
Звычайная справа — бачыць на лавачцы каля пад`езда бабулек. Праходзіш і не задумваешся, што нехта з іх мае скарбніцу ўспамінаў. І ўсё іх жыццё — гэта гісторыя твайго краю, тваіх родных і блізкіх.
Праходзіў міма не раз: калі павітаешся, а калі пройдзеш і так. Мяне папрасіла затрымацца худзенькая, з кіёчкам у руках жанчына. «Ці будзе цікавым для вас прачытаць лісты з фронту? Ёсць два, ёсць фотакартка іх аўтара», — сказала яна. І мы дамовіліся пра сустрэчу.
Завуць маю суразмоўцу Валянціна Аляксандраўна Пратасеня.
«Нарадзілася я ў вёсцы Дубеі, — пачала свой аповед яна. — На сёння мне споўнілася 85 гадоў.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было дзевяць гадоў. Таму шмат чаго памятаю з таго часу. Памятаю свайго дзядзьку, мамінага брата, Паўла Яўсеевіча Пратасеню. Прыгожы быў хлопец. Перад вайной вучыўся ў ваенным вучылішчы ў Ленінградзе. Пра яго лёс не ведалі ад пачатку вайны да вызвалення Слуцка.
У пачатку жніўня 1944 года нечакана прыйшоў ліст, з якога даведаліся, што ў вызваленні Слуцка Павел прымаў непасрэдны ўдзел разам з казакамі, але заехаць да бацькоў не меў магчымасці. «Когда был близко возле вас, тогда об отпуске нельзя было и думать, — потым напісаў у сваім лісце Павел. — Во время занятия Слуцка вас ещё не освободили, а из Слуцка через несколько часов мы были далеко на западе и ежедневно в таких жарких боях продвигались всё дальше и дальше на запад. Сейчас я от вас очень далеко. Я очень рад, что в течение месяца вся Белоруссия освобождена. Долго и очень долго я ждал этого момента.
Сейчас недалёк тот час, когда освободим и Польшу. Думаю, что через несколько дней будем в Варшаве, а там, конечно, и дальше. По-моему, небольшое время отделяет нас от того момента, когда мы будем пить чай и в Берлине».
Гэты ліст (стылістыка захавана — Заўвага рэдакцыі) Павел напісаў 5 жніўня 1944 года. У канцы ліста ад 26 жніўня 1944 года, не дачакаўшыся ад нас вестак, ён паведаміў, што за вызваленне родных мясцін яго ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны другой ступені. А яшчэ расказаў, што за тры цяжкія гады вайны аб’ехаў не толькі Савецкі Саюз, але і Польшчу, і абавязкова спадзяецца быць у Берліне.
З лістоў мы ведалі, што яго вайсковая часць знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, яны чакаюць загаду вызваляць Варшаву.
Таму нечаканым для нас было яго з`яўленне ў бацькавай хаце. Павел прыехаў з салдатамі на грузавой машыне. Яны павінны былі забраць пакінутую дзесьці пад Капылём гармату. Гэта была апошняя наша сустрэча.
Ён часта дасылаў лісты, а калі вайна перайшла на тэрыторыю Германіі, стаў дасылаць пасылкі. У іх была розная тканіна. Мая маці была швачкай, мела швейную машынку, з гэтай тканіны шыла сабе і людзям вопратку. А яшчэ пераслаў атэстат, па якому мы атрымлівалі грошы. Таму наша жыццё пасля нямецкай акупацыі хутка пачало наладжвацца.
З лістоў даведваліся, што фронт ідзе на Захад. Пад канец вайны Павел знаходзіўся побач з Берлінам. Вядома, мы ўсе радаваліся, што ён застаўся жывы. Лісты прыходзілі вясёлыя, у іх была радасць за Перамогу і спадзяванні на добрую будучыню.
Але ў маі 1946 года прыйшло паведамленне, што Павел трагічна загінуў у дарожна-транспартным здарэнні. Ён вёз загад і ўзнагароды салдатам сваёй часці. А хутка прыйшла апошняя пасылка: яго акрываўлены ваенны кіцель».
Валянціна Аляксандраўна змоўкла, цяжка ўздыхнула. «Нам невядома, дзе яго пахавалі, чаму не даслалі яго ўзнагароды. Шкада, што загінуў маладым, не пакінуўшы нашчадкаў».
Помню в одной книге читал.Художественной но фронтовиком написанной.Был такой вид мошенничества.Девушки писали неизвестному бойцу.разводили шуры -муры и жаловались,что потеряли прод.карточки.просили выслать.Боец(чаще офицер-у них продаттестат больше) высылал ей свои и она исчезала.