Рэцэнзія на кнігу. З пункту гледжання народнай праўды

0
Кніга слуцкага аўтара Анатоля Жука «1920 год на Случчыне»
Кніга слуцкага аўтара Анатоля Жука «1920 год на Случчыне»

Правамерна сказаць, што напісаная на высокім прафесійным (як гісторыка, так і краязнаўца) узроўні кніга слуцкага аўтара Анатоля Жука «1920 год на Случчыне» з`яўляецца годным унёскам у тэму мяцежнай Случчыны.
Аўтар у сваёй працы шырока скарыстоўвае матэрыялы перыёдыкі як таго часу, так і сённяшніх дзён, а таксама архіўныя дакументы, успаміны відавочцаў і ўдзельнікаў падзей 1920 года, энцыклапедычныя даведнікі і іншае. Невялікі па памеры гісторыка-краязнаўчы нарыс «1920 год на Случчыне» дакладна, дэталёва (даты, імёны, назвы ваенных фарміраванняў, картаграфічныя і ікона­графічныя матэрыялы) і адначасова маштабна і панарамна праз цярплівае разблытванне не такога ўжо і простага пытання паказвае пярэдадзень Слуцкага збройнага чыну, яго ход і ўсталяванне савецкай улады ў краі. І ўсё гэта падаецца ў кантэксце мясцовай, усебеларускай і маскоўска-варшаўскай імперскіх гісторый.

Ці ставіў перад сабой аўтар задачу паказаць праз чатырохвугольнік праўду на лініі «Народ — Свабода — Улада — Суседзі», невядома, але менавіта так, на мой погляд, у яго атрымалася. І ён гэта напоўніцу выдатна выканаў. Паўтараюся, на мой погляд.

Гаворачы пра пераважную большасць народа Случчыны, з тэксту кнігі (як і з пазіцыі сённяшняга дня) можна смела сказаць, што ён (народ) займаў пазіцыю неабходнасці самастойнага дзяржаўнага жыцця. «Нам не трэба ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў», — гучала на слуцкай зямлі. Насельніцтва не жадала аднаўлення тут польскай улады, а савецкая ўлада была страшная. Іх зверскія імперскія «зачысткі» беларусаў пераўзыходзілі ўсякія меры. Сялянства ж наогул з прыязнасцю сустракала весткі аб беларускім руху. Вось яно праяўленне народнай праўды! Гэта адзначалі і акупанты як з аднаго, так і з другога боку. Што ж тычыцца нацыянальнай свядомасці — патрыятызму — нацыяналізму (у лепшым сэнсе гэтага слова), гэта таксама зафіксавана фактамі гісторыі тых дзён. Ні палякі, ні маскоўцы не прызнавалі беларусаў як нацыю, а тым больш іх мову. Пад польскай акупацыяй вывескі-шыльды ў Слуцку вывешваліся па-польску, а пад расейскай — па-руску. А гэта ж ужо быў 1920 год, ужо па ўсёй Беларусі з 1905 года гучалі, звязваючы беларусаў у народ, словы Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых майстроў беларускага прыгожага пісьменства.

Реклама

Адносна ўзросту ўдзель­нікаў збройнага чыну — ён быў самы розны, але пераважала там у асноўным моладзь (глядзі імёны некаторых удзельнікаў таго чыну на стар. 104−116).

Так, яшчэ ў канцы 1919 года Янка Купала, азнаёміўшыся з першым нумарам слуцкай маладзёвай газеты «Наша каляіна» ад 15 кастрычніка гэтага года ў сваім артыкуле «Моладзь ідзе», які быў змешчаны ў газеце «Беларусь» ад 15 лістапада, пісаў: «Сягоння кожны, каму не атуманіла расейская і польская рэакцыя мазгоў, адчуе і разумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваннем сваёй незалежнай Бацькаўшчыны! Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!.. На бок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Усходу! Беларуская моладзь ідзе!» Сярод ваяроў Слуцкага збройнага чыну былі школьнікі, гімназісты, студэнты, рабочая і сялянская моладзь.

Свабоду, а не разбэшчанасць беларусы любілі і паважалі заўсёды і за яе часам ахвяравалі жыццём. І ці не таму жыхары Гародні (а яна была пад акупацыяй палякаў) перадалі слуцакам сцяг з надпісам: «Тым, хто пайшоў паміраць за свабоду». Канечне, лепш бы гарадзенцам (і не толькі ім!) самім узняцца і далучыцца да слуцакоў. Дык не, сядзелі як мышы пад венікам. У гэтым уся наша бяда. Ды і сярод слуцкіх ваяроў, на вялікі жаль, не было часам даверу адзін да аднаго, не заўсёды было адзінства і паразуменне. Ды яшчэ плюс да гэтага правакацыі палякаў. А ўлада, калі яна аўта­ры­тарная, тым больш та­та­літарная ў адносінах і да свайго насельніцтва, можна меркаваць, як яна ставілася і ставіцца да паняволеных, каланіяльных народаў.

Беларусы не ба­чылі ніякай розніцы паміж польскімі панамі з іх разбэшчанымі бандамі легіянераў, шляхецкіх сынкоў і ўпаўнаважанымі Масквы з іх дэвізам «Нязгодных — да сценкі». Гэта яны сваю злосць спаганялі на безабароннае, імі ж абрабаванае беларускае насельніцтва. Больш таго, акупанты знішчалі знакавых лю­дзей і прысабечвалі культурныя маёмасці Беларусі.

Трагічны лёс спасціг многіх удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, калі Польшча выдавала іх Саветам. Саветы каралі смерцю нават тых, хто быў супраць польскай акупацыі.

Суседзяў, як кажуць, не выбіраюць. Нам з імі не падвязло. Кожны паасобку (палякі і расейцы) прыгнечвалі наш народ. Калі ж была неабходнасць для іх, дык яны нават аб`ядноўваліся супраць нас. Польшча, Расія і прадстаўнікі паняволенай Украіны, не дазволіўшы сабе запрасіць Беларусь у Рыгу, падзялілі яе летам у 1921 годзе на Заходнюю (пад Польшчу) і Усходнюю (пад Саветы).

Пра ўсё гэта і многае іншае ў сувязі з 1920 годам на Случчыне даведаецца зацікаўлены чытач з гэтай кнігі. І ўсё ж сваю вялікую і рупную працу аўтар заканчвае на аптымістычнай ноце: «Слуцкі збройны чын 1920 года — адметная падзея ў гісторыі нашага краю, якая арганічна ўпісваецца ў працэс фармі­равання нацыянальнай свядомасці беларускага народа, сведчыць аб яго імкненні да незалежнасці і суверэнітэту».

Яўген Гучок, паэт, перакладчык, даследчык, ураджэнец Слуцка


Набыць кнігу Анатоля Жука «1920 год на Случчыне» можна ў Мінску ў магазіне «Акадэмкніга».

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии