Першы раз пераступіўшы парог народнай студыі «Мастацкая цацка» ў Цэнтры дзяцей і моладзі Салігорскага раёна, я часова анямеў ад здзіўлення той прыгажосці, якая была выстаўлена на дзвюх сценах класа.
У гэты час у класе пад кіраўніцтвам Таццяны Палюховіч дзеці вучыліся шыць мяккія цацкі. Мяне здзівіла, што сярод дзяўчынак гэту справу шыць засвойвалі і хлопчыкі.
«У студыі я працую ўжо трыццаць гадоў, — расказвае Таццяна Іванаўна. – Не скажу, колькі дзяцей навучыла не толькі шыць, але ў сваёй працы бачыць прыгажосць, створаную сваімі рукамі. Прыходзяць дзеці малыя, вучацца трымаць іголку, пасля вучацца шыць на машынцы. Да канца года самастойна прапануюць пашыць цацку. Вось Павел Баланен, ён ходзіць у студыю трэці год. Кажа, што будзе дызайнерам моды. Праўда, пакуль што для кожнай новай лялькі ён шые новае адзенне. А вось Ліка Нагорная. Яна ўжо вучыцца ў педагагічным каледжы, а не пакідае шыць мяккія цацкі. Кажа, што гэтае ўменне будзе перадаваць новаму пакаленню».

Цікава, што ні адна цацка не паўтараецца. Што ні цацка, то новы вобраз. Адкуль яны бяруцца?
«Мне цікава было ў маладосці паўтараць бабуліны строі. Пасля некалькі гадоў я жыла ва Украіне. Там у строях жанчын нешта было сходнае з беларускімі строямі, але многа і асаблівага. Сёння стараюся паўтараць ці рабіць сходнае. Так атрымліваюцца сказачныя вобразы. Часта дзеці прыносяць вобразы лялек з мульцікаў. Стараемся ў кожнай цацкі падкрэсліць характэрнае вобразу. Дзякуючы гэтаму нашы цацкі на конкурсах вобласці ці рэспублікі заваёўваюць прызы, а іх аўтары атрымліваюць дыпломы. Нядаўна ў Слуцку ў конкурсе “Слуцкія паясы” за сваю цацку Алена Карпіевіч была ўзнагароджана дыпломам», — кажа пра поспехі сваіх навучэнцаў Таццяна Іванаўна.
Яна дабаўляе, што без дапамогі дырэктара швейнай фабрыкі “Калінка” Галіны Калітэня такіх поспехаў дабіцца было б немагчыма. Амаль кожная цацка выраблена з матэрыялаў, якія на фабрыцы з’яўляюцца адходамі.
«Для мяне асабіста мяккая цацка стала сэнсам жыцця. Люблю дзяцей, стараюся навучыць іх прыгажосці і дабраце. Няхай робяць прыгожыя падарункі сваім родным», — на развітанне сказала Таццяна Іванаўна.
