Ад Еўропы да Амерыкі… Як дзяўчынку з Пагоста школа натхніла вучыцца ўсё жыццё і займацца адукацыяй іншых

0
КРЭДА. Галіна Верамейчык, былая вучаніца Пагосцкай школы, лічыць, каб добра вучыць дарослых, трэба ўсё жыццё вучыцца самой. Фота: Уладзімір Амяльчэня
КРЭДА. Галіна Верамейчык, былая вучаніца Пагосцкай школы, лічыць, каб добра вучыць дарослых, трэба ўсё жыццё вучыцца самой. Фота: Уладзімір Амяльчэня
Реклама

Былую вучаніцу Пагосцкай школы Галіну Верамейчык я сустрэў на бязлюднай вуліцы мястэчка Пагост. Разам прагуляліся, прыпамінаючы прозвішчы былых гаспадароў хат, якія цяпер стаяць пустымі. У Пагосце прайшло яе дзяцінства, тут яна скончыла школу, адсюль у 1982 годзе паехала ў Ленінградскі горны інстытут. А перад гэтым, я памятаю, Галіна стала лепшым аратым на трактары «Беларус» у раённых спаборніцтвах выпускнікоў.

Як склаўся лёс гэтай жанчыны з неўтаймаваным характарам? Аб гэтым я і спытаў яе.

«Жыву і працую ў Мінс­ку. Зараз вярнулася з ка­мандзіроўкі ў Паўднёвую Карэю. Трохі засумавала па родных мясцінах, таму вырашыла наведаць малую радзіму, — пачала свой аповед Галіна Верамейчык. — З`яўляюся дырэктарам прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Беларусі. Мая праца была і застаецца звязанай з развіццём адукацыі для дарослых, бо пасля распаду Саюза спатрэбіліся новыя веды — як прафесійныя, так і трохі нестандартныя.
Вось, напрыклад, дзе ў 1990-я можна было навучыць супрацоўніка ак­тывізацыі продажу? Альбо дзе можна было даведацца больш пра тое, як вырашаць экалагічныя праблемы? Традыцыйныя ўстановы адукацыі былі скіраваныя найперш на працу з дзець­мі. Акрамя таго, яны не пас­пявалі за зменамі ў грамадстве. Таму паступова ўзнік шэраг грамадскіх і прыватных ініцыятыў, што спрабавалі адказаць на запатрабаванні дарослых жыхароў Беларусі.

Чаму вучацца дарослыя

Мы былі маладымі, цікаўнымі і мабільнымі. Прыглядаліся да вопыту суседніх краін, вучыліся ў еўрапейцаў — палякаў, шведаў, немцаў.

Реклама

Каб быць на ўзроўні, давялося шмат вучыцца самой. Асабліва патрэбная была замежная мова. Таму ў 1998 годзе пайшла на моўныя курсы інстытута імя Гётэ ў Мінску. Дзякуючы добрым выкладчыкам нямецкай мовы з Пагосцкай школы нават праз 15 гадоў пасля яе заканчэння патрапіла на высокі ўзровень.
Замацаваўшы веды, у 1999 годзе паеха­ла на трохмесячную ста­жы­роўку ў Германію, у 2000-м — у Злучаныя Штаты Амерыкі.

Нямецкая сістэма адука­цыі дарослых мяне вельмі ўразіла, усё было новым: з аднаго боку, складаным, разнастайным, з другога — вельмі простым. Кожная каталіцкая ці пратэстанцкая царква мела свае цэнтры адукацыі дарослых. Свае цэнтры мелі прафсаюзы, грамадскія аб`яднанні. Большасць з гэтых цэнтраў з`яўляліся недзяржаўнымі ўстановамі, але мелі фінан­савую падтрымку з мясцовых бюджэтаў ці з бюджэтаў зямель.

Найбольш уразілі народныя ўніверсітэты. Іх заснавальнікамі з`яўляюц­ца мясцовыя ўла­ды, якім закон прад­пісвае клапаціцца аб за­давальненні адукацыйных патрэб насельніцтва. Тэматыка праграм у гэтых універсітэтах вельмі разнастайная: павышэнне кваліфікацыі, курсы замежных моў і валодання камп’ютарам, мясцовае краязнаўства, праблемы мясцовай супольнасці, рэлігійныя адносіны, курсы хобі альбо нават такія, як зварыць у дамашніх умовах добрае піва.
Амаль год маёй даслед­ніцкай працы — і з`явілася кніга „Адукацыя дарослых: вопыт Германіі для Беларусі“.

Шлях да пасады кіраўніка

Аднойчы прарэктар Рэспубліканскага інсты­тута вышэйшай школы БДУ, убачыўшы гэтую кнігу, прапанаваў мне паступіць да іх у ас­пі­ран­туру. Ён пазнаёміў мяне з прафесарам, які займаўся параўнальнымі даследаваннямі. Яму патрэбен быў аспірант, які валодаў бы нямецкай мовай.

Навучанне ў аспірантуры дазволіла атрымаць грунтоўныя веды па гісторыі і тэо­рыі педагогікі. Гэта ў спа­лу­чэн­ні з практычным досведам навучальных праграм для дарослых і добрым узроўнем нямецкай мовы нечакана спатрэбілася. У 2009 го­дзе ў Мінску адкрывалася прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў. Я была гатовым спецыялістам для іх.

Новая пасада — новыя выклікі. Праз некаторы час я зразумела, што мне трохі не хапае тэарэтычных ведаў еўрапейскага ўзроўню. Таму вырашыла паступіць у магістратуру ўніверсітэта г. Кайзерслау­тэрн (Рэйнланд-Пфальц, Германія) па спецыяльнасці „Адукацыя дарослых“.

Прыйшлося вывучыць яшчэ англійскую мову. Апошняе дазволіла больш актыўна працаваць на міжнародным уз­роўні, што не засталося незаўважаным. У 2015 го­дзе мяне абралі ў склад праўлення Еўрапейскай асацыяцыі адукацыі дарослых. Удзел у дзейнасці такой арганізацыі дазваляе прыцягваць увагу да развіцця адукацыі ў краінах Усходняй Еўропы і непасрэдна ў Беларусі.

На жаль, еўрапейцы ня­шмат ведаюць пра нас. Таму ў мінулым годзе я пад­рыхтавала англамоўнае выданне, прысвечанае развіццю адукацыі дарослых у Беларусі.

Вучаніца назаўсёды

Дзякуючы актыўнай міжнароднай дзейнасці я пабывала ў розных краінах: ЗША, Кана­дзе, Партугаліі, Іспаніі, шматлікіх еўра­пейс­кіх і постсавецкіх краі­нах. І ў кожнай краіне ёсць нешта цікавае, чаму можна павучыцца.

Але самы галоўны ўрок майго жыцця — навучанне ніколі не спыняецца. Гэта дапамагае дамаўляцца з людзьмі розных культур і ператвараць, на першы погляд, немагчымыя ідэі ў рэальныя праекты.

Лічу, што сваю адукацыю на гэтым не скончу. Патрэбна авалодаць яшчэ адной замежнай мовай, пакуль што вагаюся паміж французскай і іспанскай.
Акрамя таго, з пачатку наступнага навучальнага года буду паступаць ра­зам з унучкай у музычную школу па класе фартэпіяна.

Я веру, што пастаянная вучоба, як і іншая інтэлектуальная дзейнасць, тармозіць працэс старэння. А навучыла мяне вучыцца ўсё жыццё родная Пагосцкая школа і яе настаўнікі».

УНП 101 166 185
Пасольства ФРГ у РБ

Реклама