
Случчане ў сацыяльных сетках і ў СМІ выказваюць свае погляды і перакананні, што пара мяняць традыцыйны падыход у правядзенні масавых культурна-забаўляльных мерапрыемстваў у горадзе.
Такі пасыл актуальны ўжо толькі на падставе таго, што набліжаецца юбілей Слуцка і Дзень горада ў Салігорску. Акрамя гэтага, ёсць галоўнае — людзі, якія гатовыя дапамагчы мясцовай уладзе ў арганізацыі святаў.
Адна з іх — 24-гадовая случчанка Аліна Нагорная, грамадскі дзеяч. Дзяўчына перыядычна прапаноўвае работнікам культуры супрацоўніцтва, адпраўляючы ім заяўкі на правядзенне розных мерапрыемстваў.
Карэспандэнт «Кур`ера» пазнаёмілася бліжэй з Алінай Нагорнай і даведалася ў яе, якія культурна-забаўляльныя праграмы маглі парадаваць случчан. Суразмоўца назвала некалькі мерапрыемстваў за 2014–2016 гады, якія яна меркавала правесці, але не атрымала дазволу.

Вечары беларускай мовы. «У гэтым годзе я хацела арганізаваць у Слуцкай бібліятэцы два вечары беларускай мовы. Адзін — 21 лютага — прымеркаваць да Міжнароднага дня роднай мовы, другі — 4 чэрвеня — прысвяціць граматыцы Тарашкевіча. У заяўцы паказала іх актуальнасць, што яны спрыяюць папулярызацыі беларускай мовы — дзяржаўнай мовы нашай краіны. Адзначыла, што ёй пагражае знікненне, чаго нельга дапусціць.
Усю арганізацыю вечароў гатова была ўзяць на сябе. У праграме планаваліся: настольныя гульні на беларускай мове «Разам», «Паўстанцы», «Мова», акустычны выступ беларускамоўных груп. Усё гэта можна было арганізаваць без усякіх выдаткаў, таму што музыкі — мае сябры, людзі, неабыякавыя да Беларусі.
Два разы падавала заяўку, два разы мне адказвалі адмовай. Фармулёўка гучала прыкладна так: «Бібліятэка праводзіць усе мерапрыемствы згодна з гадавым планам-графікам. У сувязі з правядзеннем аднаго з іх, арганізаванага бібліятэкай, мы не можам даць вам памяшканне».
Я з самага дзяцінства наведваю нашу бібліятэку, якую мой дзядуля, будучы начальнікам аддзела культуры, «выбіў» для горада дзесьці ў 1966 годзе. Ён вельмі шанаваў родную мову.
Крыўдна, што людзі, не ідуць на кантакт, каб арганізаваць вечар беларускай мовы».
Уборка забруджанай тэрыторыі ў цэнтры Слуцка. «У канцы чэрвеня 2016 года, па нашых планах, у раёне «Чортавага моста» меўся адбыцца суботнік. У праграме мерапрыемства былі: уборка, гульні («Кракадзіл», «Ногі», «Мафія»), невялікі акустычны канцэрт, дыскусія з удзельнікамі пра тое, што мы можам зрабіць для горада ў плане экалогіі, пазначыць яшчэ месцы, якія трэба прывесці ў парадак.
На жаль, Слуцкі райвыканкам нам адмовіў. Сказалі, што прывядзенне ў парадак гэтай тэрыторыі горада ў планах Слуцкай ЖКГ».
Няўдалы open-air «Жывы Слуцк» у 2014 годзе. «За два тыдні да фэсту на адкрытым паветры на прыватнай тэрыторыі я праводзіла Купалле. Мы ні ў кога не прасілі дазволу, бо гэта праходзіла, паўтаруся, на прыватнай тэрыторыі і была толькі моладзь: сябры, сябры сяброў.
«Жывы Слуцк» арганізоўваў мой сябар. Свабодны мікрафон, фотасушка, фрымаркет, кінапаказ, канцэрт сталічнай групы — усё гэта прапанавалася ўвазе гасцей.
Але праз паўгадзіны пасля пачатку нашага свята прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама і сказалі, маўляў, усё, баста. Гэта прыватная тэрыторыя.
Па ідэі не павінна быць ніякіх заявак, бо з яе гаспадаром мы дамовіліся, ён быў не супраць. Для ўсіх — як для гасцей, так і для арганізатараў — стала нечаканасцю такое завяршэнне open-air».
Фестываль музыкі і агню. «6 верасня 2014 года ў Слуцку мог прайсці вялікі фестываль музыкі і агню, на які прыехалі б некалькі тысяч чалавек з розных гарадоў. Мы стварылі адмысловы сайт для гэтага мерапрыемства, дамовіліся з яго ўдзельнікамі, патрацілі свае асабістыя грошы на арганізацыю. У Слуцку мерапрыемстваў з такой праграмай яшчэ не было, а ў Беларусі фестываляў такога маштабу праходзіла не так ужо і шмат.
У цэнтры горада хацелі зрабіць кірмаш-продаж прадукцыі «хендмейд», дыскаў гуртоў-удзельнікаў, арганізаваць музей электроннай музыкі, чытанне вершаў, выставу слуцкіх і прыезджых мастакоў і фатографаў, канцэрт гасцей-артыстаў, выступ фаер-клубаў і не толькі.
Справа яшчэ ў тым, што 6 верасня — дзень нараджэння БРСМ. Мы са знаёмым прыйшлі ў БРСМ, сказалі, што хочам зрабіць у гонар іх свята такі фестываль. Ад мясцовых уладаў нам нічога не было патрэбна, толькі дазвол на правядзенне і арганізацыю бяспекі грамадскага парадку. Гэта значыць даць дзяжурных — супрацоўнікаў «101», «102», «103».
Спачатку нам далі «зялёнае святло», а літаральна за пару дзён адмовілі. Я так і не зразумела, але магу здагадвацца, хто мог на гэта паўплываць. Чамусьці ў Слуцку мерапрыемствы, прапанаваныя актывістамі горада, бракуюць».
У чым справа? Асабістае меркаванне. «На мой погляд, калі ты працуеш у бібліятэцы, павінен быць зацікаўлены, каб нешта карыснае і крэатыўнае адбывалася ў сховішчы кніг. Не разумею, што павінна быць у галаве ў чалавека, каб забараніць у беларускім горадзе вечар беларускай мовы. А работнікі культуры? Няўжо яны не заўважаюць, што з года ў год амаль адна праграма на святах? Артысты спяваюць пад фанаграму… Навошта за два тыдні да свята пачынаць рэпетыцыі на плошчы, каб усе гэта бачылі? Хоць мне здаецца, што ў нашых работнікаў культуры проста звязаныя рукі.
Паважаныя чыноўнікі, дайце ініцыятыўным людзям, калі ласка, правесці цікавае і карыснае мерапрыемства для жыхароў Слуцка. Абяцаем, што не будзем размахваць бел-чырвона-белым сцягам і гаварыць пра палітыку.
Калі мне патэлефануюць і скажуць: «Аліна, падключыся да арганізацыі або правядзі мерапрыемства», то, дзе б я ні была — у Баранавічах ці ў Мінску, — прылячу і арганізую. Але пакуль жадання супрацоўнічаць з вашага боку я не бачу. На жаль».

АДКАЗ УЛАДЫ. У гутарцы з карэспандэнтам «Кур’ера» супрацоўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама сказаў, што яны дзейнічаюць згодна з Законам «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».
Паводле яго слоў, калі чалавек, згодна з ім (законам), падаў заяўку і ў прапанаваным ім мерапрыемстве няма таго, што яго парушае, то яны даюць актывісту «зялёнае святло».
На пытанне «Якія парушэнні былі ў заяўках Аліны Нагорнай?» суразмоўца не змог адказаць: «Не ведаю. Не я даваў ёй адказ».
Вопыт суседзяў
Алена Антановіч, каардынатар праекта «Гарадскія ініцыятывы» (Салігорск), разам са сваёй камандай за апошнія два гады арганізавалі ў Салігорску некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў рознага маштабу і фармату. Гэта былі і ўтульныя акустычныя канцэрты ў бібліятэцы, і творчыя суботнікі ў лесе, і масавыя велапрабегі. Колькасць удзельнікаў вар`іравалася ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень. Усе мерапрыемствы насілі некамерцыйны характар і рабіліся на голым энтузіязме.
«Выдаткі пакрываліся са сваёй кішэні, дапамагалі сябры і знаёмыя, зрэдку спонсары, у асноўным мясцовыя індывідуальныя прадпрымальнікі.
Салігарчане актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх пачынаннях, прапануюць ідэі і супрацоўніцтва, чакаюць з нецярпеннем кожнага новага мерапрыемства», — распавядае дзяўчына.
Паводле яе слоў, у працэсе арганізацыі мерапрыемстваў яны сутыкаюцца з рознымі дзяржструктурамі. У першую чаргу гэта раённы выканаўчы камітэт, у прыватнасці аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
«Нам пашанцавала: салігорскія ідэолагі пастаянна ідуць насустрач грамадзянскім ініцыятывам. Галоўнае даказаць, што ты прыйшоў з добрымі намерамі. Таму атрымаць дазвол на правядзенне першых мерапрыемстваў было адносна лёгка, хіба што папрасілі зрабіць некалькі «паперак» з апісаннем сваіх праектаў. Ну а зараз наогул пытанні па ўзгадненні мерапрыемстваў мы можам атрымаць проста па тэлефоне, усё ж такі за два гады паспелі заваяваць некаторы давер», — тлумачыць Алена Антановіч.
Парады ад Алены Антановіч, як атрымаць дазвол
«Каб атрымаць дазвол на правядзенне мерапрыемства, трэба разумець, для чаго вы яго робіце, якія ў вас мэты. Калі гэтыя мэты носяць камерцыйны ці палітычны характар, то верагоднасць атрымаць адмову будзе вялікая. Калі ж вашыя ідэі празрыстыя і карысныя для горада, улады, хутчэй за ўсё, пойдуць насустрач. Аднак неабходна памятаць, што існуюць правілы. Недзе трэба напісаць заяву да начальніка таго ці іншага аддзела, недзе атрымаць пісьмовы дазвол, завераны пячаткай.
Карацей кажучы, прайсці праз бюракратычную машыну. Маленькая, але важная паперка можа каштаваць вам поспеху ўсяго мерапрыемства. Гэта стане гарантам таго, што ў нечаканы момант вас не разгоніць міліцыя».

Рад за солигорчан, а за Слуцк обидно, досадно….Действительно, такое впечатление, что слуцкая исполнительная — шпионы в тылу врага.)))
Потому что преемственность поколений власти. Это на долго…
Надолго:) Знаток:) Впрочем, на таких же и рассчитано…
Нууууу, не здзівіла дзяўчына аніяк! Новае — даўно забытае старое! У абарону работнікаў бібліятэкі скажу: яны больш крэатыўныя ў сталым узросце, чым гэта дзіця! Адны толькі вечарыны паэзіі ў ружовай зале чаго былі вартыя! А калі дзяўчо не ў курсе падзей, то гэта не азначае, што яны не адбываюцца і нічога не робіцца. І — цуд! прыдумалі суботнік! Дзіва дзіўнае! Ніхто ж і не падазраваў, што такое магчыма! Амерыку не адкрылі. А сваё стаўленне прадэманстравалі: калі зрабіў не я, то падзеі не было. Будзьце сціплымі, спадары, не лятайце ў аблоках і заўважайце працу іншых.
Сэнс у тым што зараз моладзі недаюць зрабіць нешта цікавае, правесці цікавыя мерапрыемствы, а тое што робіць кіраўніцтва горада разам з БРСМ выглядае панура, а людзей тупа заганяюць туды! Тое што прапаноўвала дзяўчына, каб адбылося, лічу, было б вельмі цікава!! Усе гэтыя мерапрыемствы што праводзіць бібліятэка можна нават і не рабіць! Сэнсу з іх, калі цікава толькі для саміх працаўнікоў бібліятэкі?? Планавыя… дамс… такое ўражанне што іх палкамі гоняць рабіць мерапрыемствы… А не дазволілі правесці вечар беларускай мовы, бо, па першае, не шануюць сваё, а па другое пужаюцца што ім потым па галовах настучаць, за тое, што яны не здольны… Подробнее »