
Калі прыехаў у Старобін, даведаўся, што не так даўно тут пачалі збіраць экспанаты для музея, які размясціўся ў пакоях мясцовага Дома культуры. Не ўтрымаўся, зайшоў.
«Абышлі вёскі вакол Старобіна: Лецянец, Авіны, Лістападавічы. Ды ў самім Старобіне шмат знайшлі цікавага, — распавяла Галіна Леановіч, выконваючая абавязкі дырэктара ДК. — На гарышчы жыхара вёскі Лістападавічы Паўла Грыцэвіча знайшоўся збор драўляных ночваў і дзежак. Сам гаспадар так растлумачыў іх прызначэнне: вялікія ночвы — для купання авечак перад стрыжкай, крыху меншыя — для мыцця бялізны, яшчэ ў меншых — секлі мяса на каўбасы, а ў зусім маленькіх — кармілі куранятак. Кожная дзежка таксама мела сваё прызначэнне: у большай салілі сала, а ў меншай — здор. І гэтак людзі жылі яшчэ зусім нядаўна.
А якія дзіўныя жаночыя і мужчынскія строі знайшліся ў куфарах вяскоўцаў! І ўсё — ад ніткі да гатовай кашулі — зроблена рукамі працавітых жанчын».
