Першы момант. Адразу пасля трагедыі ў СМІ трапіла інфармацыя, што Вольга пераходзіла дарогу не па пешаходным пераходзе. Маўляў, доля вінаватасці можа быць і на загінулай.
«Машыну ДАІ было дрэнна бачна, маячкі не былі ўключаныя»
Потым у ДАІ МУС Беларусі паведамілі, што інфармацыя пра няправільны пераход дарогі — папярэдняя, і на самой справе магло быць інакш.
Другі момант. Жыхары вёскі Дарава ў адзін голас кажуць, што скрыжаванне, дзе збілі Вольгу, аварыйнае. Мясцовых там не аднойчы штрафавалі за хадзьбу без флікера, ДТЗ там здараліся не аднойчы. Трагедыя, калі загінула Вольга, адбылася ў цёмны час сутак. Было каля 20.50. Можа быць, экіпажу ДАІ варта было ўключыць сінія маячкі ў мэтах бяспекі? Маўляў, увага, каля скрыжавання прыпаркаваныя машыны, кіроўца, будзь пільны! Тады, верагодна, п’яны ліхадзей убачыў бы экіпаж ДАІ здалёк і прынамсі скінуў бы хуткасць.
Увечары 26 лістапада жыхар Слуцка Валерый Беразоўскі перажыў самы жахлівы момант у сваім жыцці. У яго на вачах загінула каханая, Вольга Стралкоўская. Без маці засталіся двое дзяцей. У злачынстве падазраецца кіраўнік ДАІ Баранавічаў Андрэй Ваўкавыцкі. Паводле інфармацыі ад следства і відавочцаў, ён насмерць збіў Вольгу Стралкоўскую ў вёсцы Дарава.
Следчыя задавалі жыхару Слуцка Валерыю Беразоўскаму пытанне: дык былі ўключаны маячкі ці не?
Спрабуем высветліць гэтую інфармацыю.
«Вы думаеце, я па дадзеным пытанні вам нешта адкажу? Усе нюансы ўдакладняйце ва УУС Брэсцкага аблвыканкама», — не ідзе на гутарку Андрэй Пераход, начальнік тых самых ляхавіцкіх даішнікаў, якія дзяжурылі на скрыжаванні.
«А ў якой прычынна-выніковай сувязі экіпаж ДАІ з дарожным здарэннем? — здзіўляецца Ганна Банадык, старшы інспектар па асаблівых даручэннях ДАІ МУС Беларусі. — Раніцай дзяжурны дакладваў, што маячкі былі ўключаныя».
Наконт астатніх нюансаў рэспубліканскае ДАІ просіць звяртацца ў Следчы камітэт. А ў СК пра тыя ж маякі інфармацыю пакуль не ўдакладняюць. Магчыма, нешта паведамяць разам са звесткамі аб далейшых працэсуальных дзеяннях.
Аднак Валерый Беразоўскі кажа, што маячкі на аўтамабілі ДАІ ўключаныя не былі: «Яна стаяла на скрыжаванні, недалёка ад ліхтара. Але з дыстанцыі машыну бачна не было. Асабіста я ў першую чаргу ўбачыў супрацоўніка ДАІ, дзякуючы яго спецабмундзіраванню. Дык вось маячкі ўключаныя не былі. Што тычыцца габарытаў — не памятаю».
Паводле беларускіх законаў, інспектары сапраўды мелі права не ўключаць маячкі, бо знаходзіліся ў населеным пункце. Хай сабе і дрэнна асветленым. Магчыма, гэтая трагедыя прымусіць заканадаўцаў перагледзець правілы.
«У мяне нават ёсць фотаздымак яе курткі, на якой прышытыя флікеры»
«Калі мяне дапытвалі, то сказалі, што ў яе не было флікераў, — працягвае Валерый. — Я кажу: «Як не было!? Мы разам прышывалі гэтыя светлаадбівальныя палоскі. Насамрэч, у яе былі тры флікеры — на маланцы, якая зашпільвае куртку, і на бакавых кішэнях. Флікеры маленькія, але яны былі. У мяне нават ёсць фотаздымак, на якім адзін з флікераў добра бачны».
— Куртка ад самага пачатку прадавалася з гэтымі флікерамі?
Валерый: Не, мы наўмысна купілі ў краме метровую палоску. Яна прышывала гэтую тканіну на куртку мне і сыну. Кавалачкі гэтай палоскі ў яе прасунутыя ў сабачкі на замках і зашытыя.
Пра хуткасць, з якой рухаўся падазраваны Ваўкавыцкі
«У мяне пыталіся, з якой хуткасцю ён ляцеў. Я выказаў меркаванне, што, напэўна, каля 100 км/г, — разважае Валерый. — На гэта адзін з праваахоўнікаў мне запярэчыў: каб так адкінула чалавека, трэба ехаць з хуткасцю каля 160 км/г. На асфальце быў след крыві на 18 метраў, а да гэтага яна яшчэ ляцела ў паветры. Усяго ад удару Волю адкінула прыкладна на 30 метраў».
«Усё бачыў самы галоўны сведка. Калі мы пачулі ўдар, ён сказаў: «О, паляцела!»
У машыне ДАІ быў яшчэ адзін кіроўца, на якога складалі пратакол, распавядае Валерый.
«Ён усё добра бачыў, бо быў на пярэднім сядзенні. На яго складалі пратакол. Відавочна, што ў ДАІ ёсць дадзеныя гэтага чалавека. Ці дапытвалі яго следчыя, мне не вядома. Калі мы пачулі ўдар, ён сказаў: «О, паляцела!» Я і яшчэ адзін супрацоўнік ДАІ выскачылі з машыны. А другі — застаўся дапісваць пратакол. Дапісаў, адпусціў гэтага сведку, і тады выйшаў. Першы супрацоўнік у гэты час некуды тэлефанаваў. На дарогу не выставілі ні знакаў, нічога. На Волю пачала ехаць фура. Я кінуўся пад гэтую фуру, каб яе спыніць. Толькі тады яны пачалі ставіць знакі. Адзін супрацоўнік стаў у пачатку, другі — у канцы, разводзілі аўтамабілі на месцы здарэння».
Ужо былы кіраўнік баранавіцкай ДАІ Андрэй Ваўкавыцкі быў затрыманы. Хутчэй за ўсё, ён будзе змешчаны ў СІЗА. Па артыкуле 317 яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.