«Лукашэнка, вазьмі наш дом пад свой кантроль!» — шматдзетныя семʼі ў Салігорску сталі закладнікамі даўгабуду

0
Пакрыўджаныя члены каапэратыву

На вуліцы Кавалёва ў Салігорску больш за пяць гадоў не могуць здаць шматкватэрны дом для шматдзетных семʼяў. Гэта адзіны выпадак такога адраснага даўгабуду ў Беларусі. З жыльцоў задняй датай патрабуюць істотнай даплаты, а выхад з кааператыву каштуе ў сярэднім паўсотні тысяч даляраў.

Чаму ў адным з самых заможных гарадоў краіны дэкляраваны клопат пра дэмаграфічную сітуацыю, разыходзіцца са справай?

 

Реклама
Чалены каапэратыву «Вежа-179»
Члены кааператыву «Вежа-179»

У 2010 годзе салігорскія ўлады зарэгістравалі жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў «Вежа-179», члены якога за ўласныя ці крэдытныя сродкі браліся прафінансаваць будаўніцтва 144-кватэрнага дому. З абʼектыўных прычын, пра якія гаворка ніжэй, склад забудоўшчыкаў істотна мяняўся, на фінішы абсалютную большасць — 80% — склалі шматдзетныя семʼі. І хоць у доме не прадугледжваліся кватэры вялікага метражу, у якасці кампэнсацыі жыллёвы аддзел прапаноўваў сумешчаныя адна- і двухпакаёўкі. З гэтай прычыны канчатковая колькасць семʼяў зафіксавалася на адзнацы 120. Сціплую кампанію шматдзетным склалі вайскоўцы, інваліды, а таксама тыя, хто больш за 10 гадоў пражыў у інтэрнатах.

«Лукашэнка, нам ужо няма ў каго пазычаць!»

Будтрэст № 3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі павінен быў распачаць будоўлю на наступны год. Згодна з нарматывамі працы павінны былі скончыцца ў наступныя 14 месяцаў. Іншымі словамі, адзначыць наваселлі людзі спадзяваліся максімум да канца 2012-га. Аднак працы застопарыліся на ўзроўні падмурку і ў такім стане перавалілі ў 2014-ы. Тым часам, у 2013-м, дом трапіў у лік праблемных.

Неўзабаве з’явіўся прэзыдэнцкі ўказ адносна даўгабудаў, якія неабходна здаць да 1 ліпеня 2014 году. Старшыня Мінскага аблвыканкаму Сямён Шапіра прыгразіў кіраўніку салігорскай раённай вертыкалі Аляксандру Рымашэўскаму звальненнем, калі пасля гэтага тэрміну «Вежа» застанецца недакончанаю.

Прадстаўніца праблемнага дому Юлія Адайнік
Прадстаўніца праблемнага дому Юлія Адайнік

Юлія Адайнік па спецыяльнасці архітэктар-будаўнік, сама шматдзетная мама. У 2014-м яе абралі старшынёй кааператыву «Вежа-179», але летась у выніку «паддыванных інтрыгаў і канфлікту інтарэсаў» яна страціла гэтую пасаду і ў перадінфарктным стане трапіла ў шпіталь. Цяпер спрабуе аднавіцца, адначасна выступае ў судах у якасці афіцыйнага прадстаўніка пацярпелага боку. Дык чаму ж дом, 2/3 будучых жыхароў якога — ільготнікі, стаў месцам разладу?

Чаму так здарылася

«Справа ў тым, што да самага моманту ўводу дому не агучваўся рэальны кошт будаўніцтва, — тлумачыць спадарыня Адайнік. — Казалі толькі, што раз дом праблемны, будуць замарожаныя індэксы, то бок усе працы — у цэнах 2013 году. Але пасля таго як у чэрвені 2014-га яго здалі, у лістападзе раптам заяўляюць: нам неабходна заплаціць па 20, 30, 40 тысяч даляраў за апошні месяц будаўніцтва. Гэта нібыта дадатковыя працы пасля здачы дому, за якія нас не дакрэдытавалі. І калі шматдзетныя пачалі адмаўляцца, ім заявілі: добра, але спачатку заплаціце 50–60 тысяч даляраў банку, вярніце крэдыт — і тады выходзьце».

