Незвычайны юбілей на Новы год

0
Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут

Лічбы на электронным гадзінніку з кожнай хвілінай спяшаліся да той, з якой пачынаўся адлік новага года і падаўжаўся лік гадоў яе жыцця ў дзявятым дзясятку. Многа гэта ці не, Леакадзія Пятроўна не жадала вызначаць, бо ведала, што па лічбах гэта многа, а калі азірнуцца на пражытое — гэтага не скажаш.

Памяць сцеражэ страшныя гады вайны, галоднае пасляваеннае дзяцінства, вясёлыя гады студэнцтва ў Слуцкім педвучылішчы і яго…

Увіхаючыся каля газавай пліты, яна на нейкі час забылася пра яго. Глянула ў акно, а там па праспекце спяшаюцца аўто. Прыедзе, тут недалёка.

Реклама

Раптам захацелася накрыць стол на ўсю сям`ю. Хоць і вядома, што дзяцей не будзе. Сын сустракае Новы год у Маскве. Дачка папрасіла прабачэння, што не прыедзе з Мінска, бо хоча адпачыць у дамашняй цішыне пасля гуллівай Еўропы. Малодшая папярэдзіла раней, што Новы год з сям`ёй будзе сустракаць у гарах Аўстрыі.

Але Леакадзіі Пятроўне так захацелася, як раней, накрыць стол на ўсю сям`ю, паставіць пяць талерак, у цэнтры вялікую супніцу з яе любімага сервіза. За сталом у цэнтры сядзе ён, гаспадар. Па правую руку — яго сын, а злева ад бацькі — старэйшая дачка. Малодшая будзе падаваць на стол, а яна адыдзе крок ці два ад стала і будзе любавацца сваёю сям`ёй.

Адчыніла кухонную шафку, якую называе музейным запаснікам, і стала даставаць сервіз. Паставіла пяць прыбораў, шосты пакруціла ў руках і таксама паставіла на стол. «Мо будзе госць», — падумала яна. Не паспела ўправіцца са сталом, як забрынчэў дамафон. Адчыніла дзверы на ўваход, а сама прыгатавалася сустрэць мужа.

Ліфт падняўся на дзявяты паверх. Выйшаў з яго чужы чалавек з партфелем у руках і смела направіўся насустрач Леакадзіі Пятроўне. Яго вусаты твар усміхаўся, а яна не магла здагадацца, хто ён. І раптам узмахнула рукамі і пай­шла насустрач: «Каб доўга і багата жыў ты, Вацлаў, адразу не пазнала». Гэта быў нечаканы госць з Санкт-Пецярбурга.

Не паспеў госць абагрэцца з дарогі, як за­зва­ніў званок на дзвярах. Леакадзія Пятроўна прапанавала госцю схавацца на балконе, а сама пайшла сустракаць мужа. Той увайшоў, трымаючы ў руках трохлітровыя слоікі з квашанай капустай, кіслымі гуркамі ды памідорамі.

«Прыгожа, па-святоч­наму, даўно так не сус­т­ра­­калі Новы год, — ска­заў гаспадар, гле­­дзя­чы на навагодні стол. — Навошта столькі прыбораў, госці будуць?» І тут балконныя дзверы расчыніліся, пачуўся голас: «Госць ужо тут!» Колькі было абдымкаў, радасці!

Час на кухонным гадзінніку набліжаўся да свайго піку, і Леакадзія Пятроўна запрасіла мужчын да стала. Гаспадар падняў бакал, спытаўся:

— За што ў Новым годзе?

— Каб ні дзеці твае, ні ўнукі і праўнукі не зведалі таго, што давялося нам, — сказаў госць.

Калі выпілі шампанскае, госць паказаў на супніцу, што стаяла ў цэнтры стала.

— Памятаю яе з Казахстана. Яна тады здзівіла мяне больш, чым тое, што я толькі з лагера, а ў цябе ўжо сям`я, двое дзяцей і на стале поўная супніца пахучай шурпы. Гэта ж колькі гадоў прай­шло? — госць на хвіліну задумаўся. — Больш за паўвека. Пяцьдзясят пяць гадоў. Дык гэта ж незвычайны юбілей!

— Дзякуй жонцы, зберагла сям`ю і нават супніцу, — адказаў гаспадар.

— А у мяне не атрымалася ні сям`і, ні сервіза з такою вось супніцай.

— Затое ты кандыдат навук, прафесар, а мой — просты інжынер, — уставіла Леакадзія Пятроўна.

Памаўчалі. Гаспадар узяў пляшку з больш моцным напоем: «Давай замацуем, хай так і бу­дзе». І стаў наліваць у кі­лішкі. «Я прывёз та­бе партрэт Аляксандра Мікалаевіча, знайшоў у аднаго масквіча. Коль­кім лю­дзям дапамог ён у лагерах, колькі тых, каму ён даў надзею на лепшае жыццё! Ты вось стаў інжынерам, я — прафесарам. Толькі дзякуючы яму мы сёння тут. Кажуць, што яго след згінуў пазней у псіхушках. А ты напішы пра Аляксандра Мікалаевіча, — прапанаваў госць. — Можа, адзавецца які бедалага, як мы».

Мужчыны замаўчалі. Кожны ўспамінаў гады ў лагерах і Аляксандра Мікалаевіча, які не даваў падаць духам і прымушаў верыць у лепшую будучыню.

«Не плакацца, а ганарыцца! — перапыніла доўгую паўзу Леакадзія Пятроўна. — А ў супніцы і сапраўды незвычайны юбілей. Памятаю, купіла яго па вялікаму блату і вельмі баялася, што прыйдзе з работы муж і будзе сварыцца. Ажно перажылі. Перажывём усё, вы толькі піце і закусвайце!»

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии