Парашок ад усіх хвароб

Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут

Аднойчы да мяне, пачынаючай вясковай доктаркі, як мяне звалі ў вёсцы, прыйшла бабуля. Мы з ёй пазнаёміліся, пагаварылі пра жыццё, дзяцей, агароды. А потым бабуля мне і кажа: «Ты, дакторачка, дай мне парашкоў ад павышанага ціску, бяссонніцы, ад болю ў сэрцы і галаўнога болю».

Я адчыніла сваю аптэчную шафу і паклала перад бабуляй «Раунацін», якім у тыя далёкія гады здымалі высокі ціск, экстракт валяр`янкі для лепшага сну, карвалол і цытрамон, які любілі ўсе мае бабулі.

Твар у маёй пацыенткі выцягся, вочы здзіўлена глянулі на мяне, і яна канстатавала: «Ты яшчэ не навучылася лячыць людзей! Мне патрэбен „спрыцыцыт“! Я як вып`ю на ноч два парашочкі, дык у мяне і ціск прыходзіць да нормы, і сэрца не баліць, і галава яснее. А галоўнае, я добра сплю да самай раніцы».

Реклама

Пад гэтыя паказчыкі не падыходзіў ні адзін з медыкаментаў, якія былі на той момант у маім аптэчным кіёску. Я стала распавядаць бабулі, што няма ў прыродзе такога медыкаменту і ніколі не было. На што мне бабуля Маня заявіла: «А ў той доктаркі, што працавала да цябе, заўсёды быў у продажы «спрыцыцыт».

І я пачала паказваць бабулі тыя лекі, якія мелі падобныя назвы:

— Стрэптаміцын? Бабуля ківае галавой: «Не!»

— Сінтаміцын? — пытаюся я.

Бабуля ўжо злуецца: «Спрыцыцыт» шукай!"

Тады я кладу на стол перад вачамі бабулі ўсе гэтыя лекі і пытаюся: «Які з іх „спрыцыцыт“?»

І тут бабуля Маня весела засмяялася: «Дык вось жа тыя парашкі! А ты кажаш, што няма!» І ўхапіла са стала… пакецік стрэптацыду.

Тут ужо я засмяялася: «Бабуля, гэта ж парашкі ад інфекцый. Вось калі горла забаліць ці прастуда якая здарыцца, тады яны дапамогуць». Але бабулю Маню гэта не пераканала: «Маладая ты яшчэ, нявопытная.

А мне «спрыцыцыт» дапамагае ад высокага ціску, галавы, бяссонніцы і болю ў сэрцы. Як вып`ю на ноч два парашкі, сплю, што забітая, да раніцы. Дай мне дзесяць такіх лісцікаў. Праз дзён дзесяць прывязі яшчэ штук дваццаць".

Калі яна пайшла, я доўга не магла супакоіцца ад смеху. Гэта ж якой была сіла выклікання, калі столькі хвароб можна было лячыць адным прэпаратам!

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
2015 was here
2015 was here
5 марта 2017 11:05

Спрыцыцыт добра ад апердыцыту дапамагае.

2015 was here
2015 was here
6 марта 2017 21:43

Яшчэ давайце.