Доля майго пакалення была страшнай і цяжкай

2
МЕРКАВАННЕ. Васіль Сцяпанавіч Серавокі, адзін са старэйшых жыхароў мястэчка Пагост, не пажадаў бы нашчадкам пазнаць на сабе жыццё свайго пакалення. Фота: Уладзімір Амяльчэня
МЕРКАВАННЕ. Васіль Сцяпанавіч Серавокі, адзін са старэйшых жыхароў мястэчка Пагост, не пажадаў бы нашчадкам пазнаць на сабе жыццё свайго пакалення. Фота: Уладзімір Амяльчэня

У мястэчку Пагост 30 чэрвеня, у дзень вызвалення Салігорскага раёна ад нямецкіх захопнікаў, каля памятнага знака — танка — адбыўся канцэрт. Было шмат людзей як з горада, так і мясцовых жыхароў.

Калі канцэрт скончыўся, усіх жадаючых запрасілі сфатаграфавацца. Старшыня сельсавета Галіна Бань пабегла ў натоўп і прывяла на сцэну мясцовага жыхара Васіля Сцяпанавіча Серавокага. Так у адзін момант ціхі чалавек стаў знакамітасцю.

Реклама

Праз некалькі дзён я прывёз яму фотакартку і папрасіў расказаць пра сябе і сваё жыццё.

Мы сядзім у прыбранай хаце. Ужо год, як не стала жонкі Васіля Сцяпанавіча. І яму дапамагаюць дзеці, унукі і праўнукі.

«Доля майго пакалення была страшнай і цяжкай», — сказаў 92-гадовы Васіль Сцяпанавіч. Ён крыху памаўчаў і працягнуў свой аповед.

«Нарадзіўся я 4 красавіка 1926 года на хутары каля вёскі Старыя Цярушкі. Першы раз пайшоў у школу, калі выпаў снег. Кароў паставілі ў хлеў, і я застаўся без працы, бо быў пастушком.

Скончыў чатыры класы. На гэтым мая адукацыя спынілася. Ды жыць можна было б, каб не бяда.

Аднойчы, калі мне было ўжо 11 гадоў, паслаў мяне бацька да дзеда за канём. У дзеда я і заначаваў. Калі прыехаў, то бацькі ўжо не было. Ноччу прыехалі нейкія людзі і забралі яго разам з іншымі мужчынамі з вёскі. Праз шмат гадоў мы спрабавалі даведацца, куды знік бацька, пісалі ў розныя інстанцыі. Атрымалі адказ, што ён у 1939 годзе быў рэпрэсіраваны, далейшы яго лёс невядомы. А дзе яго трымалі два гады да 1939 года, так і засталося таямніцай.

Добра памятаю, які страх панаваў сярод людзей, страх за сябе, за сям`ю. Баяліся адзін аднаму слова сказаць. Нават 22 чэрвеня 1941 года мама прыйшла з Новых Цярушак, сабрала нас, дзяцей, і сказала, што чула страшную навіну: пачалася вайна. «Толькі ж вы нікому пра гэта не кажыце!» — папярэдзіла яна. Вайна! А пра гэта нікому не казаць!

Хутка прыйшлі немцы. І страху стала яшчэ больш. Ноччу прыходзяць партызаны ці пераапранутыя паліцаі — хто там разбярэ. Днём адкрыта ідуць паліцаі і немцы.
Зноў сталі знікаць людзі. Знайшліся тыя, хто пайшоў служыць немцам. Яны не забыліся пра тыя здзекі, што ўчыняліся да іх пры калектывізацыі ці ў час рэпрэсій. Казалі, што браты Іван і Сцяпан Штайда пісалі даносы на людзей. І тыя без слядоў знікалі.

Аднойчы Сцяпан паехаў з немцамі і паліцаямі паліць вёскі на Палессе. Адтуль прывёз вялікі гадзіннік, з якога праз кожныя паўгадзіны выскоквала зязюлька і кукавала. Вялікае было для вяскоўцаў дзіва. Часам яны прыходзілі да Сцяпана ў хату, каб падзівіцца. Зязюлька кукавала, але аб чым — новы гаспадар не здагадваўся. Хутка ў яго хату завіталі партызаны. Дзецям загадалі лезці на печ, а Сцяпану апранацца. Калі Сцяпан падняўся з ложка, яго расстралялі на вачах у дзяцей. Пазней расстралялі і брата ў лесе.

Дачакаліся лета 1944 года, калі прыйшла Чырвоная Армія. Маіх ра­вес­нікаў адразу ма­бі­лі­завалі ў войска. Я не трапіў у гэты набор, бо ляжаў хворы на тыф. Толькі ў снежні мяне паслалі ў вучэбную частку. Пакуль вучыў ваенную справу, вайна скончылася.

Але з 1944 года па ліпень 1950-га я служыў на тэры­торыі Германіі. Мясцовае насельніцтва не вельмі нас паважала. Хадзіць аднаму забаранялася. Былі выпадкі знікнення салдат.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў вёску. Трапіў у свой калгас, дзе панавала прыгоннае права. Год працуеш — ні грошай, ні хлеба. Пад Новы 1959 год упрасіў старшыню калгаса даць мне даведку аб адлучэнні ад калгаса. Старшыня быў чалавек ваенны, добра разумеў маё становішча і такую даведку даў. Я год працаваў на спіртзаводзе ў вёсцы Пагост, а з пачатку 1960 года ўладкаваўся ў будаўнічы трэст № 3, працаваў цесляром-бетоншчыкам. Гэта праца якраз па маёй адукацыі. Тут упершыню адчуў да сябе павагу. Ніхто не крычаў, рэгулярна плацілі грошы.

Выйшаў на пенсію, далі 120 рублёў. Гэта было вялікае шчасце: на працу не ідзі, грошы даюць. Але так жыць я не мог, таму стаў працаваць у калгасе, завёў сваю гаспадарку. Праз трынаццаць гадоў майго жыцця на пенсіі мне на хату паставілі тэлефон. Для мяне свет яшчэ больш адкрыўся.

У баях я не ўдзельнічаў, але мяне на вёсцы паважаюць. Дзякуй усім доб­рым людзям.

Аднаго хочацца: каб нашы нашчадкі такога жыцця не ведалі, якое давялося пражыць майму пакаленню".

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Натали
Натали
22 июля 2017 21:44

Можно подумать, что сейчас наше молодое поколение процветает.

2015 was here
2015 was here
23 июля 2017 02:25
Ответить на  Натали

Бедное поколение-не у всех есть гаджет последней модели.