Пенсіянер з вуліцы Сонечнай

2
БЕЗ СПРАВЫ НЕ СЯДЗІЦЬ. Былы гендырэктар будаўнічага трэста № 3 на пенсіі займаецца садам, пчоламі і асабістым музеем. Фота: Уладзімір Амяльчэня
БЕЗ СПРАВЫ НЕ СЯДЗІЦЬ. Былы гендырэктар будаўнічага трэста № 3 на пенсіі займаецца садам, пчоламі і асабістым музеем. Фота: Уладзімір Амяльчэня

Ці шмат вам вядома вёсак, пасёлкаў і гарадоў, у якіх зной­дзецца вуліца Сонечная? За сваё доўгае жыццё я не ўзгадаю. Вось толькі ў Старобіне Салігорскага раёна ёсць такая вуліца, а ў доме № 1 жыве чалавек, які даў ёй гэтую лагодную назву.

Яна сапраўды сонечная, бо на сваім працягу адкрыта сонцу, знаходзіцца на ўскрайку пасёлка, пабудавана ў адзін рад. Ад балота яе аддзяляе канава, за якой прастор ажно да самай ракі Случ.

Реклама

Першым стаў будавацца на гэтай вуліцы былы генеральны дырэктар Салігорскага будаўнічага трэста № 3 Мікалай Ашэйчык.

Сёння ён ганаровы грамадзянін Салігорска і Мінскай вобласці. Амаль тры гады як на пенсіі.

Аб сваім жыццёвым шляху, будоўлях і перамогах, а таксама занятках на заслужаным адпачынку Мікалай Ашэйчык расказаў карэспандэнту «Кур'ера».

Нарадзіўся я ў Пухавіц­кім раёне ў сялянскай сям`і. Перажыў з бацькамі вайну, у якую многія з радні загінулі. У школу хадзіў за пяць кіламетраў, але вучыцца вельмі хацелася. Калі скончыў Турынскую сярэднюю школу, падаўся ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум.

Ад цесляра да гендырэктара

У Салігорск трапіў вясною 1961 года на будоўлю Першага калійнага камбіната. Мой першы прафесійны занятак — цясляр. Потым працаваў майстрам. Але падчас пуску першай чаргі калійнага камбіната я быў ужо вядучым прарабам. На гэтай пасадзе знайшла мяне першая ўзнагарода — грамата Вярхоўнага Савета БССР, якую ўручаў у 1964 годзе Васіль Іванавіч Казлоў.

Я хутка рос прафесійна, вучыўся ў Маскоўскім горным інстытуце па спе­цыяльнасці «Будаўнік метро і шахт». Узводзіць Салігорскую трыкатажную фабрыку мне давялося кіраўніком будаўнічага ўпраўлення № 105. Гэтая новабудоўля была добрай школай. Горад атрымаў больш за тры тысячы працоўных месцаў для жанчын.

У 1971 годзе мяне пера­вялі галоўным інжынерам у будаўнічы трэст, дзе на гэтай пасадзе працаваў да 1978 года. У жніўні гэтага ж года стаў генеральным дырэктарам будаўнічага трэста № 3. На пасадзе адпрацаваў 36 гадоў і ў лістападзе 2014-га пайшоў на пенсію.

Больш за паўвека маё жыццё было накіравана на стварэнне новых бу­дын­каў. Будавалі шмат — і простыя, і складаныя аб`екты, але ў памяці больш тыя, што ўвайшлі ў гісторыю нашай дзяржавы. Гэта аднаўленне музейнага палаца ў Няс­віжы, бальніцы з аперацыйнымі і рэа­ні­мацыйнымі аддзя­лен­нямі ў Мінску, ста­дыён у Барысаве, цэментны завод у Крычаве, нафтаперапрацоўчыя заводы ў Полацку і Мазыры.

У цяжкія 1990-я гады мы не разгубіліся і ста­лі адпраўляць сваіх спе­цыялістаў на вучобу ў Германію, Польшчу. Мы першымі ў рэспубліцы засвоілі еўрапейскія тэхналогіі ў будоўлі, таму нам і даручалі вельмі складаныя аб`екты.
Жыццё на пенсіі

Чым займаюся на пенсіі? Працы хапае. Трымаю сад, у якім ёсць свая пасека. Завёў гадавальнік грэцкіх арэхаў. Калі яны падрастаюць, высаджваю насупраць дома — на балоце. Спадзяюся, калі-небудзь там будзе гай грэцкіх арэхаў.

Зімою люблю хадзіць на паляванне, калі запросяць таварышы.

У вольны час працую над сваім музеем. Ён займае цэлы пакой. У ім рэтраздымкі: ад першага цягніка ў Салігорск да ўводу такіх пабудоў, як Крычаўскі цэментны завод. На гэтых здымках не толькі мой лёс. Гэта лёс Салігорска, іншых гарадоў і наогул Беларусі.

Мне сёння цяжка бачыць, што за гэтыя тры гады трэст № 3 згубіў свой імідж. У выніку многія спецыялісты звольніліся. Знікаюць цэлыя будаў­нічыя ўпраўленні.

Пра вуліцу Сонечную

У той час, калі стаў бу­давацца, не было ін­ды­відуальных праектаў. Таму праект свайго дома давялося распрацоўваць самому. Не было такіх матэрыялаў, якія ёсць сёння. Мне ўдалося па пасёлку заасфальтаваць многія вуліцы, правесці газапровад.

Назва вуліцы Сонечная вельмі падабаецца. Сёння тут будуюцца настаўнікі, вадзіцелі аўтабазы. Хочацца, каб усе жылі шчасліва.

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
2015 was here
2015 was here
23 октября 2017 01:19

приличный человек. Про музей бы поподробнее. Вернее про снимки.

ППШ-41
ППШ-41
23 октября 2017 19:15

Николай Захарович действительно уважаемый многими человек. После его ухода трест начал трещать по швам. Новоявленные управленцы, можно сказать, угробили такое предприятие.