Больш за два гады члены шматпакутнага кааператыву «Вежа-179» дамагаюцца ўвагі да сваёй праблемы, аднак атрымліваюць дзяжурныя адпіскі — маўляў, дом здадзены, даплаціце, што вінныя, і засяляйцеся. Калі пры канцы мінулага году ў спрэчцы Юліі Адайнік з Будтрэстам № 3 суд заняў бок апошняга, людзі пачалі звяртацца ў апошнюю інстанцыю — да прэзідэнта.

«Мы шматдзетная сямʼя, не па сваёй віне апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы, — піша ў скарзе Дзмітры Пілат. — У жыллёвым аддзеле выканкаму нас пераканалі ўнесці вялікую суму ўласнымі сродкамі, частку мы пазычылі ў валюце. Пасля здачы дому нам заявілі, што трэба даплаціць яшчэ 25 тысяч даляраў, а калі захочам выйсці з каапэратыву — мусім вярнуць банку 60 тысяч даляраў. Што нам рабіць? У нас няма такіх грошай, няма ў каго пазычыць. Мы лічым, што кошт працаў завышаны. Я аплаціў незалежнага эксперта, але для ўпраўлення капітальнага будаўніцтва гэта нічога ня значыць. Прасіў суд прызначыць судовую экспертызу, але і ў гэтым адмовілі. Вазьміце наш дом пад свой кантроль», — у роспачы звяртаецца да Лукашэнкі адзін з забудоўшчыкаў.

Юлія Адайнік пацвярджае, што да развязання канфліктнай сітуацыі былі далучаныя аўтарытэтныя спецыялісты, але іх заключэнні ігнараваліся на ўсіх узроўнях:

Незалежны эксперт завышэнняў на 20 мільярдаў (недэмінаваных)

«Мы замовілі незалежнага эксперта, заплацілі 100 мільёнаў рублёў. Ён налічыў завышэнняў на 20 мільярдаў! Уласна кажучы, якраз на тую суму, якую нам выставілі. Будаўнікі нічога не прызналі, заяўляюць, што ў нас нейкі „левы“ спецыяліст, хоць ён з усімі патрэбнымі дакументамі. Пасля быў банкаўскі абмер, прыяжджала эксперт з Мінску. Сказала, што ўпершыню ў сваёй практыцы сутыкнулася з тым, каб будаўнікі абмяжоўвалі доступ да дакументацыі. Але ўрэшце праверыла каля 40% дакументаў, выбарна прагледзела акты і знайшла завышэнні на 4 мільярды рублёў. Мы сабралі грошы, каб наняць юрыста і падаць пазоў у эканамічны суд. І акурат у гэты момант мяне прымусілі сысці з пасады. Пайшлі ананімкі ў пракуратуру, сталі запускаць плёткі сярод членаў кааператыву. Давялі да перадынфарктнага стану, трапіла ў шпіталь. І звольнілася».

«Шапіра, мы на мяжы поўнай галечы!»

Прызначаная выканкамам замест Юліі Адайнік упаўнаважаная асоба не толькі спаралізавала ўсю ранейшую працу, адмовіўшыся ад судовых цяжбаў, але праз два гады падала ў суд на членаў кааператыву — ужо з новай сумай, пералічанай упраўленнем капітальнага будаўніцтва. Пад той маркай, што «праблемны дом даўно не праблемны», членам кааператыву не даюць магчымасці праверыць механізм цэнаўтварэння і яго аспрэчыць пры неабходнасці. Хоць ва ўсіх справаздачах па даўгабудах дом у Салігорску па-ранейшаму фігуруе ў спісе праблемных. Дарэчы, кіраўнік раёна Рымашэўскі, нягледзячы на запалохванні Шапіры, па-ранейшаму на сваім месцы.

