ГДР: тэрыторыя настальгіі

0

Падзенне Берлінскай сцяны аб`яднала краіну, але шмат для каго апынулася крахам мараў і спадзяванняў. Праблема Усходняй і Заходняй Германіі значна больш складаная. Сцяна працягвае сваё нябачнае існаванне і зараз.

Катрын Раншток і Лютц Кірхенвітц — ураджэнцы ГДР, для якіх спадчына мінулага — не пустыя словы, але частка жыцця, калі не сказаць — абавязковы элемент штодзённасці. Катрын — прадпрымальніца, якая мае свой уласны біяграфічны цэнтр, што займаецца напісаннем чалавечых гісторыяў ды сямейнымі жыццяпісамі. Лютц — кіраўнік таварыства «Песня і сацыяльныя рухі».

СУРАЗМОЎЦЫ. Лютц Кірхенвітц і Катрын Раншток — ураджэнцы ГДР, для якіх спадчына мінулага — не пустыя словы, але частка жыцця. Фота з сайта novychas.by
СУРАЗМОЎЦЫ. Лютц Кірхенвітц і Катрын Раншток — ураджэнцы ГДР, для якіх спадчына мінулага — не пустыя словы, але частка жыцця. Фота з сайта novychas. by
170127_gdr02

Піянерыя, джаз, апазіцыя…

Катрын нарадзілася ў 1960 го­дзе ў Ене. Яе пакаленне, то бок народжаных паміж 1957 і 1963 гадамі, у ГДР было прынята называць «залатым» — іх маладосць прайшла ў часы максімальнага дастатку.

Реклама

«Мы па максімуме карысталіся дасягненнямі сацыялізму, — распавядае Катрын. — Усяго хапала. Пры гэтым у мола­дзевым жыцці суседнічалі піянерыя ды Саюз Моладзі ГДР з кабарэ, джазам, блюзам, групоўкамі апазіцыі… Маёй марай было наладзіць масток паміж апазіцыяй, універсітэцкай прафесурай ды тэхнакратамі з заводу Карла Цэйса ў Ене».

Навядзенне мастоў, аднак, скончылася для жанчыны нечакана: на пачатку 1980-х гадоў яе выключылі з універсітэту, пасля чаго давялося працаваць бармэнкай, паштаркай, звычайнай рабочай на хлебазаводзе. У 1985-м спадарыня Раншток працавала нават у «Моладзевым клубе» ды займалася сацыялізацыяй скінхэдаў і вяртаннем іх у сацыяльнае рэчышча.

Раілі з`язджаць у ФРГ

У пэўны момант жанчына нават напісала заяву на выезд у ФРГ, але пасля перадумала. Бацькі б у любым разе засталіся па ўсходні бок сцяны, дый вера ў сацыялізм, як ні дзіўна, не адпускала.

«Ена была цэнтрам апазіцыі, — тлумачыць Катрын. — Ад сярэдзіны 1970-х ад насельніцтва ішло шмат заяваў, частку якіх задавальнялі. Нядоб­ранадзейным нават раілі пісаць заявы — маўляў, няма чалавека, няма праб­лемы. Адказу на заяву часам даводзілася чакаць па 2−3 гады. Але самае галоўнае — тое, што гэта была рызыка: калі цябе не выпускалі, дык біяграфія была сапсаваная на ўсё жыццё — «ты напісаў»…

Падзенне сцяны, па словах Катрын, для ўсіх было шокам, нават для апанентаў гэдээраўскага ладу. Людзі апынуліся негатовымі, шмат хто трапіў за борт сацыяльнага жыцця і кар`ернага росту, прафесура працавала таксістамі…

Я і зараз за сацыялістыч­ную эканоміку

Спадарыня Раншток пачала пісаць гісторыі лю­дзей, сем`яў ды арганізацыяў на камерцыйнай аснове.

«Адзін з найцікавейшых праектаў, над якім мы зараз працуем, — працягвае Катрын, — гэта серыя мемуараў дырэктараў буйных прадпрыемстваў ГДР. Гэтыя веды даюць магчымасць зразумець эканоміку той краіны, асэнсаваць тое, што мы згубілі. Усё ж такі гэта была эканоміка, разлічаная на агульны дабрабыт, а не на камфорт адзінак. Калі б давялося выбіраць, то я і зараз за такую эканамічную мадэль!»

Па словах Катрын, даходы ад праекту ў лепшым разе пакрываюць выдаткі на яго. Але справа таго каштуе: з былымі дырэктарамі, якія пасля 1989 года і па­дзення Сцяны пазбавіліся пасадаў і мелі процьму праблемаў, так ніхто і не паразмаўляў. Сам імідж ГДР як «непаўнавартаснай дзяржавы», згодна спадарыні Раншток, трэба пераасэнсоўваць ды пераглядаць з розных бакоў.

Хацелі запрасіць Высоцкага і Акуджаву

Таварыства «Песня і сацыяльныя рухі» Лютца Кірхенвітца — ні ў якім разе не камерцыйны праект, а хутчэй прыстанак настальгіі. Сам спадар Кірхенвітц, народжаны ў 1945 годзе, лічыць сябе «шасцідзясятнікам». Разам з сябрамі яны прыдумалі і арганізавалі «Фэст палітычнай песні». Нягледзячы на шакуючую, на той час, назву, песні і тэксты былі нечым кшталту творчасці савецкіх бардаў, роднасным жанрам. Высоцкага і Акуджаву некалькі разоў нават спрабавалі запрасіць на фестываль, але моўны бар`ер, відаць, адыграў сваю ролю: публіку яны не надта цікавілі.

Палітычны аспект усё ж такі даваў пра сябе ведаць. У залежнасці ад сітуацыі, фэст то забаранялі, то ўзводзілі ў ранг ледзь не галоўнай музычнай падзеі ГДР.
Зараз Лютц займаецца захаваннем памяці пра фэст і песенную культуру свайго часу. Вакол яго гуртуюцца аматары падобнай эстэтыкі, каб не забыць пра краіну, у якой прай­шла іх маладосць. Сучасную моладзь гэта не вельмі цікавіць: «ГДР не ў мо­дзе…» — паціскае плячыма рэферэнт.

170127_gdr03

Толькі 2% прафесуры з ГДР

Калі бліжэй зірнуць на тую тэрыторыю, якая некалі называлася «ГДР», то ўражанне складаецца даволі дэпрэсіўнае: беспрацоўе, зніжэнне колькасці насельніцтва, заняпад прамысловасці (усё выкупілі альбо наўпрост выціснулі з рынку заходненямецкія фірмы ды кампаніі). Усяго 10% маёмасці ў краіне належыць усходнім немцам, рэшта — спадчыннікам ФРГ.

Пасля падзення Сцяны адбылася поўная замена элітаў. Цікава, што ўсяго 2% прафесуры мае гэдээраўскае мінулае, рэшта — вывучаныя наноў альбо прыехаўшыя з захаду кадры.

Успрыманне ГДР пры гэтым рознае: ад рэзкага негатыву да непрыхаванай настальгіі. Тут дзейнічае, напрыклад, аб`яднанне «Трэцяе пакаленне з Усходу», якое складае моладзь, што спрабуе намацаць сувязь паміж савецкім мінулым ды сучаснасцю, не расчапіцца ў мультыкультурнай Германіі сённяшняга дня.

Сам-насам з праблемамі

Яшчэ адзін феномен — падтрымка ўсходнімі немцамі праварадыкальных, як тут кажуць, партыяў і палітычных рухаў, якія крытычна глядзяць на Еўрасаюз ды прыток бежанцаў з Поўдня ды Блізкага Усходу. Пра гэта сведчаць вынікі галасавання на выбарах рознага ўзроўню, цягам якіх усходнікі падтрымалі партыю «Альтэрнатыва для Германіі».

«Гэты феномен лёгка патлумачыць, — кажа спадарыня Раншток. — Пасля знікнення ГДР людзі апынуліся ў разгубленасці ды не мелі шансаў на паўнавартасную эканамічную інтэграцыю. З боку левых ніякай падтрымкі не было, таму насельніцтва кінулася ў іншы бок, аддаючы галасы правым».

Некаторыя статыстычныя лічбы адносна былой ГДР падаюцца наўпрост неверагоднымі. Ёсць раёны, 80% насельніцтва якіх наўпрост з`ехалі ў ЗША, Швейцарыю ці Заходнюю Германію.

«У ГДР праца была ў кожнага, — рэзюмуе Катрын, — а зараз — самі бачыце. Людзі думаюць, як выжыць, а не як схадзіць у рэстаран альбо тэатр. Няма адчування стабільнасці ды ўпэўненасці. Калі чалавек нешта меў і нешта важыў у ГДР, то зараз ён апынуўся сам-насам з праблемамі і выклікамі сучаснасці».

Нябачная сцяна

Безумоўна, праблема Усходняй і Заходняй Германіі значна больш складаная і наўрадці можа быць вытлумачаная ў адным артыкуле. Зразумела адно: Сцяна працягвае сваё нябачнае існаванне і зараз.

Для беларусаў праблемы былой ГДР і яе насельнікаў — гэта бясцэнны досвед. Хто ведае, як бу­дзе выглядаць палітычнае і сацыяльна-эканамічнае поле нашай краіны праз 3−5 гадоў і як адрэагуюць нашы суграмадзяне на раптоўныя змены ў бок адкрытага рынку.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии