Глядзеў на Беларусь праз дзірачку ў акне. Чаму немца Герхарда Крамера пазнаюць на валожынскіх вуліцах

0
ПАЗІЦЫЯ. «Колькі змагу, буду дапамагаць валожынскім дзецям, а палітыка мяне мала цікавіць», — кажа Герхард Крамер. Фота: Аксана Ярашонак
ПАЗІЦЫЯ. «Колькі змагу, буду дапамагаць валожынскім дзецям, а палітыка мяне мала цікавіць», — кажа Герхард Крамер. Фота: Аксана Ярашонак

Герхард Крамер ужо 25 год прыязджае ў Валожын. Ён няспешна крочыць па валожынскіх вуліцах, адзначае, што гарадок папрыгажэў. Ды і таксі з Мінска да Валожына ўжо не трэба чакаць шэсць гадзін, як гэта было чвэрць стагоддзя таму.

Некаторыя валожынцы пазнаюць спадара Герхарда і вітаюцца з ім. Адкуль у невялікім беларускім горадзе ведаюць жыхара федэратыўнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія?

Реклама

Хутка даведацца пра гэта не атрымалася. Хоць лёс і падарыў магчымасць жыць з Герхардам Крамерам у адным валожынскім гатэлі, дачакацца героя было цяжка.
— О, у яго столькі спраў заўжды, калі ён да нас прыязджае, — патлумачыла дзяўчына на рэцэпцыі ў гатэлі. — Ён сёння можа быць вельмі позна. Вам усё роўна тэлефанаваць?

І мне пашанцавала. Герхард Крамер прыйшоў у гатэль а дзясятай вечара. І быў гатовы размаўляць.

— 25 год таму група беларускіх дзяцей адпачывала ў Германіі, — пачынае свой расповед спадар Крамер. — А потым мы з сябрамі захацелі паглядзець, як жывуць тыя дзеці, убачыць іх радзіму.

Зімой 1992 года, калі ў Беларусі было больш за 20 градусаў марозу, Герхард Крамер знаёміўся з Беларуссю. Ён ехаў на таксі з Мінска ў Валожын і праз размарожаную дзірачку ў акне глядзеў на нашу радзіму.

Спачатку Герхард і яго аднадумцы жылі ў валожынскіх сем`ях. Калі ў горадзе з`явілася добрая гасцініца, пачалі спыняцца тут. Плаціць за яе нядорага, лічыць Герхард, а ніякай нязруч­насці людзям не ствараеш.

Першай была першая школа

Дапамога Валожыну пачалася з сярэдняй школы №1. Да святаў, а часам і проста так сям`я Крамераў рыхтавала падарункі для вучняў. Цацкі і ласункі ехалі з Германіі ў Беларусь на вялікіх грузавіках. Апошні раз вага гумані­тар­най дапамогі для вало­жынцаў склала 14 тон.

Да сённяшняга дня, па словах суразмоўцы, ён падтрымлівае кантакты з тымі, самымі першымі вучнямі школы, якім дапамагаў. Ведае, хто з іх куды пераехаў, хто стварыў сем`і. За 25 год каля 500 дзяцей з Валожыншчыны адпачылі і паправілі здароўе ў Германіі.

А 19 год таму Крамер спрыяў удачарэнню хво­рай валожынскай дзяўчынкі ў нямецкую сям`ю. Па словах Герхарда, у яе былі праблемы з ныркамі.
На сённяшні дзень дзяўчыну вылечылі. Яна жыве і вучыцца ў Германіі. Будзе спецыялістам па дрэваапрацоўцы. Ад прапановы Герхарда з`ездзіць на радзіму ў Валожын дзяўчына пакуль адмаўляецца.

Цацкі, спартыўныя прылады, камп`ютары, новае тэхнічнае абсталяванне з`явіліся ў валожынскіх школах і садках дзякуючы Крамеру. Часам Герхард са сваімі сябрамі нават самастойна рабіў рамонты ў школах. А мясцовы цэнтр дзіцячага развіцця «Расінка» валожынцы ўвогуле называюць «садком Герхарда Крамера».

Буду дапамагаць, пакуль змагу

Касцёл Святога Юзафа, што знаходзіцца на цэнтральнай плошчы ў Валожыне, таксама дапамог адрамантаваць спадар Крамер. Дзякуючы яму знайшліся матэрыялы для рамонту. Герхард — каталік па веравызнанні. І на радзіме належыць да каталіцкага таварыства Святога Юзафа.

На пытанне, чаму Крамер дапамагае дзецям Валожына, адказ просты: ён мае магчымасць і жаданне. Дзяржава і бацькі не заўсёды могуць цалкам забяспечыць патрэбы дзіцяці, перакананы Крамер. Па яго словах, такая сітуацыя не толькі ў Беларусі, а ў Германіі таксама.

У Валожын Герхард Крамер прыязджаў штогод. Выключэннем стаў толькі 2016-ты. Тады ён даведаўся, што сур`ёзна хворы. Аднак сёлета гэта не перашкодзіла яму прыехаць зноў.

— Калі валожынскія сяб­ры даведаліся пра маю хваробу, яны шмат пісалі на электронную пошту, маральна падтрымлівалі мяне, — дзеліцца Крамер.

Бацька распавядаў пра Беларусь і беларускіх «матак»

На сённяшні дзень Герхард — пенсіянер. Усё жыццё адпрацаваў майстрам па рамонце тэле- і радыёапаратуры. Мае сям`ю: жонку, дзяцей, унука і ўнучку.
У часы Вялікай Айчыннай вайны бацька Герхарда Крамера быў у Беларусі. Расказваў сыну пра прывакзальную плошчу ў Мінску. Тут ён пракладаў чыгунку. У Беларусі згубіў адну нагу.

— Бацька часта ўспамі­наў, — прыгадвае Герхард, — што, каб не беларускія «маткі», наўрад ці ён бы змог вярнуцца дадому жывым.

За дабрачынную дзей­насць Крамер мае вы­сокія ўзнагароды ад беларускага і нямецкага ўрадаў. А на пытанне пра палітычную сітуацыю ў Беларусі адказаў:
— Ведаеце, я дапамагаў і, колькі змагу, буду дапамагаць валожынскім дзецям, а палітыка мяне мала цікавіць.

Пасольства ФРГ у Беларусі
УНП 1011666185

 

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии