыталася ў фаната гэтай каманды, колькі прыкладна заўзятараў прыйдзе на гульню. Немец нават не адразу зразумеў мяне.
— Цэлы стадыён. Не можа быць па-іншаму.
Цэлы стадыён — гэта 22 тысячы гледачоў. Ужо ў метро адчуваецца тое, што ў горадзе сёння футбол. Людзі з шалікамі, у каманднай форме, канешне, з півам.
Ля стадыёна «дзвіжуха».
На стадыёне прадаецца піва і глінтвейн, глювайн (яго называюць мясцовыя).
Стаканчыкі з-пад напоеў прынята здаваць. За стаканчык табе вяртаецца адзін еўра.
Нам расказвалі, што сярод заўзятараў існуе негалоснае правіла: пасля матчу збіраць стаканчыкі на стадыёне і здаваць іх. А гэтыя грошы ідуць на падтрымку каманды, якая вымушаная плаціць штрафы за тое, што фанаты на стадыёне паляць фаеры.
А гэта як мінімум 22 000 стаканчыкаў, а п`юць жа падчас усяго матча далёка не па адным келіху піва!
20.00. «Чорная» пятніца
Так адбылося, што ў Берлін мы трапілі ў «чорную» пятніцу. Але адчуць у поўнай меры нямецкі шопінг не пашанцавала, бо гандлёвыя цэнтры закрываюцца ў восем. І не хвілінай пазней. А ў нядзелю наогул вялікія гандлёвыя цэнтры не працуюць. Бо гандляры маюць права на выхадны. А яшчэ я даведалася, што немцы не асабліва парацца наконт таго, да якога часу працуюць магазіны, бо свае буйныя пакупкі яны робяць у інтэрнэце. Таму ў гандлёвых цэнтрах, калі ты раптам камусьці наступіш на нагу, табе адкажуць: «Ай, нічога страшнага». Свае.
22.00. Начное жыццё Берліна
Проста цікавае назіранне. У чацвер у 22.00 на вуліцах не сустрэнеш ні адной жывой душы, а ў пятніцу не знойдзеш ні аднаго вольнага месца ў кавярні. Немцы ўмеюць і працаваць, і адпачываць пасля гэтага. А вось калі ім расказваеш пра тое, як у нас, сядзяць, падпёршы рукой шчаку, і перапытваюцца: «Беларусы, а вы дакладна з нашай планеты?»
УНП 101166185
Пасольства ФРГ у РБ
Оппозишн определенно отстала.
Так а в чём Наталья увидела отставание на триста лет? Из статьи видно, что только в одних помойках, с чего в принципе, ее или ее сябра, знакомство с Германией и началось.