Грэх на душы

1

Пенсіянерка Мар`я Данілаўна вярталася з універсітэта трэцяга ўзросту, дзе такія, як яна, знаёмяцца з камп`ютарамі, каб карыстацца інтэрнэтам і трымаць сувязь з роднымі.

У час заняткаў адкрылі расійскія навіны. Асаблі­ва ўразіла Мар`ю Данілаўну, што ў гарадах Расіі прайшлі мітынгі, на якіх удзельнікі патра­бавалі жорсткага пака­рання за здзекі над жы­вёламі. Нешта яна задумалася, успомніўся сусед.

У яе пяціпавярховым пад`ездзе ў шасці кватэрах трымалі сабак. З пяці кватэр іх на выгул выводзілі гаспадыні. Сабачкі розныя: адны не большыя за ката, іншыя такія, якім, па яе разуменні, у гарадской кватэры не месца.

Реклама

Вельмі раздражняў  Мар`ю Данілаўну Іван Крыванос са сваім бульдогам. Іван быў ужо пенсіянерам, жыў адзін. Казалі, што засяляўся ў кватэру з жонкаю, але жанчына хутка знікла, пра яе сталі забываць. Івана ўсе ведалі як аматара сабак.

Свайму бульдогу сабакавод даў мянушку Сынок. Мар`я Данілаўна не раз папракала гэтым Івана: «Навошта сабаку называць па-чалавечы?» Той у адказ толькі пасмейваўся.

Не раз было, калі жанчыны сядзелі на лавачцы каля дома, Іван выводзіў сабаку, адпускаў ад сябе, а той адбягаў недалечка да першага куста ці дрэва, задзіраў нагу і спраўляў сваю патрэбу. Скончыўшы, спрабаваў абнюхаць наваколле, але Іван пагрозліва зваў: «Сынок, да мяне!» Сынок падбягаў, прыгаў на рукі і стараўся лізнуць твар гаспадару. Іван лагодна гладзіў сабаку, каб чулі жанчыны, казаў: «Маладзец, Сынок. Хадзем піва піць», — і адпускаў на зямлю. Жанчыны, пачуўшы такое, плявалі ў бок Івана.

Аднойчы Мар`я Данілаў­на не вытрымала і сказала: «Сусед, не насі грэх на душы, не крыўдзі Бога». У адказ Іван толькі зара­гатаў. Ад яго нахабнага рогату стала прыкра. Сябе яна не лічыла веруючай, але называць так сабаку лічыла за грэх. «Няўжо Крыванос гэтага не разу­мее?» — не раз пытала сябе, але канчатковага адказу не было.

Дайшоўшы да дома, Мар`я Данілаўна прысела на лавачцы, каб крыху парадавацца восеньскаму сонцу. Думкамі перанеслася ў Галандыю, дзе жыве дачка з унукамі. Радавалася, што навука ідзе на карысць, а карыстацца камп’ютарам не так ужо і складана, як здавалася; што ў кватэры паставіць «cкайп» і будзе мець магчымасць бачыцца з дачкою і ўнукамі. Ад гэтых думак яе адцягнуў стук дзвярэй: выходзіў з пад`езда са сваім Сынком сусед Іван. Убачыўшы Мар`ю Данілаўну, Іван назнарок, як здалося ёй, гучна сказаў: «Гуляй, Сынок», — і адпусціў з ланцужка. Калі сабака зрабіў сваю патрэбу, грозна пазваў: «Да мяне, Сынок!» Сабака з разбегу прыгнуў гаспадару на рукі і тыкнуўся пысай у твар. Ды, мабыць, моцна тыкнуўся, бо гаспадар нечакана ўскрыкнуў і стукнуў сабаку па пысе. Той візгнуў і скокнуў з рук, а Іван схапіўся рукою за нос. Скрозь пальцы цякла кроў. Іван стаяў каля дрэва, нахіліўшы да долу галаву, насоўкай стрымліваў кроў і выклікаў па тэлефоне хуткую дапамогу.

Мар`я Данілаўна чула, як Іван тлумачыў медыкам прычыну выкліку: «Сабака адкусіў нос». Медыкі прыехалі хутка, паглядзелі на нос і павезлі Івана ў бальніцу. Сабака не звяртаў на гэта ніякай увагі, гуляў па двары і пысай тыкаўся ў кожны куст.

Некалькі дзён ён вяртаўся ў двор, чакаў свай­го гаспадара, а пасля знік. Калі вярнуўся з бальніцы Іван, на канцы яго носа віднелася чырвоная бульбіна. «За грэх на душы», — хацела сказаць пры сустрэчы Мар`я Данілаўна, ды не сказала. Яе цікавіла думка, ці прынясе пасля гэтага Крыванос у кватэру новага сабаку. А калі прынясе, то якое імя ў яго будзе.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Пространство 15
Пространство 15
4 декабря 2016 14:18

Марья Даниловна мне не поравилась.Сволочная баба.Такая и ночной горшок способна прохожему на голову вылить.