
Новую форму працы са сваімі чытачамі ўкаранілі супрацоўнікі філіяла № 2 Салігорскай цэнтральнай бібліятэкі. Калі нехта з заўзятых чытачоў-пенсіянераў не можа па стану здароўя прыйсці і абмяняць кнігу, то бібліятэкары самі ідуць да яго.
Філіял № 2 налічвае каля 900 чытачоў толькі пенсіянераў. А яшчэ працоўныя ды школьнікі. Тут заўсёды людна, але аб сталых людзях не забываюць.
«Вось даведаліся, што Нэла Фёдараўна Тарыкава, наша актыўная чытачка, атрымала інваліднасць і наведваць бібліятэку больш сама не здолее, — расказала карэспандэнту «Кур’ера» Соф’я Мінько, загадчыца філіяла. — Апоўдні ідзём да яе. Панясём кніжкі. Калі хочаце, то далучайцеся».
Нэла Фёдараўна гасцей ужо чакала. Падрыхтавала прачытаныя кніжкі. Узамен атрымала тры новыя.
Жанчына, дарэчы, ураджэнка слуцкай вёскі Гутніца, усё жыццё працавала ў сферы адукацыі: настаўніцай гісторыі, потым метадыстам і загадчыцай дзіцячага сада.
Як карэспандэнт не стрымаўся і спытаў у Нэлы Фёдараўны, чаго, на яе погляд, не хапае сёння ў сістэме адукацыі.
«Бачу, што зараз адна рэформа даганяе другую, — адказала былая настаўніца. — Але ўвагі да роднай мовы не дастаткова. Спадзяюся, што прыйдзе час, калі адносіны да яе зменяцца».