
У Салігорску 2 ліпеня плануецца асвяшчэнне ніжняга Храма, які будуецца, у тым ліку, на народныя грошы. Гэты дзень стане асабістым святам для салігарчаніна Івана Беразоўскага, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, інваліда першай групы. За сем гадоў ён добраахвотна пералічыў на будоўлю храма паўтары тысячы долараў (у эквіваленце).
З майскай пенсіі ён пералічыў 100 рублёў. Аб гэтым ён расказаў карэспандэнту «Кур’ера» і нават паказаў усе квітанцыі на паштовыя пераводы, якія рабіў цягам апошніх сямі гадоў. Веруючым Івана Андрэевіча зрабіла жыццё, у якім яму давялося пабыць і камуністам.
«Нарадзіўся я ў вёсцы Іздрашава ў сялянскай сям`і 17 студзеня 1926 года. У бацькі была моцная гаспадарка, таму нашу сям`ю бальшавікі сабраліся выслаць у Сібір. Але бацька ад іх збег на коніку: дабраўся да Слуцка, каня адпусціў, і той адзін вярнуўся дамоў. А бацька даехаў да Мінска, зайшоў да Аляксандра Чарвякова, усябеларускага старасты, з якім быў знаёмы. Пакуль вярнуўся дамоў, ахвотнікі чужога дабра разбегліся.
У 1944 годзе мяне прызвалі ў армію. Калі пакідаў родную хату, маці павесіла мне на грудзі крыжык і сказала, што ён будзе зберагаць мяне ад пагібелі. Першы раз я ішоў у наступленне і быў лёгка паранены на тэрыторыі Літвы. Другі раз мяне цяжка параніла на тэрыторыі Германіі. За ноч я прымёрз да зямлі. Назаўтра санітаркі падбіралі загінуўшых, убачылі, што я яшчэ жывы, адправілі ў шпіталь. Так я трапіў у горад Омск, дзе сустрэў Перамогу. Увесь гэты час на маіх грудзях вісеў мамін крыжык.
Калі пасля вайны мне прапанавалі ўступіць у партыю, я пайшоў да бацькі пытацца, што мне рабіць. Я вельмі баяўся быць камуністам, бо пра іх гаварылі, што ім забараняецца піць гарэлку, мець інтымныя зносіны з жанчынамі і шмат яшчэ чаго страшнага. Бацька ў гэты час быў старастам у Чыжэвіцкай царкве. Ён выслухаў мяне і кажа: «З уладай трэба жыць мірна». І я ўступіў у партыю. Да гэтага часу я ўжо адпрацаваў прадаўцом у магазіне, загадчыкам сяльпо, старшынёй Старобінскага сельсавета. Перайшоў працаваць у Старобінскі дрэваапрацоўчы камбінат і мяне абралі сакратаром партыйнай арганізацыі. Мае адносіны да царквы сталі яшчэ больш складанымі. Калі даводзілася быць у камандзіроўках, я абавязкова там наведваў царкву і адмольваў свае грахі.
І вось я ўжо галоўны інжынер Салігорскага камбіната бытавога абслугоўвання, партыйны кіраўнік па сумяшчэнню. У кармане партыйны білет, а ў каўнеры піджака зашыты мамін крыжык. З палёгкай уздыхнуў я толькі пасля развалу Саюза — нарэшце я стаў адкрыта хадзіць у царкву.
Ранее: Собор в Солигорске: осталось достроить 15% и найти миллион долларов

Калі пачалося будаўніцтва Храма, я стаў пералічваць штомесяц з пенсіі грошы. Адчуваю сябе шчаслівым, што пасля мяне будзе Вялікі Храм, у якім многія людзі знойдуць супакой сваёй душы. Шкада, што на адкрыцці не здолею прысутнічаць. Раненні ў ногі, у лёгкія і пазваночнік не дазваляюць. Але я шчаслівы, што пражыў столькі гадоў, што ў сценах сабора будуць і ад мяне некалькі цаглінак».