
Хоць горад Салігорск малады, але некаторыя дамы маюць свае легенды, мала каму вядомыя. Такую легенду ці быль пра дом № 15 па вуліцы Будаўнікоў мне калісьці распавялі мае суседзі-пенсіянеры з мястэчка Пагост Іван Паддубіцкі і Валодзя Крыж.
Калі пачалося будаў-ніцтва Салігорска, Іван і Валодзя, скончыўшы Ленінградскае вучы-лішча, прыехалі ў горад маладымі спецыялістамі-будаўнікамі.
З іх размоў памятаю, што самай распаўсюджанай механізацыяй на будоўлі была «каза». Гэта нескладанае прыстасаванне, якое чалавек вешаў на плечы перад сабой, на яго ўскладалі не менш за дзясятак цаглін і ўладар «казы» нёс іх на другі паверх. Там цагліны здымалі і пускалі ў кладку.
Аднойчы на будоўлі дома № 15 абвясцілі, што павінен быць вялікі госць. І сапраўды, хутка ён з`явіўся ў суправаджэнні начальства. Было цікава, што госць размаўляў па-беларуску. Ён пахваліўся, што жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі, з`яўляецца камуністам амерыканскай партыі, а родам з мястэчка Пагост. Пры гэтых словах Іван і Валодзя не ўтрымаліся, каб не прызнацца, што яны таксама родам з Пагоста. Гэта зацікавіла вялікага госця, і ён спытаўся, ці не ведаюць яны з суседняй вёскі Цясова Мар`ю Левачыху. Хлопцы распавялі ўсё, што ведаюць, маўляў, гадуе яна траіх сыноў, сама працуе ў калгасе. Праўда, пра яе мужа і бацьку сыноў прамаўчалі. Палічылі, лепш не гаварыць, што яго перад вайной ноччу забралі. І ніхто не ведае, дзе ён цяпер.
Госць распытваць пра Мар`ю далей не стаў, а пераключыў увагу на прыстасаванне — «казу». Калі неслі на «казе» цэглу, пстрыкнуў фотаапаратам. На гэтым візіт госця на новабудоўлю скончыўся.
Успомнілі пра амерыканца месяцы праз тры пасля яго ад`езду. У сельскі савет прыйшло з Амерыкі пісьмо, у якім зніклы муж Мар`і Левачыхі прасіў паведаміць, ці жывая яго жонка, а калі жывая — напісаць яе адрас.
Левачыха з таго часу стала рэгулярна атрымліваць з Амерыкі пісьмы і пасылкі ад свайго мужа. Гэта было ў 1960 годзе. Гадоў праз 10–15 муж даслаў ёй запрашэнне і білет на самалёт у Амерыку. Вярнуўшыся дадому, яна нічога не расказвала. Толькі паскардзілася, што ў Маскве ў яе адабралі залатыя пярсцёнкі, якія яна хацела падарыць свайму мужу і другой яго жонцы.
Выдалася і яшчэ адна нагода ўспомніць госця-амерыканца. Пасля яго візіту ў Амерыцы выйшаў часопіс з фотаздымкамі пра будаўніцтва новага горада Салігорска. Галоўным героем на будоўлі была «каза». Тут жа прыехала з Мінска начальства і пачало шукаць вінаватых, хто прымаў амерыканца, хто прывёў яго на будоўлю. Казалі, што амерыканец не быў камуністам, бо пісаць такое ў часопісе мог толькі варожы імперыяліст.
Чым скончылася гэтая справа, Іван і Валодзя не ведаюць.