Людзі, якім абяцалі вырашэнне жыллёвага пытання, у поўным адчаі:

«Вымушаная прасіць дапамогі, бо не атрымліваецца вырашыць пытанне ўласнымі сіламі, — звяртаецца да кіраўніка дзяржавы шматдзетная маці Вікторыя Жылінская. — Увайшла ў кааператыў „Вежа-179“ за 2 месяцы да завяршэння будаўніцтва. Мяне пераканалі, што цана канчатковая, дом праблемны, крэдыт цалкам усё пакрые. У нашай сямʼі невялікія прыбыткі, усе зберажэнні ідуць на навучанне і аздараўленне дзяцей. Але ў верасні 2014-га сказалі, што я павінна ўнесці за апошні месяц амаль 20 тысяч даляраў. Паколькі новага крэдыту не далі, я адмовілася ад кватэры. Тады запатрабавалі вярнуць 50 тысяч даляраў банку! У мяне няма 20 тысяч, адкуль узяць 50? У чым вінаватая я і што рабіць маёй сямʼі? Нас заманілі ў нейкую афёру».

Пасля таго як працы на пляцоўцы застопарыліся, не паспеўшы толкам пачацца, шмат хто паспеў саскочыць з сумнеўнай будоўлі. Але бальшыня спадзявалася, што цяжкасці часовыя і абавязкова вырашацца. Як Аляксандар Цяляк — «ветэран» «Вежы-179»: членам кааператыву ён стаў яшчэ ў 2010 годзе:

«На пачатку 2011-га пачаў выплочваць паявыя ўнёскі — будоўля то пачыналася, то спынялася. У 2013-м дом трапіў у спіс даўгабудаў, а на момант аднаўлення працаў я страціў статус для льготнага крэдытавання. Працягваў за ўласныя сродкі. Сумы, выстаўленыя на агульных сходах, аплочваў своечасова і ў поўным абʼёме — узяў крэдыт у банку пад 39,5% для пагашэння паю за апошнія месяцы. Разлічваў на свае сілы, прыблізны кошт кватэры мяне задавальняў. На сходах выступалі прадстаўнікі выканкаму і будтрэсту, запэўнівалі, што цана калі і зменіцца, то ў меншы бок: маўляў, дом праблемны, на кантролі ў прэзідэнта. Але пасля здачы аказалася, што я вінен 172 мільёны недэнамінаваных рублёў! Для мяне сума непадʼёмная. Выйшаў з каапэратыву, але грошы не вярталі, адпаведна, не мог плаціць крэдыт, даўгі, за найманую кватэру. Зноў вярнуўся і не бачу ніякага выйсця…»

Сьпіс прэтэнзіяў да будаўнікоў
Спіс прэтэнзіяў да будаўнікоў

Некаторыя жыльцы ўсё ж засяліліся ў свае праблемныя кватэры, але пры гэтым аўтаматычна сталі закладнікамі замкнёнага кола: бяз сплаты доўгу іх не прапісваюць, а пакуль у кватэры ніхто не прапісаны, трэба плаціць 100% камунальных паслугаў.

«Мы пачыналі будаўніцтва як шматдзетная сямʼя, у нас малыя дзеці — тлумачыць іншы закладнік даўгабуду Яўген Майко. — Нас пераканалі, што дом пад асаблівым кантролем, нечаканасцяў не будзе. Крэдыту на льготныя метры не хапіла, мы аплацілі 100% кошту за пазычаныя грошы і чэкі „Жыллё“, якія нам падарылі бацькі. І шок! Пасля ўводу дому нам налічылі яшчэ 20 тысяч даляраў! Прапіскі не даюць, штомесяц плацім 5 мільёнаў рублёў за камунальныя паслугі. Мы на мяжы галечы, у нас няма сродкаў да існавання, суд нас не чуе. А яшчэ і дзяржпошліну налічылі, ведаючы, што ў бальшыні няма сродкаў, каб судзіцца далей. Тым больш у гарвыканкаме пра гэта ведаюць, прыносілі даведкі аб сваіх даходах. Хто абараніць нашых дзяцей ад самаўпраўства, паспрыяе дамагчыся хоць бы судовай экспертызы, калі ў казне няма сродкаў на тое, каб нас падтрымаць?».

«Рымашэўскі, куды знікаюць сродкі кааператыву?»

Развязанню тупіковай сітуацыі не спрыяе нават статус асобных жыльцоў — сярод забудоўшчыкаў ёсць ардэнаносныя маці-гераіні, якіх Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджвае асабіста:

«У нас 5 дзяцей, жонка мае ордэн Маці, — кажа салігорац Сяргей Шафрановіч. — Жонка прадавец (цяпер у дэкрэце), я кіроўца. Нам некалькі разоў прапаноўвалі кааператывы для будаўніцтва, але ўсюды патрабавалі ўносіць уласныя сродкі, якіх у нас няма. У заяве мы ўказалі, што мы маламаёмныя і нам не трэба прапаноўваць дарагія варыянты. Нам параілі ўвайсці ў кааператыў „Вежа-179“ — даўгабуд, які на кантролі ў прэзідэнта і здаецца літаральна праз пару месяцаў. Дапамаглі сабраць дакументы, за два дні адкрылі крэдытную лінію. Дом сапраўды хутка здалі, але паведамілі, што трэба заплаціць… 16 тысяч даляраў! Альбо плаці, альбо суд і канфіскацыя. У мяне 5 дзяцей, я адзін кармілец. Што з мяне ўзяць? І дзе мне ўзяць такія грошы? Я скідваўся на адвакатаў, на пазовы, але нам прызначылі ўпаўнаважаную асобу па кіраванні домам, і кудысьці ўсё знікла. Без дапамогі ў дакрэдытаванні доўга мы не працягнем…»

Інэса Церашкова адна выхоўвае двух сыноў: адзін першакласнік, другі — інвалід І групы з дзяцінства. Кватэры чакае ад 2010 году, але чым далей, тым большы адчай:

«Вакол нашага дому адбываецца самаўпраўства. Прызначылі ўпаўнаважаным камунальнае прадпрыемства „Комплекс“, якое без усялякіх дамоваў спісвае ўсе сродкі з рахункаў нашага кааператыву. Гэты ж „Комплекс“ у 2011 годзе па дамове субпадраду пачаў працы на будаўніцтве. Цяпер яны звярнуліся ў суд, схаваўшы ўсе дакументы — маўляў, ніякая будоўля і не пачыналася. Але гэта хлусня, я плаціла ім у 2011-м вялікія грошы. А цяпер усё шыта-крыта, ім прэзідэнцкае распараджэнне не ўказ, мы задняй датай ужо не даўгабуд. Таму робяць усё, каб не дапусціць судовай экспертызы, бо разумеюць: калі іх правераць на 100%, то не мы, а яны будуць вінныя нам. Як так магчыма, што нічога не баяцца? І што рабіць мне — за доўг амаль у 300 мільёнаў лезьці ў пятлю? Дзе ўзяць такія грошы, жывучы на дапамогу па доглядзе за інвалідам?»

Паводле Інэсы Церашковай, яшчэ ў траўні 2014 года яе выклікалі ў гарвыканкам, каб яна адказала на пытаньне, чаму своечасова не аплаціла чарговы пай. Тады жанчына хацела выйсці з каапэратыву, але супрацоўнікі жыллёвага аддзелу пераканалі пазычыць грошай, бо дом кроў з носу будзе здадзены не пазней за 1 ліпеня — загад прэзыдэнта. І запэўнілі, што канчатковая сума будзе пералічаная ў бок зніжэння.

На нажыўку танных квадратных мэтраў папаліся практычна ўсе, хто паверыў у цудадзейную сілу вэртыкалі ўлады. Аднак пайшоў трэці год, а людзям толькі і застаецца, што пазіраць у цёмныя вокны свайго праблемнага дому.

