З усяго пражытага жыцця часцей за ўсё ўспамінаецца чамусьці дзяцінства, навучанне ў школе, вучні, настаўнікі. Фотаздымак настаўніцкага калектыву Вялікараёўскай сярэдняй школы захоўваецца ў мяне да гэтага часу, на адваротным баку якога ёсць надпіс «Май 1956 г.», зроблены маім бацькам.
Я часта бяру гэтае фота ў рукі і ўспамінаю школьныя гады, сваіх настаўнікаў.
Зразумела, што гэта без усялякай зламыснасці і злараднасці. Наадварот, я ўспамінаю пра іх з вялікай павагай і пяшчотай.
Вось Шукевіч Адам Тадэвушавіч, выкладчык нямецкай мовы, паляк па нацыянальнасці. У яго заўсёды ў штанах ззаду была маленькая дзірачка, праз якую віднелася сподняе. Калі ён праходзіў па радах уздоўж парт, хтосьці з вучняў у гэтую дзірачку ўстаўляў саломінку і яна віляла з боку ў бок пры хадзьбе. Клас рагатаў, а настаўнік, ведаючы, чыя гэта работа, браў вучня за каўнер і крычаў: «Стань у вугаў». Палякі, як вядома, пры размове замест гука «л» вымаўляюць «ў» або «в». Але шалапут і ў вуглу працягваў грымаснічаць. Тады Адам Тадэвушавіч крычаў: «Выйдзі з кваса».
Адным словам, здзекваліся, дурні, выкарыстоўваючы яго недахопы. Трэба сказаць, ён быў мала прыстасаваны да жыцця. Памятаю, як Адам Тадэвушавіч пытаў у майго бацькі, гледзячы на кола матацыкла: «Барыс Герасімавіч, а чаму спіцы такія тонкія, а не гнуцца?»
Быў у нас яшчэ адзін цікавы, на мой погляд, настаўнік — Ляшкевіч Уладзімір Якаўлевіч, выкладчык хіміі. Нізенькі, гарбаты. Вельмі любіў прыроду, паляванне з фотаапаратам. Павесіць на шыю дробнакаліберную вінтоўку (хоць ні разу з яе не стрэліў), бінокль, фотаапарат і блукае па наваколлі.
Вёў ён вельмі сціплае жыццё. Памятаю, у краме купляў дробку камсы, сядаў на прыступках крамы і абедаў. Дзіўны быў чалавек. Аднойчы папрасіў ён майго бацьку, каб той палячыў яму радыкуліт пчоламі (ён быў заўзяты пчаляр). Тата яму жартам сказаў: «Здымай парткі і выстаўляй зад пад ляток». Ён так і зрабіў. Пчолы абляпілі яго ўсяго і так далі, што ён заблытаўся ў сваіх партках, упаў у разору і столькі нарабіў крыку, што бацька схапіў бярозавы венік, вядро з вадою і пабег яго ратаваць.
Хочацца распавесці і пра сваіх бацькоў, таксама настаўнікаў. Тата быў выкладчыкам фізікі, маці — матэматыкі у той жа Вялікараёўскай школе.
З вялікай павагай да свайго бацькі адносіўся не толькі я, але і ўсе вучні. У тыя часы наглядных прыстасаванняў у школе амаль не было, бацька многія рабіў сам. Памятаю такую прыладу, як перыскоп, «мёртвую пятлю» і многае іншае.
У той час у вёсцы не было электрычнасці, і бацька неяк угаварыў дырэктара набыць для школы генератар. Колькі ва ўсіх было радасці і захаплення, калі ў класах замест керасінавых лямп загарэліся электрычныя!
Маці вельмі добра ведала матэматыку і выкладчыцкую справу і неаднойчы ўдзельнічала ў конкурсах і мерапрыемствах на розных узроўнях. Бацьку ў 1957 годзе прысвоілі званне «Ганаровы настаўнік БССР».
Успаміны, успаміны… У тыя гады класы былі перапоўнены. У Вялікараёўскую школу хадзілі вучні з шасці навакольных вёсак. У асноўным гэта былі пераросткі: вайна не дазволіла ў свой час скончыць школу, таму многім выпускнікам было амаль за дваццаць. Яны ўжо добра разумелі жыццё, адносіліся да навукі і да настаўнікаў з павагай. Памяталі пра сваіх настаўнікаў і пасля заканчэння школы.
Успамінаецца такі выпадак. Выпускнік Вялікараёўскай школы Міхаіл Шумілін, калі стаў знакамітым кампазітарам, прыехаў у вёску да сваіх землякоў і прывёз бочку піва. Паставіў яе на ганак крамы і частаваў усіх. Тады ён гасцяваў у маіх бацькоў з тыдзень. На жаль, Шумілін рана пайшоў з жыцця. Яшчэ б столькі песень мог напісаць.
Іншы раз так хочацца вярнуцца ў тыя часы. І не для таго, каб нешта выправіць, а каб пабачыцца з тымі, з кім вучыўся і хто мяне вучыў.
Ну, «комментатор» и «За справедливость»,не молчите, давайте, начинайте обси..ть. Расскажите лучше что нибудь о своей жизни.
Шура.
Шура ,вы о чем?
І я б вярнуўся б у тыя гады , бо быў малады, здаровы дурань з марамі і плянамі на дзесяць жыццяў. А зараз ні маладосці, ні здароў’я, ні мараў, ні планаў:))