Шлях салдата: з Прусіі ў Японію і назад — у Беларусь

0

Мне здавалася, што за шмат гадоў працы ў сродках масавай інфармацыі я ўжо ведаю ўсіх салігорскіх пенсіянераў-франтавікоў. Высветлілася, што гэта не так. 6 мая ў лясным урочышчы Векарава, дзе была партызанская база і куды традыцыйна прыязджаюць перад святам Перамогі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, мне давялося пазнаёміцца з удзельнікам вайны з 1944 года.

Ён рэдка бывае на святочных мерапрыемствах, таму мы раней і не сустракаліся. Завуць яго Павел Аляксандравіч Дрэнь. Хочацца пазнаё­міць з ім і чытачоў «Кур`ера».

170517_pavel_dren

Реклама

«Нарадзіўся я ў 1927 го­дзе ў вёсцы Веска, што каля Чырвонай Слабады, у вялікай сялянскай сям`і, — пачаў свой аповед Павел Аляксандравіч. — Калі пачалася калектывізацыя, наш калгас назвалі „Пуцілавец“. У гэтай назве, як цяпер разумею, гучала пралетарская ініцыятыва калектывізацыі, якая многім была незразумелай і нават варожай. Таму ў калгас ішлі не ўсе ахвотна.

Як нас раскулачвалі

Бацька быў серадняком, меў два кані, карову і іншую дробную жыўнасць. Не ведаю, у калгас уступіў пад прымусам ці добраахвотна, але каней і карову адвёў туды. Ды толькі гэта яго не выратавала ад арышту.

Добра памятаю, як на па­двор`е прыйшлі акты­вісты новай улады і пачалі раскулачваць. Кожны з іх стараўся што-небудзь забраць. Вельмі ўрэзаўся ў памяць адзін актывіст у скураной чорнай тужурцы. Ён знайшоў у запеччы паўмяш­ка жыта і стаў забі­раць.

Маці кінулася да мяшка, учапілася за яго і страшна закрычала: „Не аддам! Чым дзяцей буду карміць?“ А той паваліў яе на зямлю, наступіў ботам на руку і сказаў: „Навошта нара­джала гэтых шчанюкоў?“ Нас, шчанюкоў, у мацеры засталося пяцёра. Колькі гадоў прайшло, а так помніцца.

Падвор`е расцягнулі, але мы неяк выжылі. Бацькава сястра працавала ў Старобіне ў пякарні. За ня­дзелю назбірае там розных адходаў і перадасць нам. А яшчэ дапамагалі бра­ты маці, якія працавалі ў смалярні.

Перад вайной бацька вярнуўся дамоў. Да гэтага часу працаваў у горадзе Рыбінску на будоўлі электра­станцыі. На той будоў­лі нейкім на­чаль­нікам быў наш зямляк Шавула. Ён пастараўся, каб справу бацькаву перагледзелі. У выніку яго адпусцілі.

Немцы прыйшлі ў вёску на пяты дзень вайны

Хутка пачалася вайна. Многія з тых, хто раскулачваў, зрабілі „драпу“ на Усход, але не ўсе. У вёсцы немцы з`явіліся, можа, на пяты дзень вайны. Перад гэтым у хату зайшоў старшыня калгаса „Пуцілавец“ і сказаў, каб бацька выбраў сабе карову з калгаснага статка. Так мы зноў пачалі абзаводзіцца гаспадаркай.
Хутка немцы сагналі дарослых на сход і пра­па­навалі выбраць старасту. Была прапанова абраць бацьку, бо ён нявінна пацярпеў ад савецкай улады. Але бацька адмовіўся. Тады старастам абраць прапанавалі былога савецкага актывіста Чайку. Той з радасцю пагадзіўся.

Праз некаторы час стараста прыйшоў у двор з двума паліцэйскімі і загадаў карову здаць немцам.

„Не ты даваў, не ты і забярэш“, — адказаў бацька. Але Сцяпан Чайка пайшоў у хлеў, бацька за ім, а за бацькам і я.

Калі Чайка стаў на рогі накідваць вяроўку, я злаў­чыўся і, колькі было сілы, стукнуў яму кулаком пад вока, а бацька схапіў яго за горла. Чайка вырваўся і з паліцэйскімі пакінуў па­двор`е. Назаўтра я пагнаў пасціць кароў на балота. Раптам бачу, што да мяне бяжыць мама. „Паўлік, уцякай, — крычыць скрозь слёзы. — Немцы забралі бацьку, а паліцаі прыйдуць за табой“.

Паліцаі прыйшлі, але я схаваўся ў алешніку. Яны некалькі разоў стрэлілі ў бок леса і паехалі. Тую ноч я начаваў у лесе. Калі прыйшоў дамоў, то з`явіліся пяць паліцэйскіх. Я схаваўся на печы.

Адзін паліцэйскі палез на печ, паглядзеў на мяне і так моцна сказаў: „Яго няма тут“. Паліцэйскія пайшлі з хаты шукаць мяне на падвор`і. А вечарам прый­шла бацькава сястра з вёскі Устрань, пераапранула мяне ў дзявочае адзенне і павяла да сябе.

Маці хадзіла да нямецкага каменданта, плакала, распавядала, што бацька пацярпеў ад савецкай улады, што гаспадарку бальшавікі разрабавалі. Камендант прыказаў бацьку адпусціць, карову вярнуць. Я таксама вярнуўся дамоў. Некалькі разоў бачыў таго Чайку з вялікім сіняком пад вокам.

На Захад дабіваць ворага

Калі вярнулася Чырвоная Армія, бацьку мабілізавалі, а ў верасні мабілізавалі і мяне. У Беластоку тры дні вучылі ваеннай справе. Стаў я ваенным сувязістам. Больш поўзаў, чым хадзіў па зямлі.

Аднойчы пацягнуў за дрот, а да яго была прывязана міна — выбух. І мой твар заліўся крывёю. Асколкам раніла трошкі вышэй за левае вока. Са шпіталя ўцёк на пяты дзень.

Перамога застала ў Прусіі. Тут мяне перавучылі на радыста і адправілі на Далёкі Усход ваяваць з Японіяй. Калі там скончылася вайна, мяне адправілі ў Закаўказзе на мяжу з Турцыяй. Тут я стаў лакатаршчыкам. З Турцыяй афіцыйна не ваявалі, але мая служба тут скончылася ўзнагародай „За баявыя заслугі“, прысвоілі званне лейтэнанта.

У 1961 годзе дэмабілі­заваўся, аддаўшы арміі 18 гадоў. Споўнілася мне тады 34 гады. Вярнуўся на радзіму. Тут будаваўся Салігорск. З гэтага часу пачалася мая новая гісторыя.

Адзначыў сваё 90-годдзе 28 красавіка. Наш прэзідэнт прысвоіў мне ваеннае званне маёра. Таму мушу „даслужыцца“ да палкоўніка».

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии