Што адбывалася да гэтага часу, Максімка не памятае. А потым свядомасць як бы прачнулася…
Вось ён стаіць у нейкіх цёмных сенцах і некага чакае. Вось нехта выходзіць з дзвярэй. Максім памятае, як шпарка крочыць ад яго знаёмая постаць. Хлопчык бяжыць за ёй, крычыць і плача. Насустрач бяжыць нейкі дзядзька і становіцца паміж Максімкам і постаццю, пачынае адціскаць малога ў глыбіню двара. Ззаду падбягаюць незнаёмыя цёткі, хапаюць Максімку за рукі і вядуць да драўлянага аднапавярховага будынка. Цёткі супакойваюць, а Максім рвецца ад іх, б`ючыся ў істэрыцы. Тым часам постаць выходзіць праз браму і знікае…
Так Максім апынуўся ў Слуцкім гарадскім дзіцячым доме. У тыя часы ён размяшчаўся на месцы, дзе зараз знаходзіцца вуліца Будаўнікоў. Калі перайсці масток праз Случ насупраць мастацкай школы і павярнуць направа, то пачнецца невялічкая нізіна. Зараз яна не надта глыбокая, а тады, у 1950-1960-я гады, выхаванцы каталіся там на санках.
За гэтым ровам адразу і пачынаўся плот са штакету, які акрэсліваў тэрыторыю дзіцячага дома. З боку Случы, недзе напалову, тэрыторыю агароджвала старажытная каменная сцяна. Яна была вельмі шырокая. На жаль, сцяну разбурылі, калі ўзводзілі новы мікрараён.
З левага боку рос яблыневы сад. Дзецям вельмі падабалася гуляць у гэтым садзе і ласавацца кісла-салодкімі яблыкамі. На жаль, яблыні таксама былі амаль знішчаны пры будаўніцтве. Зараз можна ўбачыць толькі рэшткі гэтага саду.
Максім памятае, як іх вадзілі ў парк. Яны каталіся на арэлях і каруселях, глядзелі мульцікі, якія ішлі ў невялічкім драўляным кінатэатры. Ён памятае лялечныя спектаклі ў тэатры «Дружба». Ні таго маленькага кінатэатра, ні «Дружбы» зараз ужо няма. А яшчэ ўлетку ўсе хадзілі купацца на Случ. Малыя скідвалі трусікі, беглі да рэчкі, пляскаліся і дурэлі.
Раз-пораз Максімку наведвала маці. Яна прыходзіла, соўвала ў рукі цацку ці якія прысмакі, абяцала абавязкова забраць у наступны раз і таропка знікала. Душа хлопчыка зноў поўнілася надзеяй, чакала і чакала таго дня.
Часам Максімку наведвалі сваякі: дзядзькі, цёткі. Але іх твары яму запомніліся не вельмі выразна. З`яўляліся раптам, нешта соўвалі ў дзіцячую далоньку, казалі нешта жаласлівае і хутка і надоўга знікалі. Вядома, у кожнага свае сем`і, клопаты і праблемы.
Яшчэ Максім памятае сваіх сяброў, такіх жа небарак, як ён сам. Памятае хлопчыка Віцю. Той злаваўся, калі да Максімкі прыязджала маці. Віця заўсёды спрабаваў схапіць і зламаць падараваную сябру цацку. Віцьку ніхто ніколі не наведваў, і яму, мабыць, было надта балюча і крыўдна.
Асабліва моцна Максімка пасябраваў з дзяўчынкай Леначкай. Малыя і гулялі, і нават спалі разам, абняўшыся, бо іх ложкі стаялі побач.
Аднойчы Максімку спрабавалі выкрасці. «Выкрадальніцай» была яго стрыечная сястра Нінка. Яна была трохі старэйшая за Максіма. Дзяўчынка прыйшла, узяла хлопчыка за руку і павяла дадому. Узрадаваны хлапчук пабег за сястрычкай. Але «выкраданне» скончылася няўдала. Малыя паспелі дабегчы толькі да сярэдзіны «чортавага» моста, іх дагналі выхавальніцы. Хлопчыка адабралі ў Нінкі і вярнулі ў дзіцячы дом.
Максімку забралі раптоўна. Прыехала маці і адразу пайшла да дырэктара дзіцячага дома. А хлопчык сядзеў і чакаў каля дзвярэй кабінета. Потым выйшла маці, абняла яго за плечы, нешта гаварыла. Затым узяла Максіма за руку і павяла за сабой. Хлопчык бег па сакавіцкай дарозе, і, нягледзячы на пахмурнае надвор`е, у яго на душы ззяла сонейка…
На жаль, шляхі Максімкі і яго сяброў з дзіцячага дома больш ніколі не перасякаліся. Недзе ў канцы 1960-х Слуцкі дзіцячы дом быў расфарміраваны. Сірот і выханцаў перавялі ў іншыя дзіцячыя ўстановы. А калі ўзводзілі дамы на вуліцы Будаўнікоў, то ўвогуле ўсе пабудовы знеслі.
Калі зараз паспрабаваць адшукаць у інтэрнэце якія-небудзь звесткі аб тым старым дзіцячым доме, то няшмат знойдзецца. Дзіцячы прытулак як бы сплыў у нябыт, знік з памяці жыхароў горада. Шкада! Бо Слуцкі дзіцячы дом — гэта таксама старонка з жыцця горада Слуцка і частка яго біяграфіі.