Як жанчына знаходзіць сэнс жыцця, не выходзячы з дому

Зінаіда Дубовік жыве адна ў двухпакаёвай кватэры ў аграгарадку Гацук. Апошнія 6 гадоў яна практычна не выходзіць на двор з-за праблем з пазваночнікам. Знаходзячыся ў чатырох сценах амаль без жывых зносін, можна было б азлобіцца на ўвесь свет. Але, як кажа Зінаіда Паўлаўна, часу няма. «Жыць засталося менш, чым пражыта. А спраў усё больш і больш». Планы ж у жанчыны напалеонаўскія.

Нас пяцёра: чатыры сцяны і я. Фота Надзеі Бужан
Нас пяцёра: чатыры сцяны і я. Фота Надзеі Бужан

«Няма з кім пагаварыць, дык я і разышлася»

На дварэ зіма, а на лесвічнай пляцоўцы побач з яе кватэрай ва ўсю «цвітуць» кветкі. Але не звычайныя, а папяровыя. Стаяць яны ў вазах, сплеценых з бісеру. А побач казачныя жывёлы, выразаныя з карчаг. Як высветлілася, уся гэтая прыгажосць — справа ўмелых рук Зінаіды Паўлаўны.

«Я, як белы парус у акіяне, шукаю ўсё штосьці. Як стары забыты фрэгат на прычале, усё чакаю кагосьці. Вось і дачакалася вас», — сустракае нас вершаванымі радкамі жанчына на мыліцах. І тут жа запрашае да стала. «Частуйцеся: вось сыр, яблыкі, хурма… А я тым часам пельмешкі разагрэю. Думала, вы раней прыедзеце, дык астылі». Жанчына спрытна завіхаецца ля пліты. Калі спрабуем дапамагчы, адмаўляецца. «Вы не глядзіце, што я на мыліцах. За столькі гадоў, як бачыце, прылаўчылася сябе абслугоўваць. Усё жыццё кіруюся прынцыпам: хочаш зрабіць добра, зрабі сам. Сацработнік толькі прадукты мне прыносіць».

Реклама

На ўсе мае пытанні Зінаіда Паўлаўна адказвае не надта ахвотна.

«Колькі спіш і ў колькі прачынаешся — гэта такія дробязі. Часу засталося няшмат, таму не трачу ўпустую ні хвілінкі: днём — праца рук, уначы — розуму. Вось за апошнюю ноч ажно тры вершы нарадзіліся. Вы ешце, а я тым часам лепш пачытаю вам што-небудзь. Прозай трэба доўга тлумачыць, а вершам усё адразу зразумела».

Спачатку Зінаіда Паўлаўна чытае па памяці. Потым — з папяровых аркушаў, уздоўж і ўпоперак спісаных прыгожым, акуратным почыркам. Яе вершы — пра родную вёску з прыгожай назвай Белая Лужа, пра адзіную радасць у жыцці, пра справядлівасць і дабрыню, пра Бога — прасякнутыя болем і ўдзячнасцю… Жанчына чытае іх практычна без перапынку, быццам баючыся, што мы яе перарвём…

«Гэта няма з кім гаварыць, дык я ўжо разышлася», — спахапілася Зінаіда Паўлаўна і павяла нас у сваю карцінную галерэю.

Каб у адзінокага чалавека засвяціліся вочы, патрэбна няшмат — кропля ўвагі і цеплыні...
Каб у адзінокага чалавека засвяціліся вочы, патрэбна няшмат — кропля ўвагі і цеплыні…

«Вышываю мужчын, бо жанчын не друкуюць»

У двух пакоях на канапе, ложку і падлозе ў некалькі шэрагаў расстаўлены карціны ў рамках. Спачатку мы падумалі, што яны намаляваныя фарбамі. Толькі калі прыгледзеліся, убачылі, што… ніткамі. На большасці карцін — прырода, кветкі. Таксама ёсць іконы. І некалькі партрэтаў вядомых людзей: Купалы, Коласа, Пушкіна, жонкі Рэрыха… Многія свае работы, у тым ліку і з выявамі Уладзіміра Караткевіча ды Францыска Скарыны, вышывальшчыца падарыла Слуцкаму краязнаўчаму музею. «Аляксандра Лукашэнку таксама вышыла, — кажа Зінаіда Паўлаўна. — І напярэдадні яго юбілею перадала ў Адміністрацыю Прэзідэнта».

— Чаму вырашылі вышыць партрэт Прэзідэнта?

— Многія мне задаюць гэтае пытанне. Я вышываю славутых людзей. Аляксандр Лукашэнка — першы прэзідэнт за ўсю беларускую гісторыю. Яго ведаюць ва ўсім свеце. Вось я і падумала: чаму б мне яго не вышыць? У Прэзідэнта, вядома, поўна партрэтаў. Але такога, як я вышыла, дакладна няма.

— Гляджу, вы адных мужчын вышываеце…

— Чые партрэты ў мяне былі ў вялікім памеры, таго і вышыла. Надрукавалі б у кнігах ці часопісах славутую жанчыну, я і яе «намалявала» б. Больш таго, у кніжных крамах поўна сусветных славутасцяў, а вось партрэты вядомых беларусаў паспрабуй знайдзі…

Мне кажуць: «А чаму вы не прадаяце свае работы?» Дык, а хто купіць? Адна рамка каштуе 15 рублёў, а карціну хочуць набыць за 10. Людзі ж не разумеюць, колькі тут працы. Вось, напрыклад, сваю першую ікону я тры месяцы вышывала. У 10 гадзін раніцы пачынала і амаль да 10 вечара карпела над ёй. Я ж тады яшчэ сядзець магла. А як цяпер дык амаль год магу вышываць адну карціну, вочы стамляюцца хутка.

— А цяпер над якой карцінай працуеце?

— Нядаўна скончыла вось гэтую месяцавую дарожку. Цяпер адклала вышыўку, бо трэба пісаць кнігу. Я ж абяцала…

Нас пяцёра: чатыры сцяны і я.«Вы ешце, а я лепш вершы пачытаю...»
Нас пяцёра: чатыры сцяны і я."Вы ешце, а я лепш вершы пачытаю…"

«У санаторыі мяне называлі Архівам»

Каля ложка Зінаіды Паўлаўны тры тоўстыя штодзённікі. Жанчына запісвае туды свае ўспаміны. Робіць гэта лежачы, бо сядзець яна не можа. «Сваімі мемуарамі я сусветных праблем не вырашу. Гэта не «Вайна і мір». Хоць і была думка назваць кнігу «Мой мір і мая вайна». Каб яе выдаць, падлічыла, спатрэбіцца дзесьці 3000 рублёў. Пакрысе адкладаю з пенсіі.

Кожны чалавек штосьці павінен пасля сябе пакінуць. Кажуць, сляды на зямлі… А я лічу, што не сляды трэба пакідаць, а плады.
Бацькі мае пра сябе асабліва не расказвалі… Дык, думаю, хоць я пакіну свае ўспаміны. Дзяцей у мяне няма, пляменнікам цяпер гэта не цікава. Але ж калі-небудзь яны дажывуць да маіх гадоў, захочацца штосьці даведацца пра свае карані — а спытаць няма ў каго. Яшчэ і з гэтай прычыны я вырашыла пісаць. Цяпер гэта для мяне самае галоўнае".

А прыгадаць Зінаідзе Дубовік ёсць што! Калі ёй было 8 годзікаў, трапіла ў дзіцячы косна-туберкулёзны санаторый, што ў Еўпаторыі. Там правяла на ложку ў гіпсе 6 гадоў. «У 1953-м да нас прыехаў сімферопальскі пісьменнік. І неўзабаве пасля гэтага напісаў кнігу. „У імя жыцця“ называлася. Мы, дзеці, моцна чакалі, калі выйдзе гэтая кніга. А калі прачыталі, яна нам не спадабалася».

170224_zvyazda3

— Чаму?

— Там было ўсё вельмі гладка. Пісалася пра тое, як працуюць дактары, як дзеці папраўляюцца. У якасці прыкладу прыводзілася гісторыя адной дзяўчынкі, якая два годзікі пабыла ў санаторыі і здаровенькая на сваіх нагах з’ехала дадому. Гэта праўда. Але не галоўнае з нашага пункту гледжання. Бо такіх шчасліўчыкаў былі адзінкі… А вось чым мы там жылі па 8—10 гадоў, адны, без бацькоў — пра гэта не пісалася. Не было ні слова і пра Валерку… Хлопчык хварэў на туберкулёз пазваночніка, у яго былі паралізаваныя ногі. Ад Валеркі адмовіліся бацькі. За 8 гадоў да яго ніхто не прыехаў, ніхто не напісаў яму ніводнага ліста. Калі дактары прызналі лячэнне бессэнсоўным, забіраць Валерку з санаторыя не было каму. Дык вось, памятаю, дзяўчаткі, што ляжалі са мной у палаце, доўга абураліся, чаму пра яго пісьменнік не напісаў. А потым вырашылі: «Зіна вырасце і напіша сапраўдную кнігу пра нас». Я паабяцала. І ўсё жыццё тое абяцанне не дае мне спакою.

— Ці зможа ваша кніга дапамагчы дзецям, якія сёння, як і вы калісьці ў іх узросце, не могуць падняцца з ложка?

— Спадзяюся. Мне ж дапамагалі кнігі. Дзякуючы ім я вандравала па свеце. Любіла чытаць пра мараплаўцаў, вандроўнікаў, пра славутых людзей. Вучылася ў іх, як выходзіць з няпростых сітуацый, пераадольваць выпрабаванні. І такім чынам выпрацоўвала свой характар. Дзякуючы кнігам я ведала ўсё на свеце. За гэта мяне ў санаторыі празвалі Архівам. Калі ўзнікала нейкае пытанне, усе дзеці, не раздумваючы, казалі: «Трэба ў Архіва спытаць».

Там жа, у санаторыі, я і навучылася вышываць гладдзю. Дзякуючы Клаўдзіі Уладзіміраўне. Настаўніца, якой было каля 70 гадоў, заўважыла, што я пастаянна штосьці малюю простым алоўкам на кавалках паперы, якія траплялі мне ў рукі. Таму і прынесла мне канву…

У Еўпаторыі Зінаіда Дубовік скончыла сем класаў. Потым бацькі забралі яе адтуль і дзяўчына пайшла ў звычайную школу. «Праляжаўшы 6 гадоў, мне цяжка было выседзець усе ўрокі за партай. Але я трывала. У санаторыі чытала запоем, таму па сваіх ведах я была на галаву вышэйшая за здаровых дзяцей. …Пасля паспяхова скончыла медвучылішча. Працавала рэнтгенлабарантам, у медыцынскай статыстыцы. Пенсію зарабіла сабе сама. Тым не менш у школе (ды і далей па жыцці) адчувала сябе не такой, як усе, брыдкім качанём».

170224_zvyazda5

«Я не люблю слова «лёс»

Зінаіда Паўлаўна падыходзіць да акна: «Раней мяне выручала прырода. Калі дрэнна, пойдзеш у лес ці на балота, паходзіш, падумаеш. Не трэба і таблеткі прымаць. З карчаг любіла рабіць розныя штукі: вось гэта (паказвае фотаздымкі) варона і лісіца, а тут — цюлень… Некаторыя мае вырабы з прыродных матэрыялаў вы ў пад’ездзе бачылі, штосьці — на падаконніку. Цяпер жа, каб быць бліжэй да прыроды, адкрыю акно і вышываю яе (усміхаецца)…

Вядома, мне не хапае жывых зносін. З кім я магу кантактаваць у чатырох сценах? Сама нікуды не хаджу. І да мяне рэдка хто заходзіць.

Па сутнасці я ўвесь час адна. Праўда, мне не трэба зносіны дзеля зносін… Колькі што каштуе ці хто з кім куды пайшоў — мне гэта не цікава. Гэта я не лічу зносінамі. А вось каб пагаварыць пра нешта глыбокае, як кажуць, душу адвесці, чамусьці павучыцца ў разумнага чалавека…»

…Перш чым сесці на маршрутку, мы вызваліся дапамагчы Зінаідзе Паўлаўне скласці яе карціны ў трыльяж, бо ўяўлялі сабе, як ёй цяжка было іх расставіць. «Дзяўчаткі, я сама складу. У мяне ў вызначаным парадку ляжаць. Вы ж не ведаеце…» — «Кажыце, у якім парадку, мы ўсё зробім, як мае быць». Ледзь угаварылі гаспадыню прыняць дапамогу. На развітанне падарылі ёй звяздоўскі фірмовы штодзённік, каб было куды ўспаміны ды вершы запісваць. Я, калі шчыра, упершыню бачыла, каб нехта так радаваўся звычайнаму нататніку.

— Зінаіда Паўлаўна, а можна мы разам са школьніцай завітаем да вас днямі, каб вы дапамаглі адабраць малюнкі на конкурс, — пытаецца Паліна Панамарова, маладзенькая дырэктар Гацукоўскага дома фальклору (з якой наш фотакарэспандэнт сустрэла Новы год (гл. «Звязду» ад 3 студзеня)).

— Вядома, Паліначка, заходзьце, — засвяціліся радасцю вочы ў жанчыны.

Як жа мала патрэбна для таго, каб у адзінокага чалавека з’явілася на твары ўсмешка, — злавіла я сябе на думцы, — усяго толькі кропелька чалавечай цеплыні, увагі… І, як у выпадку з Зінаідай Паўлаўнай, прызнанне.

«…Нябачныя сілы мой век працягваюць. І я з падзякай Богу пра гэта пішу…» — працягвае чытаць свае вершы гаспадыня, пакуль мы апранаемся.

— Зінаіда Паўлаўна, у вас сур’ёзныя праблемы са здароўем. І пры гэтым зусім няма крыўды на свой лёс?

— Я ніколі не скардзілася на лёс, не хныкала. І наогул, я не люблю слова «лёс». Як быццам гэта табе навечна кляймо паставілі — ні ўлева, ні ўправа. Чалавек можа і з лёсам спрачацца. Нас было 300 дзяцей у санаторыі, і ўсе з падобным лёсам. Але адзін жыве так. Іншы — па-іншаму. Лічу, што лепш за жыццё змагацца, чым з яго сысці. А адзінота — не самае страшнае. Галоўнае, каб чалавек не страціў сэнс жыцця. Ёсць такое жартаўлівае пажаданне: «Живите до ста лет, пока не рухнет ваш скелет». Дык вось, мой шкілет ужо рухнуў у прамым сэнсе, але я жыву (усміхаецца). А вось гэты мой шкілет (абводзіць позіркам свае карціны) — не рассыплецца да апошніх дзён.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Ольга
Ольга
26 февраля 2017 18:31

Удивительная женщина. Довелось с ней познакомиться при грустных обстоятельствах, в больничной палате. Человек с серьезными заболеваниями, но сколько тепла и позитива излучает. Даже стало немного стыдно, что небольшой недуг совсем меня сломал. Общение с ней принесло мне огромное удовольствие. Спасибо вам Зинаида Павловна, здоровья и долгих лет жизни.