Ці будуць у Слуцку заняткі «Мова Нанова» — вырашаць случчанам

1
Глеб Лабадзенка. Фота са старонкі labadzenka.by

У Слуцку могуць з’явіцца бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова».

Для гэтага патрэбна памяшканне, дзе будуць праходзіць заняткі і збірацца слухачы, а таксама два зацікаўленыя ў гэтым чалавекі-выкладчыкі: адзін — з філалагічнай адукацыяй і вопытам працы, другі - можна без адпаведнай адукацыі, але з добрым веданнем беларускай мовы.

Реклама

Аб гэтым карэспандэнту «Кур'ера» паведаміў журналіст Глеб Лабадзенка. Ён разам з філолагам Алесяй Літвіноўскай заснаваў курсы «Мова Нанова», якія праходзяць у 11 гарадах Беларусі.

Глеб Лабадзенка. Фота са старонкі labadzenka.by
Глеб Лабадзенка. Фота са старонкі labadzenka. by
«Ідэя ёсць заўсёды. Але курсы існуюць дзякуючы менавіта мясцовым жыхарам, якія бяруць на сябе ролю арганізатараў. Я закідваў гэтую думку знаёмым са Слуцка, аднак далей за размову справа не пайшла», — гаворыць суразмоўца і дадае, што яму вельмі хочацца, каб Слуцк, у ваколіцах якога прайшло яго дзяцінства, далучыўся да «Мовы Нанова».

Паводле словаў Глеба Лабадзенкі, у арганізатараў бясплатных курсаў шырокія кантакты з беларускамоўнымі артыстамі, цікавымі людзьмі розных прафесій. Напрыклад, калі на занятках была тэма «Цырульня», да слухачоў запрашалі беларускамоўнага цырульніка. Ён расказваў, як будуць гучаць на мове тэрміны і іншыя словы, звязаныя з гэтай дзейнасцю.

Нядаўна на курсах выступала Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа і Янкі Маўра, а таксама «суперзорка» — Міхась Міцкевіч, малодшы сын Якуба Коласа (яму зараз 90 гадоў).

«Мы праводзім розныя гульні, конкурсы, паказваем відэаролікі, запрашаем амаль на кожныя заняткі музыкаў», — дапаўняе журналіст.

На пытанне «Кур'ера» «Ці разглядаеце варыянт, што мясцовая ўлада Слуцка не дазволіць праводзіць бясплатныя курсы беларускай мовы „Мова Нанова“?» Глеб адказаў, што тэарэтычна яна гэтага зрабіць не можа, бо курсы афіцыйна зарэгістраваныя.

«Могуць адмовіць у памяшканні па розных прычынах. Я ўжо сустракаў беларусафобаў у некаторых гарадах, якія перашкаджаюць праводзіць заняткі ў канкрэтным памяшканні. Гэта людзі, якія не любяць беларускую мову. І, відавочна, не слухаюць прамовы прэзідэнта Беларусі, які неаднойчы казаў, што мы памрэм, калі страцім мову», — завяршае размову Глеб Лабадзенка.

Калі вы любіце беларускую мову, добра ведаеце яе і хочаце перадаць іншым, тэлефануйце: (8 025) 959 29 90, ці дасылайце ліст на vika@kurjer.info.

160916_mova_nanova

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Пространство 2015
Пространство 2015
16 сентября 2016 15:22

Хай будзе.