Няўсмешлівыя, ашчадныя і спагадлівыя. Чым беларускаму хлопцу запомніліся немцы

0

Першы раз у Германію Нікадзім Бельскі з Валожына трапіў у 2001 го­дзе. Тады хлопчыку было пяць гадоў. Зараз Нікадзіму 21. Ён студэнт. Шмат вучыцца за мяжой і падарожнічае. Аднак першыя дзіцячыя ўражанні пра Германію хлопец захаваў да сённяшняга дня. Хоць, па словах Нікадзіма, іх засталося не так шмат.

«Калі ўпершыню пры­ехаў у Германію ў 2001 го­­дзе ў госці, запомнілася тое, што дзяцей, ужо даво­лі вялікіх, 6−7-гадовых, бацькі вазілі на вазках, — прыгадвае хлопец. — Мне, пяцігадоваму, было сорамна ехаць у дзіцячым вазку, хоць на той час толькі зрабілі аперацыю на назе».

Яшчэ адно яркае ўражан­не пяцігадовага Нікадзіма, што засталося ў памяці, — сабачыя фекаліі на кожным вуглу ў нямец­кіх гарадах. Аднак усё гэта было 16 гадоў таму. Апошні раз Нікадзім ездзіў як турыст у Германію сёлета і ўжо не ўбачыў таго, на што некалі звярнуў увагу маленькім хлопчыкам.

АДМЕТНАЯ МЯСЦІНА. Нікадзім каля Брандэнбургскай брамы. Фота са старонкі Нікадзіма Бельскага ў сацсетках

Немцаў адрозню ад беларусаў

Заўважыў, што немцы, як і большасць еўрапейцаў, вельмі спагадлівыя людзі. Заўсёды прыходзяць на дапамогу.

Реклама

Не было і асаблівых праб­лем з мовай. Па словах Нікадзіма, дамовіцца з людзь­мі на вуліцы можна было нават па-руску.

А вось усмешку на твары ў немца заўважыць даволі цяжка, кажа суразмоўца. Але ці так ужо часта ўсміхаюцца беларусы?

Цяпер шмат кажуць пра чысціню беларускіх гарадоў. Цікава было даведацца, як з гэтым справы ў Германіі. Па словах Нікадзіма, у месцах масавых гулянняў, вялікага скаплення людзей заўсёды чыста. А вось калі адысці ўглыб двароў, карціна не заўсёды прыгожая.

Асаблівых адрозненняў у тым, як бавіць час беларуская і нямецкая моладзь, Нікадзім не за­ўважыў. Падобныя тусоўкі, напоі, заняткі. Праўда, адзенне адрозні­ваецца. Маладыя людзі ў Германіі, па назіраннях Нікадзіма, апранаюцца больш з густам і акуратна. Кажа, што па адзенні натоўп немцаў адразу б адрозніў ад натоўпу беларусаў.

Наконт стэрэатыпаў

Стэрэатыпнай нямецкай пунктуальнасці на сябе не адчуў. А вось у тым, што немцы вельмі эканомныя, пераканаўся.

На думку Нікадзіма, так адбываецца з-за таго, што ў Германіі, у параўнанні з Беларуссю, вельмі дарагія камунальныя паслугі. Таму эканоміць жыхары Германіі проста мусілі навучыцца.

А ці спадабаліся валожынскаму хлопцу нямецкія дзяўчаты? «Нямецкія жанчыны не падаюцца мне такімі прыгожымі, як славянскія, — прызнаецца Нікадзім. — У іх проста іншая, адрозная ад нашых дзяўчат прыгажосць, якой я не разумею».

На адрозненні ў беларускай і нямецкай кухні асаблівай увагі хлопец не звяртаў. Кажа, асабліва не разбіраецца ў гэтым пытанні. Ды і мэты такой сабе не ставіў. Больш-менш на выгляд можа адрозніваць гатункі нямецкіх сасісак.

Што немцы ведаюць пра Беларусь

Пра Беларусь у Германіі ўсё яшчэ ведаюць мала. Асабліва маладыя лю­дзі. Часта ў кампаніі ад­на­годкаў Нікадзім мусіў распавядаць пра невядомую краіну, што знаходзіцца дзесьці паміж Расіяй і Польшчай.

У сур`ёзных размовах пра сваё мінулае немцы старэйшага пакалення часам згадваюць падзеі Другой сусветнай. Па словах Нікадзіма, ён не раз чуў пра тое, што тая вайна — гэта вялікая памылка.

«Германія сёння прымае шмат бежанцаў, — кажа Нікадзім. — Мне здаецца, што такім чынам у нейкай ступені можна растлумачыць, што яны ўсё яшчэ адчуваюць сваю вінаватасць за развязванне вайны».

Сёлета Нікадзім быў у Берліне. Пабачыў шмат славутасцяў. У тым ліку знакамітую Брандэн­бургскую браму. А вось сувеніраў не набыў. З падобных паез­дак прывык прывозіць фотаздымкі і ўражанні.

УНП 101 166 185, Пасольства ФРГ у РБ

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии