Яўген Гучок: Жыву ў гістарычным Слуцку

0

Інстытут беларускай гісторыі і культуры ў пачатку сёлетняга чэрвеня выпусціў у свет паэтычны зборнік ураджэнца Слуцка Яўгена Гучка «Маё Пяцікніжжа (З раза­рванага кола вершаў розных гадоў)».

Як сведчыць анатацыя, «кніга змяшчае некаторыя з лірычных вершаў пейзажнага, любоўнага, патрыятычнага, грамадзянскага і іншага пісьма», створаных аўтарам у розныя перыяды сваёй творчай дзейнасці. Слова «некаторыя» хай не ўводзіць чытача ў зман пры вызначэнні колькасці паэтычных твораў, змешчаных у 800-старонкавай кнізе. Ды справа, у рэшце рэшт, не ў колькасці, а ў тым, што на гэтых старонках ёсць што пачытаць, над чым задумацца і аб чым паразважаць.
Аўтар склаў «Маё Пяцікніжжа» з кніг «Ёсць дама…», «Сум аблокаў…», «Не ўпісаўся ў паварот», «Законы неба не адмяняюцца… (Нябесная Беларусь)», «Асарці…». Праўда, гэтыя назвы наўрад ці могуць самі па сабе раскрыць змест таму, хто не прачытаў адпаведныя тэксты. «А душа пачынаецца праз любоў да Айчыны…», «Труна — гэта ўсё-такі лодка, якая кудысьці плыве…», «А чалавек — Сусвет таксама…» — вершаваныя радкі, якія паказваюць тэмы, што закранае аўтар. А яшчэ сярод тэм — мінулае і будучыня Беларусі, дабро і зло, маральны воблік чалавека, яго адносіны да жыцця, творца і грамадства, лёс роднай мовы і некаторыя іншыя.
Знаёмства з творчасцю Яўгена Гучка дае мне права сказаць, што і ў «Маім Пяцікніжжы» ён застаецца самім сабой: скразной ніткай праз усю кнігу праходзіць воб­раз Бацькаўшчыны — Беларусі. Новыя адценні гэтага вобразу паказаны ў мінулым, сучаснасці і будучыні роднага краю. Аўтар не цураецца рэзкіх выказванняў, бывае, што і «фарбы згушчае», але ўсё гэта — не даніна модзе, не для прыгожага слоўца. Чытаеш — і адчуваецца (кажу пра сваё ўспрыманне) непрыкрыты боль за лёс Айчыны, шчырае сыноўскае жаданне ёй дабра і дабрабыту — яе грамадзянам.

Реклама

Асабліва гэта праявілася ў паэме-эсэ «Законы неба не адмяняюцца (Нябесная Беларусь)». У вершах-трохрадковіках, што склалі паэму-эсэ, якую я назваў бы паэмай-маналогам, паэмай-роздумам, аўтар выказаў мару пра Нябесную Беларусь, да якой, праўда, нам ой як далёка. Бо:

Жыве Беларусь?!
Жыве нібыта!
Але пакуль што гарбаціцца,
П`е чарніла і зельц жуе.

Супастаўленне з рэальным жыццём таго, пра што піша Яўген Гучок, асаблівага аптымізму не дадае. Відавочна, што шлях да Нябеснай Беларусі — не прагулка па мінскім праспекце Незалежнасці. І тым не менш, на думку аўтара,

Як будзеш цвёрда стаяць за Айчыну зямную,
Дык мецьмеш мажлівасць
Увайсці у яе — Нябесную.

Паэму-эсэ «Законы неба не адмяняюцца (Нябесная Беларусь)» нельга чытаць похапкам, як, дарэчы, і многія іншыя творы Яўгена Гучка. Яна патрабуе чытання няспешнага, удумлівага, асэнсаванага. Пры такім падыходзе, не выключаю, чытач не ва ўсім пагодзіцца з аўтарам, магчыма, у яго ўзнікне жаданне паспрачацца. Але ж чым гэта дрэнна?

У зборніку «Маё Пяці­кніжжа» нямала радкоў прысвечана Случчыне — радзіме аўтара. Напрыклад, у паэме-эсэ «Законы неба не адмяняюцца (Нябесная Беларусь)» аўтар выказаў упэўненасць, што

Даўно б Беларусь
адбылася б тут,
Каб з усіх яе гоняў,
абсягаў усіх
Рушыў люд да слуцкіх паўстанцаў.

У гэтым жа творы ён узгадвае ўраджэнцаў Случчыны Фабіяна Шантыра, Юрку Лістапада, Уладзіміра Тэраўскага, Яна Пятроўскага. У іншых частках зборніка — слуцкага краязнаўцу Рыгора Родчанку.

Не магу не пазнаёміць чытачоў і з такім прызнаннем Яўгена Гучка:

Што мне Мінск,
Што Масква,
што Парыж…
Я уявай жыву
ў гістарычным Слуцку;
Там хоць штосьці,
магчыма, было,
Хоць нямнога,
але па-людску.

Дарэчы, на вокладцы кнігі Яўгена Гучка змешчана выява Слуцкай брамы — помніка архітэктуры XVI ст. у Нясвіжы, якая стаіць на дарозе, што злучае Нясвіж са Слуцкам. Так што, калі ласка, праз Слуцкую браму завітвайце ў паэтычны свет случчаніна Яўгена Гучка. Не пашкадуеце.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии