Як Песта свайго бацьку даглядала

1
Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут

Паважаная рэдакцыя, у адным з апошніх нумароў «Кур`ера» звярнула ўвагу на матэрыял аб тым, што дзеці абавязаны даглядаць сваіх састарэлых бацькоў. І даглядаюць. Але ёсць шмат прыкладаў, на жаль, дзе ад знямоглых бацькоў адмаў­ляюцца дзеці.

І старыя людзі аказваюцца на сацыяльных ложках ці ў прытулках. А ёсць і тыя, каго ў прытулкі не бяруць па той ці іншай прычыне. І тады гэтыя ня­шчасныя не ведаюць, што рабіць, як жыць. Прапаную чытачам жыццёвую гісторыю, заснаваную на рэальных падзеях.

Пражывала ў адной маленькай вёсачцы сям`я: тата, мама і дачушка, якая была ў іх адзінай, таму ўсю сваю любоў бацькі аддавалі толькі ёй. Матуля працавала ў мясцовым калгасе, бацька — у шахце. Жыла сям`я нябедна, таму мела магчымасць песціць адзіную дачушку. Яна ні ў чым не мела адказу. Захоча самых лепшых цукерак — на! Захоча дарагую сукеначку — на! Захоча прыгожыя боцікі — на!

Реклама

За яе бацькі і працавалі, шануючы сваю Песту: мылі бялізну і падлогі, гатавалі смачныя стравы, упраўляліся і па гаспадарцы, каб на стале былі каўбасы ды мяса. Сваёй дачцэ працаваць на гаспадарцы не давалі, бераглі.

Вось Песта вырасла, атрымала адукацыю і ўладкавалася працаваць рахункаводам на завод. Ішлі гады, замуж Песту пакуль ніхто не зваў. А бацька і маці так за яе і рабілі ўсю працу.

У гадоў трыццаць захацела Песта кватэру ў горадзе. Грошай не хапала, таму бацькі пазычылі іх у радні. Жаданыя гарадскія метры Песта хутка атрымала і пачала жыць у горадзе.

Каб аддаць даўгі, маці душылася на палявых работах у калгасе, трымала вялікую хатнюю гаспадарку, а начамі працавала вартаўніком на ферме. Абы дачушка ні ў чым не цярпела нястачы.

Аднойчы Песта ўступіла ў стычку са сваёй начальніцай, і тая знай­шла спосаб звольніць непаслухмяную работніцу з пэўным артыкулам у працоўнай кніжцы. І два гады Песта сядзела на шыі ў сваіх састарэлых бацькоў.

Маці неўзабаве памерла. Застаўся бацька, на пенсію якога і жыла Песта. Праз некаторы час яна з вялікай цяжкасцю ўладкавалася на працу ў горадзе.

Бацька яе старэў, потым захварэў. Цяжка захварэў. Яго патрэбна было вазіць і ў мясцовую бальніцу, і ў сталічную. І гэта стала вельмі раздражняць дачку. Яна злавалася на старога бацьку і, перамагаючы сябе, вазіла яго па дактарах.

Так-сяк старога крыху падлячылі, і ён вярнуўся да сябе ў хату. А Песта прадоўжыла жыць для сябе. Бацька з цяжкасцю мыў падлогі, гатаваў сабе ежу, працаваў на зямлі, паліў печ, каб абагрэць старую хаціну. Зрэдку наведвалася Песта, але нават падлогі не мыла ў роднай хаце.

Калі бацьку стала зусім дрэнна, ён пачаў прасіцца да Песты ў кватэру, каб крыху пажыць у горадзе, што знаходзіўся ў чатырох кіламетрах ад яго вёскі. І тут здарылася тое, чаго стары чалавек ніяк не чакаў: Песта сказала, што яго няма дзе пакласці, таму няхай сядзіць у сваёй хаце. Дарэчы, кватэра ў яе двухпакаёвая, купілі яе бацькі за свае грошы. І жыве ў гэтай кватэры Песта адна, бо сям`і не мае.

У бацькі апусціліся плечы, з вачэй паліліся слёзы. І ён, згорбіўшыся, пайшоў да сябе ў двор.

…Прыпомнілася мне іншая гісторыя, якая здарылася з маёй добрай знаёмай Алінай. З мужам яна разышлася, калі малодшаму сыну было гадоў пятнаццаць, а старэйшая дачка ўжо выйшла замуж і чакала малое дзіця. І ўся гэта сям`я жыла ў невялікай двухпакаёвай кватэры Аліны. Яна ніколі не паскардзілася, што ёй дрэнна ці цесна. Гэта была яе сям`я, а таму яна цярпліва чакала, пакуль дзеці атрымаюць свае кватэры. І чакала не адзін год, а шмат.

Сын пайшоў жыць у сваю кватэру раней, а дачка з сям`ёй засталася з матуляй. У хуткім часе Аліну чакала яшчэ адно выпрабаванне лёсу: цяжка захварэла яе састарэлая матуля. І тры гады гэта мужная жанчына даглядала яшчэ і хворую маці, якая ляжала ў памперсах. Зараз матулі ўжо няма на свеце, дачка пабудавала сваю кватэру, і Аліна жыве адна.

Але які цудоўны прыклад яна паказала сваім дзецям, родным і знаёмым, калі не пакінула сваю матулю! Жыла Алініна сям`я ў неймавернай цеснаце, але ні сварак, ні папрокаў ніхто не ўтвараў. І як прыкра, калі ёсць такія дзеці, як Песта, якім старыя і нямоглыя бацькі не патрэбны.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
2015 was here
2015 was here
13 февраля 2017 01:21

«Почитай отца твоего и мать твою, чтобы продлились дни твои на земле которую Господь Бог дает тебе»