Рэцэнзія. Яўген Гучок і яго «любімыя дзеці»

0

Неяк на пытанне аўтара гэтых радкоў, як атрымалася, што ён стаў паэтам, ураджэнец Слуцка Яўген Гучок адказаў: «Я ўспрымаю паэтычнае слова больш кандэнсаваным. Паэтычным радком, па-мойму, можна сказаць столькі і такое, для чаго ў прозе і старонкі тэксту не хопіць. Таму і захапіўся паэзіяй».

Дадам — захапляецца ўжо прыкладна шэсць дзясяткаў гадоў. Што і казаць, у яго захаплення — салідны ўзрост, яно прайшло выпрабаванне часам. А гэта і дало Яўгену Сяргеевічу маральнае права напісаць:

Ёсць дама, якой я не здраджваў ніколі,
Якой не хлусіў, за якую гарою стаяў,
З якой пачуваў сябе ветрам у полі
І нават рукою нябёсы кранаў.
Той дамы імя — не з тутэйшых — Паэзія,
А месца жыхарства ёй — сэрца маё;
Яна для яго і бальзам, і магнэзія,
А папярэдне — быцця вастрыё.

Реклама

Паэзія — дама строгая і не без гонару, ды і патрабавальнасці ёй не займаць. Можна прывесці мноства прыкладаў, як яна бязлітасна абыходзілася з тымі, хто легкадумна і непаважліва адносіўся да яе. Яўгену Гучку, які «не здраджваў» і «не хлусіў», дама па імені Паэзія адказала ўзаемнасцю, пры гэтым не рабіла для яго нейкіх скідак і паблажак. Яе, па-мойму, прывабіла ў ім талент, шчырасць, працавітасць і патрабавальнасць да сябе, удумлівая праца над кожным паэтычным радком. Іначай наўрад ці ён змог бы напісаць:

Паэт, шукай такое слова,
Ў якім пульсуе падаснова
Трагічнасці і радасці быцця…
І будзе верш твой, як любімае дзіця.

З некалькімі дзясяткамі «любімых дзяцей» Яўгена Гучка чытачы могуць пазнаёміцца на старонках яго кнігі выбранай лірыкі «У родным краі». Яе сёлета ў пачатку лютага тыражом 50 экзэмпляраў выпусціў у свет Інстытут беларускай гісторыі і культуры. Дарэчы, прыведзеныя вышэй паэтычныя радкі — з гэтай кнігі. У 116-старонкавым выданні чытач знойдзе, як сказана ў анатацыі, «лірычныя вершы фі­ла­софскага, пейзажнага, грамадска-патрыятычнага, любоўнага, гумарыстычна-сатырычнага, іншага — галоўным чынам спавядальнага — пісьма».

Такая тэматычная разнастайнасць сведчыць пра цікавасць паэта да жыцця ва ўсіх яго шматлікіх праяўленнях. Але ж і патрабуе ад яго не толькі прафесіяналізму, але і пэўнай асцярожнас­ці, каб не скаціцца да павярхоўнага апісаль­ніцт­ва і банальшчыны. Мне падаецца, што Яўгену Гучку ўдалося пазбегнуць такіх хібаў, хоць разумею, што кожны чытач можа вынесці свой «прысуд». Праўда, выносіць «прысуд» бывае намнога лягчэй, чым самому што-небудзь стварыць.

Некалькі вершаў у кні­зе «У родным краі» аўтар прысвяціў сваёй радзіме — Слуцку. Дарэчы, вобраз роднага краю — адзін з асноўных у творчасці Яўгена Гучка, бо:

У родным краі, на ўлонні
Сам сябе нічым не мушу…
 Бы сняжынкі на далоні,
Вершы падаюць на душу.

Напрыканцы прывяду працяг сваёй размовы з Яўгенам Гучком, пра якую ўпамянуў у пачатку гэтага матэрыялу. Тады Яўген Сяргеевіч сказаў: «…Паэзія — тая ж самая мудрасць. А хіба многа людзей цягнуцца да мудрасці? Я б не сказаў. Так і паэзія: не было, няма і наўрад ці будзе ў яе масавы чытач. І я буду вельмі рады, калі мае творы знойдуць водгук у душах хоць некалькіх чалавек». Не сумняваюся, што чытачы кнігі «У родным краі» сустрэнуць у ёй такія вершы, якія «знойдуць водгук у душы».

Толькі трэба мець на ўвазе, што многія вершы Яўгена Гучка не для «лёгкого чтива». Яны для тых, хто ўмее і не лянуецца думаць, асэнсоўваць прачытанае.

У творчым багажы Яўген Гучок мае больш за дзясятак паэтычных і празаічных кніг, аднак не спыняецца на дасягнутым. Наколькі я ведаю, ён рыхтуе да выдання свае чарговыя кнігі.
З нецярпеннем чакаем, Яўген Сяргеевіч, сустрэчы з вашымі творамі.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии