Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA абвяшчаюць збор крэатыўных культурніцкіх і сацыяльных ідэй для «Кірмаша праектаў» для Мінскага рэгіёна.
Кірмаш праектаў – гэта спосаб прадэманстраваць публічна сваю старую ці свежапрыдуманую ідэю, каб зрабіць горад больш разнастайным, утульным, насычаным цікавымі сустрэчамі і падзеямі; горад, з якога не хацелася б з’язджаць ніколі.
Вы зможаце падзяліцца сваёй ідэяй з неабыякавымі людзьмі, знайсці аднадумцаў, якія дапамогуць вам карыснымі парадамі, важнымі сувязямі, непасрэдным удзелам у вашым праекце, а часам і фінансава.
«Будзьма беларусамі!» аб’ехала з «Кірмашамі» Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Ліду і іншыя гарады і мястэчкі Беларусі. Дзякуючы гэтаму фармату многія цікавыя гарадскія ініцыятывы здзейсніліся, іх ініцыятары знайшлі аднадумцаў для рэалізацыі цікавых праектаў. Да прыкладу, у гэтым годзе «Кірмаш праектаў» у Віцебску дапамог узбагаціць Дзень горада і Дзень моладзі мноствам адметных падзей.
- Сярод іх – летні маркет «Барадулінкі»,
- фестываль актыўнага адпачынку «Свята ветру»,
- турнір па футбольным фрыстайле «Вежа»,
- першая агульнагарадская фотасушка,
- «Спеўны сход» і нават вулічныя майстар-класы па танцах.
- А ў Магілёве з’явілася «Палатно гісторыі ў стылі графіці», якое расказвала пра найбольш значныя гістарычныя даты,
- а яшчэ ініцыятыўныя жыхары горада здзейснілі літаратурны праект «Паэзія ў метро», чым па атмасферы наблізілі свой горад да Лондана.
Як адбываецца Кірмаш?
Этап 1. Збор ідэяў
Удзельнічаць у конкурсе можа любы ахвочы жыхар Міншчыны незалежна ад статусу і ўзросту. Дастаткова падаць заяўку і апісаць ідэю, якая ідзе на карысць вашаму гораду і яго жыхарам.
Ідэю трэба прадставіць у фармаце прэзентацыі PowerPoint і аналагічных з указаннем наступных звестак:
- інфармацыю пра аўтараў (прозвішча, імя, арганізацыя, назва праекта, кантактны нумар тэлефона);
- назву ідэі/праекта;
- мэту і сутнасць ідэі;
- чаму і каму гэта неабходна;
- калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
- якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце? (каманда, партнёры, бюджэт).
Даслаць ідэю трэба да 22 лістапада ўключна на kirmash.praektau@gmail.com з пазнакай “Кірмаш праектаў-Міншчына”.
Этап 2. Публічная прэзентацыя праектаў, дзе вы зможаце:
- распавесці пра сваю ідэю шырокай і невыпадковай аўдыторыі (афіцыйныя асобы, грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнесу, турызму і іншыя зацікаўленыя);
- атрымаць парады экспертаў і народную ацэнку свайго праекта;
- знайсці партнёраў, валанцёраў, пляцоўкі і рэсурсы для рэалізацыі вашай ідэі;
- пазнаёміцца з іншымі цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;
- натхніць сваім прыкладам тых, хто таксама мае файныя ідэі, але пакуль не асмеліўся выйсці з імі на публіку.
Фармат мерапрыемства – так званая «маланкавая размова», што фактычна выглядае як аповед пра сваю задуму з прэзентацыяй, зробленай у PowerPoint, Keynote, Prezi.com ці іншых сэрвісах, цягам 5 хвілін.
Этап 3. Адбор і абвяшчэнне пераможцаў
Пасля выніковай імпрэзы экспертная рада конкурсу адбярэ найбольш цікавыя праекты з канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі, новымі падыходамі да вырашэння праблем і культурна-сацыяльным кірункам. А таксама акажуць усю магчымую дапамогу: ад кансультацый да рэалізацыі.
Ёсць пытанні?
Мы адкажам: kirmash.praektau@gmail.com, (29) 7121803, Святлана Чакушка (ВКонтакте і Facebook), каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» па Мінскаму рэгіёну