Дарэчы, нават няўзброеным вокам шмат хто канстатуе разыходжанне паміж абяцаным наборам выгодаў і тым, што атрымалася на выхадзе. Напрыклад, замест прыстойных шклопакетаў — бюджэтны варыянт вокнаў, якім шкляць адміністрацыйныя карпусы. Меркавалася, што сцены будуць уцепленыя, а іх проста пафарбавалі. Дарагія электронныя лічыльнікі не працуюць з прычыны тэхнічнага збою сістэмы. Спробы перагледзець закладзены кошт і асвоеныя сродкі нічога не далі. У гэтым звязку людзі патрабуюць калі не суду, то адкрытасці хаджэння сродкаў на рахунках свайго кааператыву.

«Я стала членам кааператыву ў ліпені 2014 года, — кажа шматдзетная маці Жанна Баталава. — Мала таго, што мяне падманулі — цана пералічвацца не будзе, стане яшчэ меншай — дык яшчэ і не прапісваюць. Я трачу ўвесь заробак на 100-працэнтную камуналку. І гэта з улікам таго, што плаціла ўжо па новай цане — выдаткі пакрыў крэдыт, таму што будую адну кватэру, а не дзве. Прызначылі ўпраўляючым „Комплекс“, але домам без дамовы кіруе Вольга Яфімава, яна спісвае ўсе сродкі з рахунку кааператыву. За два гады не правяла ніводнага сходу, не паставіла ў вядомасць па затратах. Мяне не прапісваюць нібыта за доўг па ўнёсках (сяброўскія і на юрыста). Так, я не здавала грошы, але ж юрыста ў нас няма! Мы самі ўсё аплочваем, наяўнымі. І я ня буду плаціць тым, хто парушае дамову і Жыллёвы кодэкс. Час навесці парадак у кааператыве, абавязаць упраўляючую кампанію даць справаздачу, куды Яфімава спісала ўсе грошы».

Колішняя кіраўніца жыллёва-будаўнічага кааператыву «Вежа» Юлія Адайнік лічыць: яе наступнік на пасадзе павінен працаваць на карысць пацярпелых людзей, а не Будтрэсту № 3. А паколькі такога імпэту не назіралася, людзі сабралі сродкі на аказанне юрыдычных паслугаў па абароне інтарэсаў кааператыву і падрыхтавалі пазоў да будаўнічай арганізацыі. Аднак з ініцыятывы ўпаўнаважанай асобы рух усіх дакумэнтаў быў спынены, справа да суду так і не дайшла. Паколькі спрэчка ня вырашаная, у кааператыва расце памер агульнай завінавачанасці, а пэрспектыва засялення ў новыя кватэры становіцца ўсё больш прывіднай.

Пакрыўджаныя члены каапэратыву
Пакрыўджаныя члены кааператыву

Тлумачэнні генеральнага дырэктара Будтрэсту № 3

Як тлумачыў канфліктную сітуацыю намеснік генеральнага дырэктара Будтрэсту № 3 Аляксей Кузьмін, будаўніцтва дома пачалося ў 2011 годзе, але з прычыны адсутнасці фінансавання тэрміны неаднаразова карэктаваліся. Фактычна да закладкі падмурку прыступілі ў снежні 2013-га. А 30 чэрвеня 2014 году — у апошні дзень перад днём «Ч» — быў падпісаны акт на ўвод жылога дому.

Па словах Аляксея Кузьміна, заказчыкам будоўлі выступала Салігорскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, дамова з якім была складзеная ў цэнах жніўня 2013 году. Але цягам будаўніцтва індэкс штомесяц удакладняўся. У звязку з падаражэннем матэрыялаў і працаў, каштарыснага кошту і іншых выдаткаў пералік быў праведзены паводле індэксаў траўня 2014-га. Менавіта таму, словамі Кузьміна, кошт абʼекта ўзрос у паўтара раза.

Пытанні, якія засталіся

Але куды падзеліся сродкі, якія «кааператары» пачалі ўносіць яшчэ ў 2011 годзе? Выглядае, што да канца 2013-га, пакуль будаўніцтва, па сутнасці, было замарожанае, грошы недзе круціліся і спраўна прыносілі прыбытак. Адно што зусім не тым, хто разлічваў на іх больш эфектыўнае асваенне.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии